Грамадства33

Пасля атручвання газам на маршы пенсіянерка правяла тыдзень у бальніцы з апёкам вачэй і лёгкіх

Пенсіянерка Ніна Прывалава пайшла на марш 11 кастрычніка, каб сустрэць Ніну Багінскую і падарыць ёй сваю кнігу. Яна і падумаць не магла, што пасля мірнага шэсця апынецца ў бальніцы з апёкам вачэй і лёгкіх пасля таго, як сілавікі прыменяць газ у бок пенсіянераў. Скрозь слёзы Ніна распавяла «Нашай Ніве» аб сваіх успамінах з таго марша ў Мінску і тыдні ў бальніцы. 

Ніна Прывалава

«Летась я выпусціла сваю кнігу «Грёзам судьбы вопреки» і вельмі хацела 11 кастрычніка падарыць яе Ніне Багінскай, якая мяне вельмі натхняе, — расказвае Ніна. — Кнігу я падпісала і пайшла на традыцыйны нядзельны марш: ведала, што Багінская там дакладна будзе.

Калі мы з іншымі жанчынамі ўжо падыходзілі да цэнтра, я ўвесь час шукала Багінскую вачыма. У мяне з ёй няма кантактаў, мы не знаёмыя, я проста вельмі яе паважаю. Памятаю, што я спакойна стаяла сярод іншых людзей, як раптам на натоўп нечакана наляцелі амапаўцы. Я вельмі здзівілася, бо, як правіла, хапаюць у большасці моладзь. А тут і на пенсіянераў паляцелі».

Ніна успамінае, што, калі жанчыны ўбачылі, як на асфальце збіваюць маладога хлопца, яны сталі ў счэпку і пачалі крычаць: «Не чапайце нашых дзяцей!»

«Вакол гэтага хлопца ўтварылася вялікая лужына з крывёю — тады ж яшчэ і дождж пачаўся. Мы пабеглі да яго, крычалі амапаўцам, каб яго пакінулі ў спакоі. Але не паспелі выратаваць: яго закінулі ў аўтазак, пакуль мы падбягалі. На асфальце засталіся яго заплечнік і сцяг у крыві».

Па словах Ніны, многія жанчыны-пенсіянеркі спрабавалі размаўляць з амапаўцамі, але ўсё было без толку. У нейкі момант сілавікі падышлі да групы, дзе стаяла Ніна, амаль ушчыльную і распылілі газ. Ніна якраз у гэты момант ўдыхнула, каб крыкнуць: «Што вы робіце?» І газ трапіў жанчыне ў вочы, нос і рот. Але праблемы з дыханнем і вачамі яна выявіла не адразу.

«Нейкі час я яшчэ спрабавала хоць каго-небудзь з мірных людзей абараніць, але нічога не выходзіла. Памятаю, як ішла ў бок Кальварыйскай, а на дарозе проста так валяліся заплечнікі, парасоны, сцягі. І ўсё ў крыві. Мяне гэта вельмі ўразіла.

Хутка зноў з'явіліся аўтазакі, і з іх панесліся на народ амапаўцы. Людзі пачалі разбягацца. А я не пабегла. Проста ўстала, падняла галаву ўверх і падумала: «Госпадзе, калі ласка, спыні гэты гвалт». У гэты момант мяне і схапілі.

Закінулі ў бус. Са мной ехала 37-гадовая жанчына Лена. Яна выпадкова зачапіла аднаго амапаўца нагой, і той рэзка яе схапіў, паклаў калена ёй на грудзі і пачаў душыць. Тады я вырашыла адцягнуць іх на сябе. Спачатку схапіла аднаго за руку, потым спрабавала проста размаўляць з імі. Яны рагаталі з нас, здзекаваліся, называлі с*камі. Але хаця б не чапалі гэтую Лену. Яна ж яшчэ маладая, гэта мне 61 год — я, лічыце, жыццё ўжо пражыла, мне нястрашна. А яе хацелася абараніць.

У РАУСе нас пратрымалі некалькі гадзін. Там не выпускалі ў туалет. Мне нават прыйшлося закрычаць на ўсё аддзяленне, што калі мяне зараз не адвядуць у прыбіральню, то я зраблю ўсе справы наўпрост у іх на вачах на падлозе. Толькі тады маю просьбу выканалі.

Потым усіх затрыманых павялі ў актавую залу, дзе паказвалі фільм пра Лукашэнку і яго міліцыю. Ніхто яго, канечне, не глядзеў. У нейкі момант я нават сябе на экране ўбачыла — кадры з пратэсту здымала, мабыць, БТ. Потым склалі пратакол і вывелі на вуліцу».

Ніна ўспамінае, што калі прыехала дадому, то адразу пайшла ў душ — спрабавала змыць усё тое, што адбылося з ёй. Тады жанчына ўжо пачынала кашляць. Але падумала, што да раніцы ўсё пройдзе, і лягла спаць.

«Ноччу ў мяне пачаўся страшэнны кашаль, з’явілася адчуванне пяску ў вачах. Раніцай я выклікала хуткую. У выніку правяла тыдзень у бальніцы з апёкам рагавіцы і дыхальных шляхоў. Пры гэтым лячэнне мне трэба працягваць яшчэ доўга і без бальніцы. У мяне зараз дрэнна бачыць правае вока, хоць левае ўжо аднавілася». 

Афіцыйны дыягназ Ніны пасля атручвання газам: таксічнае дзеянне газаў, дымоў і пароў; хімічны апёк рагавіцы; хімічны апёк паражніны носа, насаглоткі, ратаглоткі, гартанаглоткі; востры рэактыўны ларынгатрахеабранхіт.

«І хаця кнігу Багінскай у той раз падарыць не атрымалася, я ўсё роўна калі-небудзь падару яе ёй. Мая кніга — гэта нарысы і расповеды пра простых людзей. Там ёсць шмат пра лёсы дзяцей-сірот, з якімі я сама доўга прапрацавала ў жыцці, і пра тую вайну, якую мне прыйшлося весці калісьці з органамі апекі.

Я не ведаю, ці будзе цікавая Багінскай мая кніга, можа, яна яе наогул выкіне, але я паставіла сабе мэту.

І выходзіць на пратэсты працягну. Асабліва пасля таго, што я ўбачыла і перажыла. Гэта мая зямля, па якой ходзяць мае дзеці і ўнукі. І гэтую зямлю заліваюць крывёю».

Каментары3

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Памятаеце выпускніка інстытута ФСБ, які раскатваў па Гродне са сцягам Наваросіі? Цяпер ён стаў варшаўскім бізнэсменам29

Памятаеце выпускніка інстытута ФСБ, які раскатваў па Гродне са сцягам Наваросіі? Цяпер ён стаў варшаўскім бізнэсменам

Усе навіны →
Усе навіны

«Вось убачыце. Праз некалькі тыдняў ці дзён». Намёкі Лукашэнкі пра нейкія крокі выразалі з тэкставай версіі яго прамовы14

«Ні ў якім разе я не рабіў заявы». Келаг зняпраўдзіў словы Лукашэнкі11

Купіў будынак пад рэстаран за 262 тысячы рублёў. Цяпер участак хочуць забраць, каб пабудаваць там… рэстаран5

«Тым, хто настальгуе па саўку, спадабаецца». Блогер пераначаваў у найгоршых гатэлях Беларусі і падзяліўся ўражаннямі11

Пракоп'еў: Знізьце ўзровень чаканняў. Я не бачу ніводнай аб'ектыўнай прычыны, каб наступала адліга14

Расіяніна затрымалі з 37 кілаграмамі наркотыкаў у Мінску2

Куды беларусы могуць лятаць без візы і без перасадак?3

«Хтосьці ў кіраўніцтве сілавікоў вырашыў вывесці Бялюціна са «справы Аўтуховіча» і выкарыстаць іначай»3

Зяленскі падтрымаў Азербайджан у канфлікце з Расіяй2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце выпускніка інстытута ФСБ, які раскатваў па Гродне са сцягам Наваросіі? Цяпер ён стаў варшаўскім бізнэсменам29

Памятаеце выпускніка інстытута ФСБ, які раскатваў па Гродне са сцягам Наваросіі? Цяпер ён стаў варшаўскім бізнэсменам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць