Увечары 22 студзеня ў Крамлі пачаліся перамовы паміж Расіяй і ЗША па пытанні завяршэння расійска-ўкраінскай вайны, паведамляе ТАСС.

З амерыканскага боку ў сустрэчы ўдзельнічаюць спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф, бізнэсмен і зяць Дональда Трампа Джарэд Кушнер, а таксама камісар Федэральнай службы закупак Джош Грунбаўм.
З боку Расіі ў перамовах удзельнічаюць сам прэзідэнт Уладзімір Пуцін, ягоны памочнік Юрый Ушакоў і спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі Кірыл Дзмітрыеў.
Як паведамляе ТАСС, акрамя абмеркавання заканчэння вайны, бакі плануюць абмеркаваць магчымасць запрашэння Расіі ў Раду міру, створаную Трампам, і магчымую будучыню часткі расійскіх актываў, якія былі замарожаныя ў ЗША.
Па выніках сустрэчы памочнік Пуціна Юрый Ушакоў правядзе тэлефонны брыфінг для журналістаў.
У гэты ж самы дзень, 22 студзеня, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правёў перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Давосе. Сустрэча доўжылася каля гадзіны. Пасля яе Трамп адзначыў, што гэта была «добрая сустрэча», і што «ўсе хочуць, каб вайна скончылася». У Кіеве паведамілі, што Зяленскі правёў «прадуктыўную і змястоўную» сустрэчу.
Пасля сустрэчы Зяленскі паведаміў, што 23—24 студзеня ў Абу-Дабі плануюцца перамовы з удзелам дэлегацый Украіны, Расіі і ЗША. Паводле Financial Times, ініцыятарам трохбаковай сустрэчы выступаюць ЗША, Украіна падтрымала гэтую ідэю, а Расія пакуль не дала згоды. Вечарам 22 студзеня Зяленскі адзначыў, што дэлегацыя Украіны ўжо накіравалася ў ААЭ.
Каментары
Ничего не изменится.
Мне ли не знать эту публику?