Тэатр

Істэрычны тэатр Юркі Дзівакова: «Павятовы лекар», Кафка ў Гомелі

У рамках праграмы Belarus Open тэатральнага фестывалю «Тэарт» у Мінску паказалі спектакль Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра «Павятовы лекар». Апавяданне Франца Кафкі на сцэне пераўвасобіў рэжысёр Юрка Дзівакоў. Уражаннямі ад спектакля з чытачамі «Нашай Нівы» дзеліцца крытык Аляксей Стрэльнікаў. 

Гісторыя пра сельскага доктара, які не дае рады ні сваёй працы, ні жыццю ўвогуле, архетыповая. Чэхаў, Булгакаў, Кафка вельмі па-рознаму апісвалі прыкладна адно і тое ж: навука і медыцына ўзброілі чалавека, каб перамагчы хваробу, але сама прырода чалавека (не толькі пацыента, але і самога доктара, і нават шырэй — прырода грамадства) перашкаджае таму, каб перамога гэта была канчатковай.

Гэты спектакль цікавы сваёй сцэнаграфіяй (зрэшты, усе спектаклі Юркі Дзівакова цікавыя візуальна). Тут адметнасць працы мастачкі Таццяны Дзіваковай у тым, што яна не проста задала атмасферу прасторы, але на сцэне стаіць умоўная пабудова з нізкімі норкамі-дзверцамі і невялічкімі акенцамі, праз якія артысты з’яўляюцца і раз-пораз стасуюцца.

І мітуслівасць рухаў герояў, як быццам у свіней у свінарніку, збівае нейкую пафаснасць, якая цалкам натуральна магла ўзнікнуць у выніку таго, што сама тэма перамогі над смерцю гучыць досыць высакародна.

Але тут важна захаваць істэрычны стыль Кафкі, які нібыта захлынаецца ў сваім расповедзе аб шараговым «дарэмным» візіце павятовага лекара да пацыентаў. Дзівакову, відаць, вельмі цікавая мяжа паміж унутраным светам асобы і знешнім светам — праўда ці мроя, рэчаіснасці ці хвароба, — і вось гэтая мяжа ў «Павятовым лекары» размываецца менавіта праз аповед ад першай асобы. Фабула нават не такая складаная, але абвостраным успрыманнем, надумлівасцю героя (а ў першую чаргу, вядома, аўтара) кожная невялікая дэталь пачынае набываць велізарнае значэнне, яе ўяўнасць засланяе ўмоўную абʼектыўную праўду жыцця, спрачаецца з ёй.

Напрыклад, на самым пачатку герой бачыць, як конюх, што справіў яму коней у дарогу, ліпне да маладой дзяўчыны Розы (у спектаклі яе пераклалі як Ружу, напэўна, для большага сімвалізму), ён не хацеў яе пакідаць разам з мужчынам, але коні нечакана хутка давезлі яго да пацыента. І ўсё апавяданне ён пакутуе ад таго, што пакінуў яе, ахвяраваў дзеля няўдзячных людзей. І гэтыя сапраўдныя ці ўяўныя пагрозы нібыта падмяняюць сабой сапраўдную гісторыю.

«Паслухаўся лжывай трывогі майго начнога званочка — і нічога ўжо не выправіш», — заканчвае сваё апавяданне Кафка. Einmal dem Fehlläuten der Nachtglocke gefolgt — зʼяўляецца адным з самых знакамітых афарызмаў Кафкі, які, дарэчы, не так лёгка перакласці. Ілжывыя, фальшывыя званочкі, трывогі, якія ён адчуваў ледзьве не скурай, цяпер зрабіліся яўнымі агульнымі фобіямі.

Вельмі цікава назіраць, як Дзівакоў ладзіць на сцэне дзею з вялікай колькасцю акцэнтаў увагі, ірваным рытмам, як выкарыстоўваецца гук і пластыка — усё накіравана, каб гэтую самую трывожнасць перадаць. З самага пачатку глядач нібыта распляжаны інтэнсіўнай дзеяй. Але ў пэўны момант я злавіў сябе на адчуванні, што я напружана сачу за сюжэтам, настолькі выразна выявілася на сцэне структура канфлікту. Пратаганіст у насычаным і выразным выкананні Змітра Попчанкі, нібыта герой фільмаў пра каратэ, змагаецца з фурыямі, якія ўвасабляюць хваробу ці смерць. Гэта і ёсць «сапраўдная гісторыя», і для Юркі Дзівакова няма быццам бы пярэчання паміж ілжывымі трывогамі героя і яго змаганнем са смерцю, яны як бы зʼяўляюцца часткай аднаго вялікага сусветнага шуму. Мы чуем гэты шум, але і самі ў нечым зʼяўляемся часткай гэтага шуму.

Можна дадаць, што пʼяныя споведзі ўмоўнага доктара Астрава ці змаганні з морфіем доктара Палякова маюць тыя ж карані, што і адчай кафкаўскага «павятовага лекара». І нават тыя, хто карнавальную эстэтыку спектакляў Юркі Дзівакова не прымае, мусяць пагадзіцца, што з унутраным разладам змірыцца цяжка, як цяжка адрозніць сапраўдныя трывогі ад дарэмных і лжывых. Абсурд і сцэнічныя гіпербалы робяць іх настолькі яўнымі, наколькі неабходна, каб наважыцца ім супрацьстаяць.

Дзіўным чынам візіянерскі, пачуццёвы, істэрычны тэатр Дзівакова цалкам можа быць часткай узважлівага рацыянальнага светаўспрымання.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

Усе навіны →
Усе навіны

Як адрозніць часовае выпадзенне валасоў ад аблысення? Тлумачыць трыхолаг

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней23

Лукашэнка расказаў, што карова павінна стаяць у палацы і кожнаму неабходна «хоць па дзве баразёнкі» бульбы пасадзіць20

У Кіеве ўжо каля 100 пацярпелых падчас начнога ўдару1

Ізраіль забіў і новага кіраўніка Генштаба арміі Ірана. Ён займаў пасаду пару дзён7

У Мінску знікла пенсіянерка. Аказалася, што яна па просьбе «следчых» стала кур’ерам махляроў 

Якія банкі гатовы ўзяць у вас не самыя ідэальныя купюры

Што цяпер з архівам КДБ аб рэпрэсіях у БССР, які змаглі здабыць былыя сілавікі? Калі яго апублічаць?51

Беларускі піяніст узяў адразу тры прызы на конкурсе ў Валенсіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць