Грамадства11

Адкрыццё выставы пра тытанаў беларускай дыяспары ў Мінску наведалі два былыя міністры замежных спраў ФОТАФАКТ

Дакумэнты з архіву Вітаўта і Зоры Кіпеляў прадставілі ў Менску напярэдадні VII Зьезду беларусаў сьвету. Фотаздымкі зь сямейнай калекцыі, школьныя дакумэнты і аўтографы дзеячаў эміграцыі — усё гэта можна пабачыць на выставе ў гонар 90-годзьдзя Вітаўта і Зоры Кіпеляў.

У мастацкай галерэі «Ўнівэрсытэт культуры», якая месьціцца ў Палацы Рэспублікі, адкрылася выстава «Зора і Вітаўт», прысьвечаная 90-годзьдзю актыўных дзеячоў беларускай эміграцыі на Захадзе.

Ад пачатку 1990-х і па сёньня іх прывозяць з ЗША і перадаюць у Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва.

Натальля Гардзіенка і Павал Сапоцька, дырэктар мастацкай галерэі «Ўнівэрсытэт культуры»

Ініцыятарам выставы была Натальля Гардзіенка, намесьніца дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва. Летась ужо ладзілася падобная выстава дакумэнтаў з архіву Янкі Запрудніка — яшчэ аднаго выбітнага дзеяча эміграцыі.

«Усё гэта каштоўнасьці ня толькі для эміграцыйнай культуры, але і для агульнай беларускай культуры», — сказала Гардзіенка.

Яна адзначыла, што сярод найбольш каштоўных экспанатаў можна назваць дакумэнты бацькоў Вітаўта і Зоры з пачатку XX стагодзьдзя, дакумэнты аб рэпрэсіях супраць іх. Тут ёсьць пасьведчаньні Вітаўта Кіпеля з школ трох краінаў: з расейскага Арла, Менску ваенных часоў і з пасьляваеннай Нямеччыны, дзе ён заканчваў гімназію імя Янкі Купалы. На стэндах можна пабачыць шмат сямейных фотаздымкаў, афіцыйныя дакумэнты з прыёмаў у амэрыканскіх прэзыдэнтаў.

Таксама тут ёсьць рукапісы, аўтографы Янкі Купалы і дзеячаў эміграцыі. І нават копія тастамэнту Ўладзімера Жылкі, якая захавалася дзякуючы сям’і Кіпеляў — бацьку Яўхіму Кіпелю.

На адкрыцьцё выставы прыехала дачка Вітаўта і Зоры — Алеся Кіпель. Яна нарадзілася і вырасла ў Амэрыцы. Цяпер працуе ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША. Алеся Кіпель зачытала кароткі зварот з нагоды адкрыцьця выставы.

Алеся Кіпель

«Шкада, што бацька сам ня змог прыехаць. Але ён ужо не такі малады. Тата рашыў, што лепей застацца дома і папрацаваць замест таго, каб стаміцца ў такой даўгой дарозе. Магу зацьвердзіць: як тата застаўся дома працаваць, дык гэта праўда. Назва ягонай кніжкі — «Жыць і дзеяць». Тата нават у ягоным веку дзеіць кожны дзень. Кожны дзень займаецца беларускай справай».

Алеся Кіпель і былы міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў

На адкрыцьцё выставы прыйшлі былыя міністры замежных спраў Беларусі: Пятро Краўчанка і Сяргей Мартынаў. Выступаў са словам Радзім Гарэцкі — аднагодак Вітаўта Кіпеля.

Адкрыцьцё выставы прымеркавалі да Зьезду беларусаў сьвету, які ў суботу і нядзелю пройдзе ў Менску. Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» акурат выступае адным з арганізатараў выставы. Валер Герасімаў, намесьнік старшыні «Бацькаўшчыны», нагадаў пра важную ролю эміграцыі ў разьвіцьці незалежнай Беларусі.

«Яны беларусы не па пашпарце, яны беларусы па духу, — сказаў Герасімаў пра Кіпеляў. — Такіх людзей прынята называць апосталамі нацыі і волатамі духу. І прыйдзе час, імёнамі такіх людзей будуць названыя вуліцы нашых гарадоў, паўстануць помнікі».

Пятро Краўчанка, Алег Трусаў і Уладзіслаў Завальнюк

Каментары1

Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу17

Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу

Усе навіны →
Усе навіны

У Рызе выявілі групу расейскіх інфарматараў з ліку грамадзян Латвіі, два з іх паспелі з'ехаць у Беларусь3

Трамп заявіў, што больш не абавязаны думаць пра мір, бо яму не ўручылі Нобелеўскую прэмію міру23

Калеснікава: Я не разумею, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША85

Асудзілі 33‑гадовую бухгалтарку з Брэста — імаверна, па справе Гаюна

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці ДТЗ у Грозным: загінуў кіроўца аўто, у які ўехаў картэж Адама Кадырава8

ДТЗ на МКАД: таксоўка ўрэзалася ў дарожную тэхніку, пацярпелі двое дзяцей

Якія гістарычныя аб’екты ў Мінску адрэстаўруюць у наступныя гады1

Аварыя на цепламагістралі ў Мінску — жыхары пяці раёнаў могуць застацца з халоднымі батарэямі4

Больш за 20 чалавек загінулі на поўдні Іспаніі ў чыгуначнай катастрофе5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу17

Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць