Меркаванні

Пуцін і Лукашэнка заплацяць за адбудову Украіны? Вось як гэта можа быць

Амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн паабяцаў, што Пуцін заплаціць вельмі высокую цану за ўварванне ва Украіну. Дагэтуль гаворка вялася толькі пра санкцыі і магчымую крымінальную адказнасць за ваенныя злачынствы, але можа весціся і пра большае. Прафесар міжнароднага права Эван Крыдл з юрыдычнай школы William & Mary Law School (ЗША) у калонцы для Politico тлумачыць, як можна прымусіць Пуціна плаціць.

Украінскія салдаты нясуць па разбураным мосце ў Ірпені цела мірнага грамадзяніна, забітага расійскімі войскамі, 31 сакавіка. Фота: АР

На працягу гісторыі бакі, што перамагалі ў вайне, часта прымушалі пераможаных агрэсараў сплачваць ім рэпарацыі. Часам яны нават пагражалі ўплываць на неплатнікаў сілай — так было, напрыклад, у выпадку з Германіяй пасля абедзвюх сусветных войнаў.

Але ж вайна ва Украіне — іншая рэч. Нават калі Расія вырашыць вывесці свае войскі, Украіна не здолее прымусіць яе пакрыць шкоду, нанесеную падчас атак на Харкаў, Херсон, Марыупаль і іншыя ўкраінскія гарады.

Тым не менш, ёсць спосаб, як прымусіць Крэмль плаціць. Пасля пачатку расійскага ўварвання ЗША працавалі разам з замежнымі партнёрамі над замарозкай суверэнных актываў расійскага ўрада, а таксама асабістага афшорнага капіталу Пуціна, яго дарадцаў і расійскіх алігархаў. Сярод гэтых замарожаных актываў ёсць рэзервы расійскага Цэнтрабанка, асабістыя банкаўскія рахункі, аб’екты нерухомасці і люксавыя яхты, раскіданыя ва ўсім свеце. Агульны кошт усяго гэтага багацця складае сотні мільярдаў даляраў — значная сума, якую можна выкарыстаць на адбудову Украіны.

З улікам гэтай магчымасці Алег Усценка, эканамічны саветнік Зяленскага, і амерыканскі эканаміст Сайман Джонсан выступілі за тое, каб ЗША і іх партнёры канфіскавалі расійскія замарожаныя актывы і неадкладна накіравалі іх на дапамогу Украіне. Іншыя аналітыкі падтрымліваюць гэтую ідэю.

Такая прапанова можа выглядаць добра з эканамічнага і гуманітарнага пункту гледжання, але ў палітычным і юрыдычным сэнсе да гэтай ідэі ёсць пытанні. Перадача расійскіх актываў Украіне — недапушчальны крок, бо ён пазбавіць міжнародную супольнасць аднаго з нешматлікіх інструментаў ціску на Расію, які можа дазволіць прымусіць яе спыніць ваенныя дзеянні. Пакуль што замарозка актываў не надта паўплывала на паводзіны Пуціна, але ў будучыні гэты факт можа спрацаваць на карысць міру ў перамоўным працэсе.

Не менш важна і тое, што канфіскацыя расійскіх актываў парушыць міжнароднае права. Яно дазваляе ЗША і іх саюзнікам замарожваць расійскія актывы толькі пры ўмове, што яны будуць знаходзіцца ў бяспецы і што пазней Расія здолее атрымаць да іх доступ, калі Крэмль пачне выконваць свае міжнародныя абавязкі. Калі ж актывы перададуць Украіне, гэта будзе незаконная экспрапрыяцыя — крок, які наўрад ці дэманструе павагу да міжнароднага права.

Як рэпарацыі паспрыяюць павышэнню ціску на Расію

Але ж ёсць яшчэ адзін варыянт: ЗША і саюзнікі могуць адмовіцца размарожваць актывы да таго часу, пакуль Пуцін не заплаціць кампенсацыю. Згодна з міжнародным правам, Расія павінна пакрыць шкоду, нанесеную Украіне сваім уварваннем, і ёсць некалькі варыянтаў таго, як Крэмль можа гэта зрабіць. Можна правесці перамовы, падчас якіх будзе абмеркаваная сума, якую Расія выплаціць Украіне, ці заснаваць двухбаковы трыбунал, які будзе вывучаць іскі з боку мірных людзей — такі, напрыклад, які займаўся наступствамі ўварвання Ірака ў Кувейт на пачатку 1990-х.

Пакуль выглядае, што сусветныя лідары ў спробах спыніць расійскую агрэсію больш абапіраюцца на санкцыі, чым на замарозку актываў, але ж на сёння санкцыі не спынілі Пуціна. Больш за тое, калі Украіна і Расія дасягнуць мірнага пагаднення, патрэба ў санкцыях знікне, і тады Расія здолее пазбегнуць сур’ёзнай адказнасці.

Калі ж свет сканцэнтруецца на пытанні рэпарацый, гэта павялічыць моц уплыву на Расію. ЗША і саюзнікі павінны паслаць Расіі сігнал: чым больш шкоды Масква нанясе Украіне, тым большымі будуць тыя рэпарацыі, якія Расія будзе вымушаная сплаціць, калі пажадае пазбавіцца ад санкцый. Такая сувязь прымусіць Расію адмовіцца ад масіраваных ракетных абстрэлаў украінскіх гарадоў.

Беларусь могуць прызнаць агрэсарам нароўні з Расіяй. Ці давядзецца тады плаціць рэпарацыі?

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Каментары

Цяпер чытаюць

Ціханоўскі патлумачыў, чаму ён так паводзіў сябе ў Нью-Ёрку40

Ціханоўскі патлумачыў, чаму ён так паводзіў сябе ў Нью-Ёрку

Усе навіны →
Усе навіны

Чэмпіёнка па тайскім боксе перабіла тату з тварам Лукашэнкі ў сябе на назе7

ААН апраўдваецца — Белы дом западозрыў арганізацыю ў сабатажы праз праблемы падчас выступу Трампа2

Лукашэнка зноў ляціць да Пуціна7

Расійскія дроны перасталі залятаць у Беларусь, хоць Украіну па-ранейшаму атакуюць3

Аўтобусы ўжо займаюць чаргу перад польскай мяжой

У Наварасійску атака беспілотнікаў: два чалавекі загінулі4

Наўроцкі: Расія ставіцца да цэлых нацый як да сваёй каланіяльнай уласнасці19

Важыць 73 кг, і гэта пасля таго, як патаўсцеў у шпіталі. Анжаліка Борыс распавяла пра сустрэчу ў турме з Анджэем Пачобутам9

У Сейме Літвы прапанавалі, каб пасля 5 гадоў жыцця ў краіне здавалі экзамен па літоўскай для падаўжэння ДНЖ24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі патлумачыў, чаму ён так паводзіў сябе ў Нью-Ёрку40

Ціханоўскі патлумачыў, чаму ён так паводзіў сябе ў Нью-Ёрку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць