Эканоміка22

Упадуць цэны, а разам з імі і заробкі? Чаго чакаць ад абмежавання гандлёвых надбавак

Па выніках кастрычніка ў Беларусі была зафіксавана дэфляцыя. Рост цэн можна спыніць часова, але далейшыя наступствы адчуюць на сабе ўсе. Пра тое, чым можа павярнуцца пастанова Саўміна № 713, «Наша Ніва» паразмаўляла са старшым навуковым супрацоўнікам BEROC Анастасіяй Лузгіной.

«На першы погляд можа здацца, што рашэнне правільнае»

Эканаміст лічыць, што, нягледзячы на пэўную незадаволенасць і пратэсты з боку ІП, у бліжэйшай перспектыве ўрад не стане адмяняць прынятае рашэнне.

«Пастанова працуе, хоць яе і працягваюць «шліфаваць», уносячы некаторыя карэкціроўкі. Простаму абывацелю на першы погляд можа здацца, што рашэнне правільнае, бо рост цэн сапраўды спыніўся. Абмежаванні закранаюць каля 90% спажывецкіх тавараў, таму ў кастрычніку мы прыйшлі да таго, што замест працяглага росту інфляцыі атрымалі дэфляцыю», — адзначае эканаміст.

Аднак негатыўных наступстваў ад гэтага рашэння будзе значна больш, чым пазітыўных, паколькі ручное кіраванне эканомікай яшчэ ні да чаго добрага не прыводзіла.

Эксперт BEROC Анастасія Лузгіна

Эксперт адзначае, што тэмпы інфляцыі ў гэтым годзе паскорыліся па ўсім свеце, таму няма нічога дзіўнага ў тым, што цэны ў Беларусі таксама раслі. Аднак у нас акрамя агульнасусветных фактараў уплывалі санкцыі і пагаршэнне іміджу краіны.

«У шэрагу краін узровень інфляцыі блізкі да нашых паказчыкаў, але, нягледзячы на гэта, там нікому не прыйшло ў галаву змагацца з гэтым ручнымі метадамі, зрэзаўшы гандлёвыя надбаўкі і патрабуючы ўзгадняць павышэнне цэн з дзяржаўнымі органамі.

У часы СССР у нас ужо быў досвед па дзяржаўным рэгуляванні цэн. Наступствы гэтых дзеянняў усім добра вядомыя, як і слова «дэфіцыт», які дзесяцігоддзямі суправаджаў жыццё савецкіх грамадзян. І хоць гісторыя паказвае, што ручныя метады кіравання эканомікай не толькі неэфектыўныя, але і шкодныя, Беларусь вырашыла пайсці менавіта гэтым шляхам», — кажа Лузгіна.

Гаворачы аб негатыўных наступствах ручнога кіравання эканомікай, эксперт згадвае дэвальвацыю.

«Мы добра памятаем 2009, 2011, 2014 гады, калі Нацбанк звяртаўся да паскоранай дэвальвацыі. Пікавым быў 2011 год, калі на працягу некалькіх месяцаў у краіне назіраўся дэфіцыт валюты і дваістасць курсаў. У выніку рубель дэвальвавалі без малога ў тры разы.

Усё гэта было вынікам таго, што курс да гэтага ўтрымліваўся штучным шляхам. З 2015 года Нацбанк адмовіўся ад такой практыкі, і падобныя сітуацыі больш не паўтараліся».

Наступствы, да якіх прывядзе 713-я пастанова, эксперт падзяляе на два тыпы: для бізнэсу і для спажыўца. Першым усе «перавагі» новых правілаў гульні на сабе адчуў менавіта бізнэс.

«Для часткі бізнэсу дадзеная пастанова можа стаць прысудам і прывесці да яго ліквідацыі. Асабліва гэта тычыцца малога бізнэсу, які не зможа заставацца прыбытковым з прычыны абмежавання гандлёвых надбавак», — лічыць эксперт.

«Бізнэсу будзе прасцей і выгадней нічога не рабіць, чым працаваць са стратамі»

Нацэнка на асобныя тавары цяпер абмежавана 15-20 адсоткамі.

«Пры такой нізкай маржынальнасці імпарцёр можа сутыкнуцца з тым, што выдаткі на ўтрыманне бізнэсу і абавязковыя адлічэнні будуць перавышаць выручку. Атрымаецца, што бізнэсу будзе прасцей і выгадней нічога не рабіць, чым працаваць са стратамі».

Эканаміст не выключае, што, магчыма, ствараючы нявыгадныя ўмовы для імпарту пэўных тавараў, дзяржава хоча падтрымаць айчыннага вытворцу. Але тады гэта непазбежна прывядзе да значнага скарачэння асартыменту тавараў.

«Калі разглядаць тых жа ІП, то мы ўбачым, што за апошнія два гады дзяржава паступова павышае для іх падатковую нагрузку, уразае льготы па адлічэннях у ФСАН. Усё гэта павялічвае іх расходную частку. Цяпер жа да павелічэння выдаткаў дадасца скарачэнне даходаў. Многія могуць не вытрымаць гэтага і будуць вымушаныя ліквідаваць сваю дзейнасць», — упэўненая Лузгіна.

Абмежаванасць у выбары спажыўцы адчуюць пазней, пасля таго як будуць рэалізаваны складскія запасы. Але гэта не будзе дэфіцыт узроўню СССР.

Акрамя таго, пакупнікам прыйдзецца забыцца пра акцыі і зніжкі, а таксама рыхтавацца да пагаршэння ўзроўню сэрвісу.

«Прыкладам зніжэння ўзроўню сэрвісу можна назваць сітуацыю з дастаўкай тавараў. Прадаўцы вымушаныя рабіць яе платнай, павышаць суму замовы для дастаўкі альбо зусім адмаўляцца ад такіх паслуг. Усё гэта мы ўжо маем».

Могуць пацярпець і работнікі.

«Памяншэнне гандлёвых надбавак прывядзе да скарачэння прыбытку арганізацый, што ў сваю чаргу можа негатыўна адбіцца на заработнай плаце супрацоўнікаў. Кіраўніцтва будзе вымушана скарачаць выдаткі ў тым ліку на персанал, паколькі з-за зніжэння прыбытку ў іх можа не застацца магчымасці выплачваць зарплаты на ранейшым узроўні. Бізнэсу давядзецца аптымізаваць выдаткі, што таксама можа прывесці да скарачэнняў», — адзначае эканаміст.

З менш відавочных праблем, якія можа выклікаць рашэнне ручнымі метадамі абмяжоўваць рост цэн, эксперт называе стварэнне спрыяльных умоў для развіцця карупцыі.

«Пастанова цалкам не забараняе падымаць цэны, але павышэнне неабходна абгрунтаваць і атрымаць на яго адабрэнне з боку дзяржавы. І тут узнікае павышаная рызыка выкарыстання карупцыйных схем, паколькі рашэнне будуць прымаць супрацоўнікі дзяржаўных органаў, а не сам бізнэс, зыходзячы з кан'юнктуры рынку».

Апроч гэтага вырастаюць рызыкі таго, што ў пошуку варыянтаў застацца на плаву бізнэс будзе намагацца абыходзіць дадзеныя абмежаванні з дапамогай розных шэрых схем.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 
Чыноўнік патлумачыў, чаму ў крамах слабы асартымент

Яшчэ 20+ кампаній выйшлі з ПВТ і ліквідуюць бізнэс

Каментары2

  • даведка
    11.11.2022
    Один вопрос. Кто виноват в том, что в сетевых магазинах с их дикими ценами практически не стало покупателей?!
  • даведка
    11.11.2022
    У белорусского режима цель к концу года замедлить темпы инфляции... Послабления не раньше начала 2023.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга131

«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскі F-16 збіў расійскі Су-35 дзякуючы дапамозе шведскага самалёта6

Скандал у віп-зале Мінскага вакзала: свецкай журналістцы Бажэне Рынскай забаранілі сесці з нагамі ў крэсле15

Велападарожнік з Пінска паехаў у Смаленскую вобласць — і ў яго там скралі веласіпед4

Вучоныя даказалі эфектыўнасць вывучэння мовы падобна немаўлятам1

Дзяўчына зняла на відэа кампосцер у аўтобусе Брэста. У каментарах гарачая спрэчка — з-за мінчукоў12

Чалы прааналізаваў дэталі ўкраінскай аперацыі «Павуцінне» і прыйшоў да нечаканай высновы15

Трамп накіроўвае Нацгвардыю ў Лос-Анджэлесе, дзе ідуць пратэсты супраць палявання на мігрантаў20

Маладога выпускніка Акадэміі МУС асудзілі па рэдкім артыкуле — за «парушэнне аховы дзяржаўных сакрэтаў»6

Расія заявіла аб уварванні ў Днепрапятроўскую вобласць. Эксперты пацвердзілі баі ў некалькіх сотнях метраў ад мяжы рэгіёна1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга131

«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць