Меркаванні4747

Віктар Марціновіч: А чаго ты сала не ясі?

Фота Сяргея Гудзіліна

Урокі Радзімы: калі ў 22.53 на зімовыя святы ты ўзыходзіш на ганак сельскай крамы і бачыш, як з усіх кутоў пасёлка да цябе з раз’юшаным рокатам нясуцца фігуры мясцовых niggaz — не спяшайся пужацца. Будзь спакойны. Niggaz не збіраюцца цябе біць і рабаваць. Якой бы натуральнай ні выглядала такая здагадка з улікам пададзеных выразаў на твары. Не! Яны толькі спрабуюць паспець да закрыцця.

Адыдзі ўбачок і назірай за тым, як хлопцы нясуцца паўз цябе да запаветных шыхтаў з алкаголем. За тым, як ачалавечваюцца іх твары па меры ўсведамлення таго, што паспелі! Будзь пэўны: выходзіць яны будуць няспешліва і ганарыста, як знаныя дэндзі. Гэта будзе каранацыйны шпацыр, а не выхад. У іх можна нават папрасіць запаліць і не атрымаць у голаў.

Другі ўрок: калі за сталом у Беларусі да цябе, не мясцовага, звяртаецца гаспадар і пытаецца, чаму ты, сэр, не ясі ягонага сала, — гэта пытанне не гастранамічнага характару.

Гэта пытанне пра ўсё.

Ці ты чалавек і, калі чалавек — дык які чалавек. І не дай табе Усявышні бразнуць нешта пра веганства, пра шкоду халестэрыну ці — тым болей! — дастаць тэлефончык і працытаваць Вікі пра тое, што свіное сала багатае на транстлушчы, і гэта робіць яго «смяротна небяспечным для сэрца і сасудаў». Ты можаш думаць так. Ты можаш нават быць веганам, урбаністам, перформерам і абаронцам правоў жывёл. Але пасля таго, як устанеш з-за стала і адыдзеш ад хаты з салам на бяспечную адлегласць. Бо калі ты, замест таго каб зрабіць адзіны прымальны крок — адрэзаць лусту і запіхаць у рот, — пачнеш казаць, чаму не ясі сала, з табой здарыцца роўна тое, што, ты думаў, з табой мусіла здарыцца там, на ганку вясковай крамы ў 22.53.

Аднойчы на гары Арагац у Арменіі я адмовіўся пакаштаваць віна вінаградараў з Эйчміядзіна. Яны сядзелі ў шатры пад нацягнутым паміж дзвюма белымі «Волгамі» лістом цэлафану і гасцінна нацадзілі мне віна, калі я наблізіўся да іх спытацца пра дарогу. Пра сваю памылку я ўспамінаю да гэтых часоў, хаця мяне тады не білі.

Сказаць «не» на прапанову пакаштаваць сала ў Беларусі нават горш, чым адмовіцца ад хатняга віна ў Закаўказзі.

«Выхад сала» на беларускім застоллі можа быць розным.

Самы неўрачысты — калі вам проста сыпанулі з патэльні скварак да паранай бульбы. Скваркі можна пагрызці ды сплюнуць у жменю, ніхто не зверне ўвагі. Калі сала пакрышанае саломкай у якасці халоднай закускі, трэба ўзяць некалькі трэсачак, кульнуць чарку і абавязкова загрызці цыбуляй. Ці долькай часнаку.

Калі ў вас былі планы пасля застолля пашаптацца за печкай пра «Зорку Венеру» з дачкой гаспадара, забудзьцеся. Сала заўсёды — антонім сэксуальнасці. Яго нельга проста з’есці і пайсці на дзелавую сустрэчу. Праглынанне сала — гэта грэх, падзенне, жарсць і загана. Гэта замена інтыму, якая цалкам выключае гарадскія пяшчотачкі апасля. Саўдзельнікі сала — часнок, цыбуля, чорны хлеб. Пасля таго як пакаштаваў сала, трэба ладна праспацца перад тым, як спрабаваць чытаць «Зорку Венеру» людзям, якія цябе цікавяць. Цалавацца пасля сала з цыбуляй можна спрабаваць хіба што з катом.

І вось, ведаючы ўсё гэта, адмаўляць салу катэгарычна няможна. Калі вы дайшлі да самай урачыстай сутычкі з салам і пабачылі, як гаспадар, як сама царыца ў залатой кароне, нясе да стала вялікую белую лусту, ганарліва дэманструе яе з усіх бакоў, паказваючы рыжыну, а потым рэжа напапалам (чамусьці ў вёсках гасцявы шмат сала абавязкова трэба разрэзаць менавіта пасярэдзіне) і дае вам драбіну — тую драбіну трэба з удзячнасцю праглынуць.

Гэта прычашчэнне, праверка, наколькі ты не басурманін, а свой, наш, родненькі. Над сталом звычайна павісае цішыня: ці возьме? Ці правільна возьме? Ці ведае гэты гарадскі, як сала есці? Ці хрумсне цыбуляй?

Ці памаўчыць? Жаваць сала трэба з адпаведным выразам на твары. Памятайце: вас не сушы пачаставалі. Не хамонам, не raw steak. І не — цьфу ты ну ты — карпачам! Не трэба закочваць вочы ці цокаць языком. Паклалі ў рот, упіліся зубамі, размалацілі, глытнулі. Разам са шкарубкай, бо не ядуць скуру толькі разбэшчаныя фіфы. Пасля пайгралі жаўлакамі дзесяць секунд, памаўчалі пахмурна, нібы ўслухоўваючыся ў адчуванні ў вантробах, ды выдалі лаканічна. Без выразу. «Ну, нармальна». Пасля гэтага хата агалосіцца шумам, усе пачнуць распавядаць анекдоты, ці абмяркоўваць дзяцей Галкіна і Пугачовай. Тады можна расслабіцца. Праверку прайшоў. Што б там табе ні трэба было ад людзей у хаце — дапамогуць. Бо ты — свой. Адным салам мазаны.

Я не веру, што дранікі — візітоўка нашай кухні. Мне цяжка ўявіць продкаў, якія, таўкучыся ля печы, дралі бульбу, каб накарміць сям’ю.

Калдуны, бульбяная бабка, клёцкі — усё гэта занадта складанае, штучнае, гарадское. Зранку — яечня са скваркамі. На абед — бліны, але не рускія, нашы: з мачанкай, з распушчанай лыжкай смятаны сярод прысмажанага сальца. У кожнай хаціне ў сенцах — куфар, у якім з зімы да жніўня зберагаюцца бялявыя шматы: на марлі, скурай уніз, у падушцы з солі. У ліпеньскую задуху харчовы скарб можа пражоўкнуць — сапсаванае са скрухай адсякаюць.

Калі я выходзіў падпаскам у поле, мне ў торбу клалі: чацвярцінку чорнага хлеба, палову цыбуліны, варанае ўкрутую яйка ды загорнуты ў газету кавалачак сала. Невялікі, з дзве каробкі запалак. Хапала на ўвесь доўгі летні дзень. Прыйшоўшы з чарадой — вялікі кубак сырадою, і можна спаць. З канікул заўсёды вяртаўся раздабрэўшы.

Сала і да сёння ёсць амаль у кожнай лядоўні. Смяротна небяспечнае для сэрца і сасудаў. Не веганскае. Не сучаснае. Заганнае. Не заўсёды смачнае.

У яго няма аналагаў у свеце, бо ў нямецкім шпіку больш мяса, чым тлушчу, а амерыканскі бекон яшчэ і падвэнджаны. Але ёсць адчуванне, што і ў 2200 годзе, падчас застолля мінчан на 130-м паверсе пабудаванага аманцамі жыллёвага комплексу на мяжы Чайнатаўна, пытанне «А чаго ты сала не ясі?» будзе задавацца ўсё з той жа сумессю падазрэння і крыўды.

Каментары47

Цяпер чытаюць

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара11

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара

Усе навіны →
Усе навіны

«Петэн Нацыянальнага Адраджэння». Баркоўскі адказаў Пазняку ад імя «псеўдаапазіцыі»102

Былога міліцыянера, які вярнуўся з Кеніі і вёў блог пра Афрыку, асудзілі за «распальванне варожасці»1

Выпускніца, якая набрала 400 балаў па ЦТ у 2021-м, пераехала ў Расію і нахвальвае Маскву22

З'явілася новае ВІДЭА спецаперацыі СБУ «Павуцінне»: з камеры, замацаванай на самім дроне1

«Мы зноў сутыкаемся з маніпуляцыямі». Украінцы адказалі на расійскія абвінавачванні ў зацягванні абмену целамі і палоннымі

Беларуская блогерка крыкам і лаянкай рэкламуе брэнды — затое збірае мільёны праглядаў10

Расіяне вязуць у Беларусь тысячы целаў забітых вайскоўцаў для абмену3

На полі пад Барысавам заўважылі пад сотню буслоў ВІДЭА3

Астравецкі раён абышоў Мінск па заробках

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара11

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць