Усяго патроху

У старую Горадню ў госьці

Горадня – адзіны ў Беларусі горад, які зацята супраціўляецца спробам зрабіць зь яго вялікі аграгарадок, кшталту Менску ці Воршы. Піша Андрэй Павач.

Горадня – адзіны ў Беларусі горад, які зацята супраціўляецца спробам зрабіць зь яго вялікі аграгарадок, кшталту Менску ці Воршы. Піша Андрэй Павач.

Вы, здаецца, сказалі, што хочаце гэтым летам наведаць Горадню. Чаму б і не, жаданьне вельмі добрае, паспрабую прапанаваць колькі сваіх думак тым, хто ўсё ж такі наважыцца такую вандроўку ажыцьцявіць, тым больш што як гарадзенец маю на гэта права.

Ну, пачнём з таго, што галоўную падзею гарадзенскага лета 2006-га вы ўжо прапусьцілі. Фэстываль нацыянальных культураў скончыўся літаральна ў нядзелю. Так што ўбачыць адначасова 40 тысяч гарадзенцаў, якія, добра падвыпіўшы, ноччу штурмавалі Замкавую гару, каб лепш бачыць гучна разрэклямаванае, а насамрэч даволі паскуднае «лазэрнае шоў», вам не давядзецца. Але, як напісаў у сваіх успамінах Васіль Быкаў, Горадня – гэта места, дзе добра людзям, якія мараць не аб мітусьні, а прагнуць жыцьцёвага супакою. Таму на гарадзенцаў глядзець і ня варта, галоўным аб’ектам сваіх назіраньняў зрабеце саму Горадню, бо Горадня, што бачна і ў яе назьве, – сапраўдны горад, магчыма, адзіны ва ўсёй сучаснай Беларусі, які зацята супраціўляецца спробам зрабіць зь яго вялікі аграгарадок кшталту Менску ці Воршы. Супраціўляецца сам, не жыхарамі, якія, трэба прызнаць, мала ведаюць і разумеюць горад, супраціўляецца сваімі вуліцамі, пляніроўкай, касьцёламі і цэрквамі, не даючы рэалізаваць бязглуздыя ідэі занадта актыўных апошнім часам будаўнікоў.

Маю да вас дзьве парады. Па-першае, пастарайцеся папярэдне начытацца аб Горадні і яе помніках, бо ў горадзе ніякага вартага даведніка вы ня купіце. У Інтэрнэце ёсьць пара сайтаў, хоць бы harodnia.com, дзе вы зможаце знайсьці некалькі кніг па гісторыі архітэктуры Горадні, галерэі старых паштовак, а таксама даведаецеся шмат аб сёньняшнім дні гораду, найперш аб яго гэтак званай «рэканструкцыі», каб ня вельмі спужацца, калі выйдзеце на старую Рынкавую, а зараз Савецкую плошчу, бо так, як зараз, яна выглядала хіба што летам 1941 г. пасьля нямецкае бамбёжкі.

Папрацаваўшы з крыніцамі, вы зможаце зрабіць адзін ці некалькі маршрутаў па Горадні, што выгодна розьняцца ад стандартнага: Стары Замак – Новы Замак – Плошча – Каложа.

Напрыклад, паводле таго самага сайту, можна павандраваць сярод гарадзенскіх архітэктурных помнікаў эпохі канструктывізму, якіх ва ўсёй Заходняй Беларусі засталося мала і шмат якія зь іх у Горадні будуць зьнішчаны ўжо гэтым летам.

Або, напрыклад, вандроўка па мясьцінах гораду, зьвязаных зь беларускім нацыянальным рухам, бо Горадня – гэта ня толькі каралеўская сталіца, але і горад Кастуся Каліноўскага, другая сталіца Беларускай Народнай Рэспублікі, горад Браніслава Тарашкевіча і Зоські Верас.

Што да музэяў – варта наведаць музэі ў гарадзенскіх замках і дом-музэй М.Багдановіча. Экспазыцыя ў замках старая і даволі занядбаная, як і самі замкі («росквіт і стабільнасьць незалежнай Беларусі» сюды яшчэ не дабраліся і наўрад ці дабяруцца), але экспанаты ўнікальныя. Домік Багдановіча ўтульны, цёплы і вельмі прыгожы, менчукам будзе як параўнаць гэты музэй зь менскім. Дарэчы, на старых гарадзенскіх могілках па вул.Антонава пахавана маці паэта, там жа знайшла вечны супакой і Эліза Ажэшка.

Парада другая – ня едзьце ў Горадню зь якой-небудзь экскурсіяй. Дзьве гадзіны па горадзе на аўтобусе, галопам па музэях – вось усё, што застанецца ў вашай памяці. Твар Горадні (дарэчы, як і Вільні, Кракава і любога старога эўрапейскага гораду) – не касьцёлы і замкі. Гэта найперш вулачкі, закуткі гораду, якія, дарэчы, і зьмяняюцца найменш, бо там ня ставілі помнікаў героям грамадзянскай вайны і не рабілі пляцаў для першамайскіх дэманстрацыяў.

Нельга таксама забывацца і пра гарадзенскія ваколіцы, якія вы літаральна за два дні можаце аб’ехаць маршрутным аўтобусам ці таксоўкай. Праўда, да знакамітага Аўгустоўскага каналу ехаць пакуль ня раджу, бо той, хоць і быў абвешчаны супэртурыстычным аб’ектам, працягвае заставацца ў памежнай зоне зь Літвою, і вы лёгка можаце стаць здабычай беларускіх памежнікаў.

Можаце даехаць да Сьвяцку зь яго паркам і цудоўным палацам XVIII стагодзьдзя, які зачынены пасьля высяленьня адтуль санаторыі.

На поўдзень – гэта найперш мясьціны з жыцьця Элізы Ажэшкі: нёманская Сьвіслач і Багатырэвічы, дзе пісьменьніца стварала свае раманы. А адтуль недалёка і да Воўпы і Гудзевіч. У Воўпе велізарны (самы вялікі ў Беларусі) драўляны касьцёл XVIII ст. з аўтаром, уфундаваным Сапегамі; у Гудзевічах беларускі музэй, без сумневу, самы беларускі з усіх музэяў краіны, дзе вы зможаце ўбачыць рэчы, пра якія Менску толькі марыць. Паміж Воўпай і Гудзевічамі – парэшткі маёнтку Міклашэвічы, радзімага гнязда Ларысы Геніюш.

Гэта так, вельмі каротка і павярхоўна, а калі ўвогуле адным словам – проста «прыяжджайце», пахадзіце па ГОРАДні, пастойце на мурах Старога замку, дакраніцеся да сьцяны Каложы… Адчуйце, што ГОРАДня – гэта ня спальныя раёны Менску і не мэтро, дакажыце ёй, што яна патрэбна ўсім беларусам, і ГОРАДня дапаможа нам, бо гэта адзін з тых нешматлікіх зараз мастоў, што лучаць нас з сапраўднай Эўропай. Прыяжджайце ў Горадню гэтым летам – і зімовым вечарам недзе паміж станцыямі менскага мэтро «Плошча Якуба Коласа» і «Акадэмія навук» вам у галаву прыйдуць словы Зоські Верас: «Чую Горадню, адчуваю павеў маладосьці, а ці не паехаць мне ў гэтую старую Горадню ў госьці?»

Беларускія мясьціны Горадні

Горадня – ня толькі каралеўская сталіца, але і горад Кастуся Каліноўскага, другая сталіца Беларускай Народнай Рэспублікі, горад Браніслава Тарашкевіча і Зоські Верас. Знаўцы могуць арганізаваць для вас цікавую вандроўку па мясьцінах, зьвязаных зь беларускім нацыянальным рухам.

Гарадзенскія ваколіцы

Літаральна за два дні вы можаце аб’ехаць гістарычныя і прыродныя каштоўнасьці ваколіцаў Горадні на маршрутным аўтобусе, таксоўцы, ня кажучы пра сваё аўто.

Сьвяцак – зь яго паркам і цудоўным палацам XVIII стагодзьдзя.

Сьвіслач і Багатырэвічы – мясьціны з жыцьця Элізы Ажэшкі, дзе пісьменьніца стварала свае раманы.

Воўпа – самы вялікі ў Беларусі драўляны касьцёл XVIII ст. з аўтаром, уфундаваным Сапегамі.

Гудзевічы – беларускі музэй Алеся Белакоза.

Міклашэвічы – радзімае гняздо Ларысы Геніюш.

Фота Юліі Дарашкевіч

Каментары

Цяпер чытаюць

«Беларусы дастаткова мудрыя, каб чакаць». Севярынец выступіў у Вільні2

«Беларусы дастаткова мудрыя, каб чакаць». Севярынец выступіў у Вільні

Усе навіны →
Усе навіны

«Прыязджаюць у радзільню ў стане ап’янення». Кіраўнік Кузбаса, дзе адбылася масавая смерць немаўлят, абвінаваціў мам11

У Давосе пачалася сустрэча Зяленскага і Трампа

Што вядома пра 27‑гадовага загінулага добраахвотніка Аляксея Лазарава3

Грамадзянка Індыі, якая захрасла ў Беларусі, заўтра вылеціць на радзіму1

У Польшчу з Германіі вярнуўся вывезены нацыстамі архіў з пячаткамі Вітаўта і Ягайлы7

У 10 гарадах Гродзенскай вобласці цяпер можна расплаціцца агульнай картай «Бусел»

Былы кіраўнік «Укрэнерга» загінуў ад удару току. Ён наладжваў сістэму пасля расійскіх удараў2

Трамп падпісаў статут Рады міру6

Стала вядома, каму належыць новы «незалежны» партал, адкрыты ў Беларусі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусы дастаткова мудрыя, каб чакаць». Севярынец выступіў у Вільні2

«Беларусы дастаткова мудрыя, каб чакаць». Севярынец выступіў у Вільні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць