Грамадства66

Мінчук з хваробай сэрца не прыйшоў у ваенкамат. Яму далі 3825 рублёў штрафу

Фота Сяргея Гудзіліна

Мінабароны тлумачыць, чаму так атрымалася і што рабіць, каб такога з вамі не адбылося, піша Радыё Свабода.

Прыроджаная хвароба сэрца

Жыхару Менску Мікалаю Каленіку 22 гады. У 2015 годзе ён атрымаў адтэрміноўку ад войска на два гады, бо мае хваробу сэрца. Сёлета Мікалай акурат трапляў на веснавы прызыў. Маючы на руках позву ў кастрычніку 2018 году, Мікалай пайшоў у ваенкамат праходзіць мэдкамісію. Там у хлопца забралі вайсковы білет, зрабілі УГД і сказалі: «Да службы прыдатны».

«Я быў перакананы, што сына не забяруць у войска, як ён можа быць прыдатны да службы? — дзеліцца са Свабодай Павал, бацька хлопца. — У 20 гадоў ён хацеў паступаць у Акадэмію МУС, яго там забракавалі. Сказалі, што здароўе непрыдатнае. Я яму тады і кажу, давай яшчэ самі праверымся».

Мікалай Каленік на просьбу бацькі пайшоў у паліклініку і зрабіў яшчэ адно УГД самастойна. Яно пацьвердзіла, што прыроджаная хвароба сэрца нікуды не падзелася. Каленікі вярнуліся ў ваенкамат, які прызначыў хлопцу паўторную камісію. Яна зноў прызнала Мікалая прыдатным да службы.

«Я тады скаргу на імя ваенкома напісаў, каб сына ў шпіталі абсьледавалі больш дэталёва, — працягвае Павал Каленік. — Мне з ваенкамата напісалі, што трэба зьвяртацца да галоўнага лекара 3-га клінічнага шпіталя. А прызыў канчаўся ўжо. На 18 красавіка 2019 сына выклікалі ў ваенкамат здаць адбіткі пальцаў. Але сын ня змог прыйсьці: не адпусьцілі з працы. У выніку на яго завялі крымінальную справу за адхіленьне ад службы. Я хадзіў у ваенкамат сам, тлумачыў сытуацыю».

У ваенкамаце Каленікам, кажуць яны, не паверылі. Адбыўся суд, які вырашыў пакараць прызыўніка 3825 рублямі штрафу. Прысуд прызыўнік абскардзіў, разгляд скаргі адбудзецца 10 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе. Штрафу Каленікі пакуль не плацілі, спрабуюць яшчэ раз самастойна праверыцца ў дактароў.

«Пра такое я падумаць нават ня мог»

«У мяне з сэрцам праблемы з 15 гадоў, — расказвае Свабодзе сам прызыўнік. — Абмяжоўвалі заняткі спортам. У Акадэмію МУС не ўзялі, калі я хацеў паступіць. А тут сказалі ў ваенкамаце, што я годны. Па адным УГД вырашылі».

Мікалай сьцьвярджае, што служыць не адмаўляецца. Аднак кажа, што калі яму з 15 гадоў абмяжоўвалі заняткі спортам, значыць можна падазраваць і непрыдатнасьць да службы ў арміі. Хлопец настойвае, што мэдыцынская камісія падышла да агляду павярхоўна.

«Я там проста ў кабінэце спытаў, як магу аспрэчыць вынікі прызыўной мэдыцынскай камісіі, мне ніхто толкам нічога не патлумачыў, — сьцьвярджае прызыўнік. — Напісаў у свабоднай форме скаргу, якую потым на судзе да матэрыялаў справы не далучылі. Выпісалі мне позвуу 16-га, што я 18-га павінен прынесьці адбіткі пальцаў. Я, калі паступаў у Акадэмію МУС, адбіткі ўжо здаваў. Сказаў, што іх можна там узяць. Яны не пагадзіліся, тады я пайшоў у РУУС, але там ужо было позна і адбіткаў я ня здаў. На наступны дзень трэба было працаваць, я ня мог у ваенкамат прыйсьці»

Мікалай таксама наракае на тое, што выклікі ў ваенкамат атрымліваў ня позвай, а праз тэлефон. І прызнаецца, што нават падумаць ня мог, што адмова прыйсьці ў ваенкамат можа абярнуцца крымінальнай справай, судом і вялікім штрафам.

Мінабароны: Мікалай Каленік мог сам аспрэчыць рашэньне камісіі праз суд

Кансультант аддзелу прызыву на вайсковую службу галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня Генэральнага штаба Узброеных сіл Андрэй Мурашоў на просьбу Свабоды пракамэнтаваў сытуацыю з прызывам Мікалая Каленіка. Па словах прадстаўніка Мінабароны, суду і штрафу можна было б пазьбегнуць, калі б прызыўнік дзейнічаў згодна з нормамі беларускага заканадаўства.

«Рашэньне аб катэгорыі годнасьці грамадзян па стане здароўя, могуць яны служыць ці ня могуць, прымаюць толькі пэўныя лекары, прызначаныя рашэньнем мясцовага органа ўлады, — сказаў прадстаўнік Мінабароны Андрэй Мурашоў. — Іншыя лекары ня могуць гэтага зрабіць. Бяз розьніцы, з камэрцыйнай яны клінікі альбо зь дзяржаўнай. Яны могуць толькі дыягназ выставіць. Урачы, прыцягнутыя да вайскова-ўрачэбнай экспэртызы, ужо могуць прымяніць канкрэтны дыягназ і вызначыць ступень прыдатнасьці да службы.

Ніхто не сумняваецца, што ў грамадзяніна Каленіка ёсьць пэўнае захворваньне. Гэта пацьвярджаецца ўсімі дасьледаваньнямі. Аднак гэтае захворваньне ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі, якія дзейнічаюць у Беларусі па стане на 2019 год, не перашкаджае праходжаньню вайсковай службы. У нас існуе 12 графаў абмежаваньня па стане здароўя, у адпаведнасьці зь якімі прызыўнікі могуць служыць у пэўных войсках. У выпадку з грамадзянінам Каленікам графа вельмі высокая, трэцяя. Гэта значыць, што ён нават можа служыць у памежных альбо ўнутраных войсках».

Як расказаў Андрэй Мурашоў, беларускае заканадаўства прадугледжвае форму абскарджаньня вынікаў прызыўных мэдкамісій, якія праводзяцца ваенкаматамі. Для гэтага неабходна альбо зьвярнуцца са скаргай непасрэдна ў вышэйшую камісію (абласнога альбо менскага гарадзкога ваенкамата), альбо падаць скаргу ў суд. У такім выпадку прызыўніка ня могуць забраць на службу ў арміі, пакуль скарга ня будзе разгледжаная ў адпаведных інстанцыях.

«Згодна з вынікамі мэдыцынскага агляду рашэньне аб прызыве альбо непрызыве Мікалая Каленіка на службу ў войску павінна была прымаць прызыўная камісія, — расказвае Андрэй Мурашоў. — На тэрміновую службу альбо на службу ў рэзэрве. Ён на гэтае паседжаньне не зьявіўся. Прайшоў мэдкамісію, а ўсе іншыя мерапрыемствы прызыву праігнараваў і больш у вайсковы камісарыят не зьяўляўся. Менавіта гэтым дзеяньням была судом дадзеная прававая ацэнка. Варта было прыйсьці на паўторнае паседжаньне прызыўной камісіі, заявіць скаргу на яе рашэньне аб прызыве ў войска і, калі б прызыўная камісія не пагадзілася зь ягонай скаргай, зьвярнуцца альбо ў тэрытарыяльную прызыўную камісію, альбо ў суд. Тады б грамадзяніна Каленіка паўторна абсьледавалі ўрачы абласнога ўзроўню. Але ён не прыйшоў на паседжаньне камісіі. Яго чакалі да апошняга дня прызыву, і толькі тады зьвярнуліся ў праваахоўныя органы, па выніках працы якіх суд аштрафаваў прызыўніка».

Па словах кансультанта Мінабароны Андрэя Мурашова, выпадкі, калі прызыўнікі абскарджваюць рашэньні мэдыцынскіх камісій, зусім ня рэдкія. А вось далейшы лёс Мікалая Каленіка пакуль невядомы і будзе залежаць ад рашэньня суду вышэйшай інстанцыі, у якім прызыўнік абскарджвае штраф. Калі яго пакінуць без зьменаў, то ў вясновы прызыў Мікалая Каленіка не прызавуць з прычыны наяўнасьці судзімасьці. Трапіць у войска, пры адсутнасьці мэдыцынскіх супрацьпаказаньняў, ён зможа толькі пасьля пагашэньня судзімасьці.

Каментары6

Цяпер чытаюць

Беларусам, якія прыедуць у Расію, будуць на першыя суткі адключаць інтэрнэт6

Беларусам, якія прыедуць у Расію, будуць на першыя суткі адключаць інтэрнэт

Усе навіны →
Усе навіны

Каля 200 турыстаў апынуліся ў пастцы снежнай буры на Эверэсце

Вацлаў Гавэл таксама адмовіўся выйсці з турмы пры ўмове выезду за мяжу. Але ён быў зусім непадобны да лідараў беларускай апазіцыі17

Сёння пачынаецца абвяшчэнне нобелеўскіх прэмій2

Навуковец: Людзі могуць жыць не даўжэй за 120‑150 гадоў. А азэмпік патэнцыйна карысны супраць старэння6

«Жыццёвы цыкл штурмавіка — 12 дзён». Z-блогер шчыра прызнаўся, чаму не падпісвае кантракт з Мінабароны25

Фёдар Паўлючэнка: У чым не мае рацыі Юлія Міцкевіч? Турма што, робіць кагосьці лепшым? Прыгажэйшым? Багацейшым?24

Польшча замарожвае тэрміны разгляду спраў па міжнароднай абароне да сакавіка 2026 года9

Просты трук, як выбраць шкарпэткі патрэбнага памеру5

Пад Кіевам «мабілізавалі» ката. Вайсковец хацеў падарыць дзіцяці ката з прытулку, але забраў на вуліцы чужога3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусам, якія прыедуць у Расію, будуць на першыя суткі адключаць інтэрнэт6

Беларусам, якія прыедуць у Расію, будуць на першыя суткі адключаць інтэрнэт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць