Прэм'ер Ізраіля параіў Зяленскаму выканаць патрабаванні Пуціна? Ізраільскі бок абвяргае гэта
Прэм'ер Ізраіля Нафталі Бэнэт раіў ўкраінскаму прэзідэнту прыняць прапановы Расіі для заканчэння вайны. Пра гэта паведаміў амерыканскі партал Axios са спасылкай на прадстаўніка ўкраінскіх уладаў, піша «Еўрапейская праўда».

Партал не прыводзіць зместу расійскай прапановы, аднак публічна Крэмль патрабаваў «дэмілітарызацыі», нейтралітэту Украіны, а таксама прызнання анексіі Крыма і так званых ДНР і ЛНР.
Высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік заявіў, што Бэнэт ініцыяваў званок у аўторак і рэкамендаваў Зяленскаму прыняць прапанову.
«Бэнэт, па сутнасці, кажа нам здацца, і мы не маем намеру гэта рабіць», — сказаў высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік.
Аднак службовец у офісе прэм'ер-міністра Ізраіля заявіў, што падрабязнасці званка, апісаныя украінскім чыноўнікам, не адпавядаюць рэчаіснасці.
«Мы сумняваемся, што чыноўнік з'яўляецца высокапастаўленай асобай, якая цяпер знаходзіцца ва Украіне і якая прысутнічала пры званку, бо гэта была прыватная лінія. Нашы кантакты адбываюцца непасрэдна з прэзідэнтам Зяленскім і яго блізкімі дарадцамі», — сказаў чыноўнік у офісе прэм'ер-міністра.
Ізраільскі чыноўнік сказаў, што Бэнэт не рэкамендаваў Зяленскаму прыняць прапанову Пуціна, бо Ізраіль такой прапановы не атрымліваў. «Прэм'ер-міністр не мае намеру даваць Зяленскаму ніякіх рэкамендацый або парады на любым этапе», — сказаў чыноўнік.
Ізраільскі чыноўнік адзначыў, што размова Зяленскага і Бэнэта была добрай і доўгай і уключала абмеркаванне магчымасці правядзення пасрэдніцкай сустрэчы ў Ерусаліме.
Каментары