Свет

«Мне здаецца, я памерла», — жыхарка Харкава

«Ніколі, нікому, нават заклятаму ворагу не пажадаю выбіраць паміж дзіцем і бацькамі», — піша ў Фэйсбуку Ганна Гін, якая выбралася з Харкава.

Знішчаны авіяцыяй Харкаў. Фота: AP

«Гэта маё персанальнае пекла, чысцілішча, якое цяпер заўсёды будзе са мной. На зямлі і на небе, у вайне і ў міры.

У будучы фільм пра гэтую вайну абавязкова павінен увайсці эпізод са звычайнай кватэры спальнага раёна Харкава, дзе маці і дачка пад грукат выбухаў выюць, заглушаючы сірэны паветранай трывогі. Адна на каленях, здушаным крыкам: «Даруй», другая згорбіўшыся, ціхім стогнам: «Выжывем».

Я трымалася дзевяць дзён. Па-рознаму, хвалямі, як цяпер. Страх, гнеў, вера ў перамогу, дзікая стомленасць, адчай, і так па коле.

Канчаткова мяне зламалі знішчальнікі. Гэты жудасны свіст, які нарастае ў начным небе, машына шпурляе смерці наўздагад. Удары ў суседнія дамы і пад'езды, пажары, разбураныя дамы, лёсы, жыцці, сабакі і кошкі, якія кідаюцца на вуліцах, плач дзяцей з падвалаў і чалавечая нага, якая прыляцела ў двор.

Я захапляюся тымі, хто бясстрашны. Я здалася. Больш не магла глядзець на сваю запалоханую, схуднелую на дзесяць кілаграмаў дачку, якая забіваецца ў кут пры кожным моцным гуку.

Гэта невыносна.

Дзіўна, але за нейкіх 200 кіламетраў ад Харкава — цішыня. Не, тут таксама вайна, але іншая. Сёння адна жанчына сказала, што людзі тут не ходзяць на працу — баяцца.

Я не стрымалася, каюся, кажу: «Божа, чаго тут баяцца!?». Яна не зразумела мяне, паціснула плячыма і пайшла.

Мне ўдалося выратаваць дзіця, сабаку, птушку. Душу не выратаваць ніколі. Гэтая чорная дзірка не зацягнецца, нават калі ўсё скончыцца заўтра і добра.

Я пакінула бацькоў. У Харкаве-Сталінградзе. Ляжачага бацьку і маму, якім па 80 гадоў. Кінула свой горад.

Так, ежы і лекаў пад бамбёжкамі прыцягнула на паўгода наперад, тэлефаную, ды стараюся не плакаць. Не атрымліваецца.

Дачка ўжо усміхаецца і роўна дыхае.

А я.

Я перастала адказваць у мэсэнджары, вы пытаецеся «Як ты? Жывая?». А я не магу сабрацца духам, каб адказаць. Мне здаецца, я памерла.

П. С.: не плач, доча, у нас усё добра, мы з татам у карты гуляем, я яго толькі што дурнем зрабіла, не плач, у нас нібы крыху менш бамбяць сёння ў мікрараёне, і снег пайшоў, ўяўляеш!

Я люблю цябе, мама».

Каментары

Цяпер чытаюць

Што стала прычынай смерці трох работнікаў «Беларуснафты» падчас рамонту на трасе

Што стала прычынай смерці трох работнікаў «Беларуснафты» падчас рамонту на трасе

Усе навіны →
Усе навіны

Праз Сонечную сістэму ляціць аб'ект, паводзіны якога нагадваюць кіраваны касмічны карабель18

Расійскі дрон атакаваў рэйсавы аўтобус у Сумскай вобласці. Ёсць ахвяры3

У Беларусі сёлета няма чарніц. Калі летась нарыхтоўшчыкі прынялі дзясяткі тон ягад, то сёлета — нічога4

Фларэнцыю назвалі найлепшым горадам Еўропы для турызму2

Найбуйнейшая сетка фастфуду ў свеце, пра якую амаль не ведаюць на Захадзе1

Былы палітвязень Сяргей Шэлег параўнаў Валадарку з гасцініцай у Эфіопіі. Кажа, гэта дапамагло ўспрыняць рэальнасць1

Стала вядома імя яшчэ аднаго агента КДБ, які можа быць датычным да знікнення Мельнікавай18

Пад Іванавам перакулілася маршрутка: сем чалавек у бальніцы

МАК схіляецца да таго, каб дапусціць беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што стала прычынай смерці трох работнікаў «Беларуснафты» падчас рамонту на трасе

Што стала прычынай смерці трох работнікаў «Беларуснафты» падчас рамонту на трасе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць