Улада

Флэш-моб узору 1932 году і рэцэпт перамогі

Наталка Бабіна піша пра кнігу падпольшчыка з КПЗБ.

Наталка Бабіна піша пра кнігу падпольшчыка з КПЗБ.

Выпадкова знайшла на паліцы гэтую кнігу, набытую досыць даўно, раскрыла і не магла адарвацца. Гэта мэмуары ганаровага грамадзяніна гораду Берасьце Васіля Ласковіча, у якіх ён распавядае пра свой удзел у камуністычным падпольлі на Берасьцейшчыне ў міжваенны час. Уразіла, як падобны той час да нашага.

Вось, прыкладам, зь якой праблемай сутыкаліся ў 1932 годзе 15-гадовы Васілька Ласковіч і яго сябры ў вёсках пад Берасьцем: «Колькі ні вывешвалі сьцягоў перад сьвятамі, паліцэйскія іх здымалі і рвалі. Паліцыя пазбаўляла нас і людзей эмацыйнай асалоды. Прыдумалі прыбор, які назвалі «пасткай». Прыстасаваньне было простае, але арыгінальнае, у тыя дні яно нарабіла шмат шуму... «Пастка» складалася зь дзіцячага пісталету, які называецца «пугач», яна «страляла» ад шроцінкі выбуховага рэчыва з выдзяленьнем моцнага пучку агню... Да спускавога кручка прывязвалася вяроўка, якая зьвісала ўніз. Калі да дрэва, на якім вывешваўся сьцяг, падыходзіла паліцыя, яна адразу бачыла «промах» камсамольцаў, якія пакінулі нязрэзаную вяроўку... Шарпануць за шнурок карцела паліцэйскаму нястрымна. Як толькі ён гэта рабіў, кручок трапляў у набой, бэнзін загараўся, паліў дрэва, адначасова паліў і сьцяг. Такога яшчэ не было».

Гэтыя паходні скаланулі Берасьцейшчыну. Дэфэнзіва прыйшла ў шаленства... Сустракаючыся, людзі шапталіся: «Большовікы зробылы таку машынку, шо могуть спалыты сто поліцэйськіх...»

А вось паўстала неабходнасьць перад сьвятам вывезьці зь Берасьця ў вёскі нелегальную літаратуру. А паліцэйскія варты стаяць на ўсіх выездах зь места... Загрузілі літаратуру на падводу да асэнізатара. «Наша падвода ўзьнімалася на Кобрынскі мост. Горад быў ахутаны начной цемрай. Толькі пешыя ды конныя паліцэйскія патрулі парушалі начную цішыню вуліцы. Мост асьвятляўся бляклым сьвятлом старых ліхтароў.

– Хто едзе? – гукнуў паліцэйскі.

– Залатар, – адказаў фурман.

Паліцэйскія заціснулі насы ды ўсе разам закрычалі, каб падвода хутчэй праяжджала».

Вось флэш-моб узору 1932 году. Бутэлькі напіхваюцца ўлёткамі і пускаюцца па Мухаўцу. «Не пасьпелі апрануцца, як дзясяткі купальшчыкаў кінуліся з абодвух берагоў на сярэдзіну рэчкі.

– Бальшавіцкія бутэлькі! – крычалі яны.

Людзі, злаўчыўшыся, вылоўлівалі бутэлькі, і, дрыжучы ад цікаўнасьці, выбіраліся на бераг. Уласьнікаў бутэлек акружалі, патрабавалі хутчэй адкаркаваць іх. Мы падышлі да адной групы. Тут былі рабочыя, рамесьнікі, дробныя гандляры. Той, хто вылавіў бутэльку, трымаў яе высока над галавой ды чамусьці выкрыкваў: «Тапеліца выратавана!» Я паглядзеў на корак і адразу пазнаў работу хлопцаў зь вёскі Шчэбрын. Коркі яны рабілі з арэшніку – дрэў другой пароды паблізу не было. У нашай вёсцы коркі рабілі сасновыя, а ў Радванічах – бярозавыя. Як гаварылі, кожная фірма мела свой патэнтны знак».

...А вось такая цікавая зьвестка: калі ў нашыя часы апазыцыю судзяць за тое, што лаецца матам, то тады тыповая нагода для штрафу апазыцыянэру – што конь быў незацугляны ў грамадзкім месцы...

А вось апісаньне бойкі зь сіяністамі Жабацінскага...

Быт Берасьцейскай турмы... Галадоўка... Суд...

Ласковіча як камуніста адлучылі ад царквы і нават ягоную маці не пускалі ў храм. Царкоўны стараста крычаў: «Ідзі, бязбожніца, прывядзі ў паліцыю свайго грэшнага сына, тады і цябе дапусьцім у храм Божы». І маці вымушаная была пад дажджом маліцца ля царкоўнай брамы.

«Мільганулі думкі пра помсту ўсім, хто крыўдзіць маю маці, – піша Ласковіч. – Забіць, спаліць гэтых фанатыкаў... Потым у сэрца пракралася апатыя. «Навошта жыць у гэтым ілжывым сьвеце, – думаў я, – лепш скончыць самагубствам».

Але аўтар ня даў моцы падступным думкам: неўзабаве яго накіравалі ў Менск. Пераход празь мяжу: няўдалы ля Нясьвіжу, з прыгодамі (босым па сьнезе) на Маладачаншчыне.

У Менску Ласковіча направілі на адпачынак у санаторыю ў Ждановічы, але ён адмовіўся: «Мяне мучыла сумленьне... Ведаю, па мерках сёньняшняга часу я выглядаў «дурнем», але менавіта такія «дурні» рабілі рэвалюцыі, абаранялі нашу радзіму. Там, меркаваў я, тысячы паміраюць з голаду, а я буду абжырацца ды разводзіць шуры-муры?»

Потым была партыйная школа для падпольшчыкаў у Менску (комплекс будынкаў у садзе ў Лошыцы), затым назад у Польшчу. Рэвалюцыйная праца на Наваградчыне ў нелегальным становішчы, з фальшывымі дакумэнтамі, правал, турма, год сьледзтва, суд і прысуд – 15 год турмы...

Калі Васіля і іншых палітзьняволеных несправядліва кідалі ў карцар, то сябрукі на волі прымянілі так званы «берасьцейскі мэтад»: у пэўны час у вокны дамоў начальніка турмы, мэра гораду, турэмных афіцэраў і іншых «чэльнікув паньства» адначасова кідалі камяні, завернутыя ва ўлёткі з патрабаваньнем спыніць катаваньні зьняволеных... Сыпалася шкло, палохаліся жонкі і дзеці – і гэта дзейнічала! Рэжым у турме мякчэў.

Потым з наваградзскай турмы Ласковіча перавезьлі на захад Польшчы, а з той вязьніцы Ласковіч разам зь іншымі зьняволенымі змог вырвацца, калі на горад пасыпаліся першыя бомбы Другой сусьветнай вайны... Але гэта ўжо быў пачатак іншай гісторыі.

Не, трэ ўсё ж аддаць гэтую кнігу ў набор і па наборы даслаць на сайты «Адпору», АГП і руху «За свабоду». У ёй – дзейсны рэцэпт, як перамагаць: патрэбная нізавая ячэйка ў кожнай вёсцы і магутная падтрымка хаўрусьнікаў з-за мяжы. І калі за мяжой трапляеш у санаторыю, то доўга там не прахалоджвацца.

І ніколі не скарацца.

Василий Ласкович. Из племени непокоренных. — Брест, 1999. — 382 с. 1000 экз.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Частку сваякоў я адсеяла». Гамяльчанка, якая жыве ў Адэсе, распавяла пра адаптацыю да абстрэлаў, украінскую мову і свой блог

«Частку сваякоў я адсеяла». Гамяльчанка, якая жыве ў Адэсе, распавяла пра адаптацыю да абстрэлаў, украінскую мову і свой блог

Усе навіны →
Усе навіны

У Валагодскай вобласці РФ мост абрынуўся пад вернікамі проста падчас хрэснага ходу6

«VIP-кліентка» КДБ. Гісторыя шведскай беларускі, якую арыштавалі на радзіме і вызвалілі разам з Ціханоўскім4

На станцыі метро «Плошча Леніна» жанчына ўпала на рэйкі

Як ідзе рамонт моста на праспекце Незалежнасці ФОТЫ1

У Літве хочуць стварыць дронавую заслону на мяжы з Беларуссю1

«Патэлефануйце Пуціну»: Рутэ папярэдзіў Кітай, Індыю і Бразілію пра другасныя санкцыі3

У парку Чалюскінцаў з’явіцца «Вежа свабоднага падзення»2

Мядзведзеў пра ўльтыматум Трампа: Расіі ўсе роўна8

«Адзін глядзеў тэлефон, другі размаўляў, а трэці ў баку назіраў». Як цяпер праводзяць допыты на мяжы Беларусі з ЕС18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Частку сваякоў я адсеяла». Гамяльчанка, якая жыве ў Адэсе, распавяла пра адаптацыю да абстрэлаў, украінскую мову і свой блог

«Частку сваякоў я адсеяла». Гамяльчанка, якая жыве ў Адэсе, распавяла пра адаптацыю да абстрэлаў, украінскую мову і свой блог

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць