Наталля Эйсмант: 30% на ТБ мае быць не беларускай мовы, а кантэнту беларускай вытворчасці
Кіраўніца адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Натальля Качанава расказала на сустрэчы з калектывам кампаніі «Беларуськалій» аб тым, што ў краіне пастаўленая задача «аб наяўнасці не менш як 30% кантэнту на беларускай мове», паведаміла газета «Калійшчык Салігорска».

Але прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант абвергла гэтую заяву ў каментары Свабодзе.
Згодна закону «Аб СМІ», расказала яна, гаворка ідзе пра 30% нацыянальнага кантэнту — фільмаў і перадачаў, створаных у Беларусі. А ў кантэксце гэтага «можна разлічваць і на тое, што беларуская мова будзе выкарыстоўвацца часцей».
На ўдакладненне аб наяўнасці нейкай іншай квоты на беларускую мову на ТВ яна адказала: «Канешне не, няма». На думку Эйсмант, журналісты, якія перадавалі словы Качанавай, нешта наблыталі.
У пункце 1.9 артыкула 15 закону «Аб СМІ» вызначаецца, што сродку масавай інфармацыі могуць адмовіць у дзяржаўнай рэгістрацыі, калі «аб'ём тэлеперадачаў, аўдыёвізуальных твораў, іншых паведамленняў і (або) матэрыялаў беларускай (нацыянальнай) вытворчасці ў штомесячным абʼёме вяшчання тэлевізійных сродкаў масавай інфармацыі складае менш за 30%» — рэдакцыя абавязаная забяспечыць прынамсі такую долю нацыянальнага кантэнту, калі іншае не вызначана міжнароднымі дамовамі.
Каментары