Усяго патроху77

Ні слова па‑беларуску

Толькi адзiн беларускамоўны праект у вынiку ўзяў «Тэлевяршыню». Затое галоўную — Гран‑пры. «Звязда» пра ўручэнне нацыянальных тэлепрэмій.

Мiнулая нядзеля ў свядомасцi як быццам падзялiлася на дзве часткi: «да» i «пасля». «Да» — звычайны сакавiцкi дзень, не зiма i не вясна, шэрань, дождж.
«Пасля» — урачыстая стрыманасць фiлармонii, люстэркавы бляск i бляск вячэрнiх убораў гасцей, класiчная музыка — ад Баха да Аляб’ева… І безлiч разоў паўторанае слова «дзякуй», якiм сустракалi свае ўзнагароды лаўрэаты Пятага нацыянальнага тэлевiзiйнага конкурсу «Тэлевяршыня».

Хоць найперш падзякамi, на мой погляд, варта было абмяняцца арганiзатарам конкурсу i адмiнiстрацыi Белдзяржфiлармонii — як «Тэлевяршыня» iстотна выйграла ад пераходу ў камерную, больш утульную, можна нават сказаць, высакародную атмасферу, так i фiлармонiя паказала шырокай публiцы свае магчымасцi i таленты ў поўнай красе. Калi нават выбар менавiта гэтай пляцоўкi тлумачыцца крызiсам, у гэтым выпадку такая сцiпласць i адсутнасць усякiх спецэфектаў пайшла толькi на карысць.

Зрэшты, пераказваць ход цырымонii не мае сэнсу — усе ахвотныя маглi бачыць яе на тэлеэкранах, таму адзначым толькi некаторыя моманты — асаблiвасцi «Тэлевяршынi‑2009».

Найперш здзiвiлi самi намiнанты — выконваючы абвешчаны дрэс‑код, чамусьцi тэлеперсоны ў абсалютнай большасцi выбралi вячэрнiя ўборы ў чорных i шэрых колерах. Па рэдкiх светлых або яркiх сукенках можна было практычна беспамылкова ўгадаць рэгiянальных тэлевiзiйнiкаў.

Вяршыня для раёна

Яны, да слова, i ўзнагародам радавалiся больш бурна i шчыра, чым сталiчныя калегi. Мабыць, таму, што атрымлiвалi запаветныя статуэткi значна радзей? Памятаючы запэўнiваннi членаў прафесiйнага журы, што сёлета актыўнасць рэгiёнаў як нiколi высокая — 140 дасланых заявак супраць, скажам, 84 у 2005‑м годзе — уяўлялася, што сярод намiнантаў «рэгiяналаў» будзе як мiнiмум палова.

Атрымалася зусiм наадварот — выйсцi з рэзервацыi адмысловых «рэгiянальных» намiнацый удалося толькi Лiдскаму ТРА —
i то праграма «Дзiцячая пляцоўка» ў намiнацыi «Лепшая праграма для дзяцей i юнацтва» прыз не атрымала — i тэлерадыёкампанii «Брэст», якая ўзяла статуэтку за «Лепшую культурна‑асветнiцкую праграму» (але магу паспрачацца — калi б тэлекампанiя не была структурным падраздзяленнем Белтэлерадыёкампанii i гiстарычны цыкл «Страсць i ўлада» не выйшаў на рэспублiканскi ўзровень праз эфiр канала «ЛАД», ён меў усе шанцы застацца незаўважаным — i гледачамi, i журы).

Затое, акрамя традыцыйна актыўных прадстаўнiкоў Лiды, Оршы, Брэста, сёлетнi конкурс выявiў некалькi новых яркiх удзельнiкаў з лiку рэгiянальных тэлеканалаў, кампанiй i аб’яднанняў — тэлевiзiйнiкi з Маладзечна i Паставаў цалкам маглi б скласцi канкурэнцыю калегам з цэнтральных каналаў. А мо, дзякуючы конкурсу, таленавiтыя вядучыя i рэжысёры самi трапяць у сталiцу, як гэта адбылося, напрыклад, са спартыўным каментатарам Арташэсам Антанянам — яшчэ пару гадоў таму ён працаваў у Брэсце, а цяпер атрымаў «Тэлевяршыню» як лепшы вядучы спартыўнай праграмы ўжо на тэлеканале АНТ. Вялiкiя рэспублiканскiя каналы ад прытоку свежых кадраў толькi выйграюць, а мясцовыя?..

Бочка мёду…

Адно з прыемных уражанняў ад цяперашняй цырымонii — не толькi надзiва цёплая атмасфера, але яшчэ iмкненне ўсiх удзельнiкаў пазбавiцца пафасу i афiцыёзу, пасмяяцца, у тым лiку з сябе самiх. Хто мог уявiць напачатку конкурсу, што сур’ёзныя людзi будуць вiншаваць лаўрэатаў не толькi з прафесiйнай узнагародай, але i з цалкам асабiстымi падзеямi — напрыклад, вяселлем; што самi лаўрэаты будуць не гаварыць, а спяваць на сцэне, — а калi ўсё ж гаварыць, то не падрыхтаваную прамову з паперкi, а кароткае i ёмiстае «Ваў!».

Цi што ў ацэнцы сацыяльнай рэкламы вельмi важным стане пачуццё гумару. Або што, напрыклад, у намiнацыi «Лепшая музычна‑забаўляльная праграма» пераможа не чарговы набор песень i «зорак», а галоўны тэлевiзiйны жарт мiнулага года — анты‑прэмiя «Сярэбраны грамафон». Пра апошнюю, дарэчы, яе стваральнiкi абсалютна справядлiва заўважылi: «Вельмi прыемна, што праграма аб сумнiўных дасягненнях беларускага шоу‑бiзнэсу сама не ператварылася ў сумнiўнае дасягненне беларускага шоу‑бiзнэсу».

Яшчэ парадавала: прымаючы з рук у рукi блiскучую статуэтку, практычна ўсе лаўрэаты разумелi, што «Тэлевяршыня» — не толькi прыемная, але i адказная ўзнагарода, i абяцалi працаваць больш, лепш, цiкавей. «Я толькi цяпер зразумела, што ў фiлармонii яшчэ не здымала, — прызналася «Лепшы рэпарцёр» Кацярына Забянько, аўтар i вядучая праекта СТБ «Ля параднага пад’езда». — Так што вельмi хутка сюды вярнуся рабiць рэпартаж — пабываць пад сцэнай i, спадзяюся, на даху». Зрэшты, падобных абяцанняў падчас цырымонii было раздадзена два вазы i цэбар, — калi ўсе яны спраўдзяцца, «Тэлевяршыня‑2010» абяцае стаць надзвычай цiкавай.

…i лыжка дзёгцю

Пакуль жа ўражаннi ад чарговай прэмii няпэўныя. З аднаго боку — прафесiйна, яскрава i прыгожа, як «у грэчаскай зале» музея. З другога…

Па‑першае — доўга.
Тры гадзiны суцэльных «дзякуй» i ўзаемных дыфiрамбаў не ўсякi пабочны назiральнiк вытрымае, хiба толькi вельмi зацiкаўлены непасрэдны ўдзельнiк.

Па‑другое — у большасцi выпадкаў прадказальна. Беларуская «Тэлевяршыня» ў гэтым сэнсе нагадвала сёлетнi «Оскар» — хто больш‑менш уважлiва сачыў за падзеямi, мог прадказаць пераможцаў цi не ў палове намiнацый, як, напрыклад, два першыя месцы за «Лепшы дакументальны фiльм».

I нарэшце — у нацыянальнай тэлевiзiйнай прэмii iстотна не хапала цi не галоўнай нацыянальнай часткi — мовы.

З лаўрэатаў па‑беларуску сваю падзяку не вымавiў нiводны.

З тых, хто абвяшчаў пераможцаў, вызначылiся толькi пiсьменнiк Уладзiмiр Лiпскi i рэжысёр тэатра беларускай драматургii Валерый Анiсенка (яны ж, дарэчы, былi адзiнымi, хто не задаволiўся роляй вясельных генералаў на сцэне, i падрыхтаваў для пераможцаў не толькi вiншаваннi, але адмысловыя падарункi — аўтарскую кнiгу i бiлеты на спектакль). Што да самiх пераможцаў — толькi адзiн беларускамоўны праект у вынiку ўзяў «Тэлевяршыню». Затое галоўную — Гран‑пры. «Лепшым тэлевiзiйным праектам года» журы назвала праект «Зямля беларуская». Дарэчы, паколькi гэты дакументальны цыкл Агенцтва тэленавiнаў яшчэ не завершаны (здымкi фiльмаў пра ўсе раёны Беларусi доўжацца i цяпер), то праект можа трапiць у лiк намiнантаў на наступную прэмiю. Але гэта будзе ўжо зусiм iншая, хочацца спадзявацца, значна больш вясёлая, гiсторыя.

Толькi лiчбы

Усяго на конкурс прыйшло 253 заяўкi; 96 праграм пасля папярэдняга адбору былi паказаныя журы. 11 членаў журы ацэньвалi дасланыя работы па 10‑бальнай сiстэме.

У неафiцыйным «медальным залiку» па колькасцi ўзнагарод сёлета лiдзiруе Белтэлерадыёкампанiя — 7 статуэтак «Тэлевяршынi», у тым лiку Гран‑пры. На другiм месцы тэлеканал АНТ — таксама 7 узнагарод; канал СТБ атрымаў 4 прызавыя статуэткi. Яшчэ па 1 узнагародзе ў рэгiянальных тэлеканалаў з Оршы, Лiды i Гомеля.

62,9% галасоў набраў пераможца намiнацыi «Прыз глядацкiх сiмпатый» Дзянiс Кур’ян, якога гледачы назвалi лепшым тэлевядучым.

Сёлета былi ўручаныя 2 спецыяльныя ўзнагароды: прыз журы «За ўклад у развiццё айчыннага тэлебачання» атрымаў загадчык кафедры рэжысуры, кiно i тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў Уладзiмiр Забела, а ганаровай граматай арганiзатар цырымонii — Белтэлерадыёкампанiя — адзначыла загадчыка кафедры кiнатэлеаператарства Акадэмii мастацтваў Анастасiю Суханаву.

Вікторыя Цельшук, Звязда

Каментары7

Цяпер чытаюць

Келагу паказалі кампраметуючыя відэаматэрыялы на беларускую апазіцыю? Так мяркуе Латушка13

Келагу паказалі кампраметуючыя відэаматэрыялы на беларускую апазіцыю? Так мяркуе Латушка

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўскі адказаў Лукашэнку наконт палітвязняў: Проста зараз 20 аўтобусаў будзе на мяжы, трэба будзе, будзе 100 — забярэм усіх28

Трамп увёў удакладненыя пошліны ў дачыненні да дзясяткаў краін3

У абноўлены санкцыйны спіс трапіў шэраг тавараў бытавой хіміі. Што нельга будзе ўвозіць?24

Мінскае «Дынама» вылецела з еўракубкаў4

Памёр акадэмік Аляксей Мацвееў1

Беларуская спявачка Б'янка ў Крыме: «Хай цяпер усе даведаюцца, як адпачываюць рускія» ФОТАФАКТ46

Еўропа ўсё больш схіляецца да дацкага падыходу ў міграцыйнай палітыцы, які раней крытыкавалі5

«Нёман» выйшаў у 3-ці раўнд кваліфікацыі Лігі канферэнцый2

Рыбакоў: Беларусь і ЗША рыхтуюць новыя крокі19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Келагу паказалі кампраметуючыя відэаматэрыялы на беларускую апазіцыю? Так мяркуе Латушка13

Келагу паказалі кампраметуючыя відэаматэрыялы на беларускую апазіцыю? Так мяркуе Латушка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць