У Харкаве маці адрэзала галаву дачцэ і голая гуляла з ёй па горадзе
Абезгалоўленае цела 13-гадовай дзяўчынкі знайшоў яе родны дзядзька.

У чацвер, 30 красавіка, каля 6-й раніцы на ўскраіне Харкава заўважылі голую скрываўленую жанчыну ў неадэкватным стане з нажом і пакетам, у якім была чалавечая галава, піша ТСН.ua.
Патрульныя паліцыянты, якія затрымлівалі жыхарку вёскі Падворкі, распавялі, што, калі прыехалі на месца здарэння, жанчына кідалася на іх і спрабавала ўцячы. Яе суправаджала карэта хуткай медыцынскай дапамогі.
Гаварыць з праваахоўнікамі жанчына адмовілася, таму была затрыманая для высвятлення абставінаў.
Праз некалькі гадзін у паліцыю звярнуўся мужчына, які паведаміў, што жыве разам з сястрой і яе 13-гадовай дачкой, і сёння раніцай выявіў абезгалоўленае цела пляменніцы.
Як стала вядома ТСН з уласных крыніц, жанчына раней не стаяла на ўліку ў псіхіятрычнай бальніцы і не мела даведак аб праблемах з псіхічным здароўем. Суседзі таксама не заўважалі, каб у яе былі праблемы з алкаголем ці наркотыкамі.
Суседзі запэўнілі, што сям'я жыла ў гэтым доме як мінімум 10 гадоў — спакойна, але бедна. Жанчына працавала прыбіральшчыцай, а дзяўчынка вучылася ў школе. Бацькі ў сям'і не было. У ноч трагедыі ў доме таксама было ціха, напярэдадні маці і дзяўчынку бачылі ў двары, яны штосьці прыбіралі. А ўначы ў іх дома доўга гарэла святло.
У той жа час іншая знаёмая жанчыны заявіла, што ў яе былі праблемы з псіхікай, а таксама што яна праводзіла абрады.
Высветлілася, што жанчына са шматдзетнай сям'і, а брат, з якім яна жыла ў адным доме, глуханямы. Паліцыя дапытвала яго з дапамогай сурдаперакладчыка. Яшчэ адзін брат жанчыны быў забіты некалькі гадоў таму.
Адна з жыхарак вёскі прыгадала, што да нараджэння дзіцяці жанчына моцна выпівала, аднак у апошні час за ёй такога не заўважалі.
Следчыя адкрылі крымінальную вытворчасць. Суд адправіў жанчыну ў СІЗА на два месяцы без права на заклад.
Каментары