Усяго патроху

«Проста пабіць гэтых вос мухабойкай». Энтамолаг расказаў, як можна пазбегнуць нашэсця восаў і шэршняў

Анамальную актыўнасць і шматлікасць джалячых насякомых сёлета адзначаюць і гараджане, і жыхары вёсак. У горадзе людзей часцей палохаюць восы, а вось у сельскай мясцовасці, на дачах — шэршні. Толькі з пачатку цёплага сезона беларускія ратавальнікі выязджалі на дапамогу ў барацьбе з імі больш за дзесяць тысяч (!) разоў. Зафіксаваныя выпадкі, калі насякомыя атакавалі людзей на прыродзе, як гэта было на турбазе ў Віцебскім раёне, а ў Талачыне сітуацыя ўвогуле скончылася трагічна. «Зялёны партал» пагаварыў пра сёлетняе нашэсце вос і шэршняў з Анатолем Кулаком, энтамолагам, вядучым навуковым супрацоўнікам Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах

Фота: Soey Studio / vecteezy.com

— Гэта анамалія ці не?

— Сёлета, з майго пункту гледжання, так склаліся ўмовы надвор'я, што колькасць вос і шэршняў большая, чым у мінулыя гады. Пасля зімы ў глебе было шмат вільгаці, вясна прайшла без замаразкаў, лета было спрыяльным.

Усё гэта спрыяла таму, што багата квітнелі сады і меданосы, потым добра завязаліся плады і ягады, — то-бок кармавой базы для насякомых хапала. Таму яны аптымальна развіваліся.

І не толькі восы. У гэтым годзе ўспышка колькасці і іншых насякомых — пухнатага шаўкапрада, ваўнянкі, гарнастаевай молі і іншых. А гэта кармавая база для тых жа шэршняў і лічынак вос.

Багацце корму прывяло да таго, што іх колькасць вышэйшая, чым у мінулым годзе. У прыродзе так уладкавана: хто шмат есць, той паспяхова размнажаецца.

— Ці праўда, што восы і шэршні могуць праяўляць агрэсію і нават помсціць людзям?

— Дакладна магу сказаць — не! Мы ім нецікавыя! Гэта ж не камары, не сляпні, якіх прыцягвае кроў чалавека. У нападзе часцей за ўсё вінаваты чалавек, які, сам таго не ведаючы, перайшоў «чырвоную рысу».

Гэтыя насякомыя сацыяльныя і камунікабельныя. Навукова ўстаноўлена, што ў іх ёсць «мова зносін», яны сігналізуюць адно аднаму аб небяспецы пры дапамозе рухаў цела і выдзялення хімічных рэчываў.

Напрыклад, з няўважлівасці хтосьці прыціснуў шэршня паблізу гнязда, той паспеў выдзеліць «рэчыва трывогі». І ўвесь рой тут жа вылятае на абарону. Не дай бог чалавеку ў такі момант знаходзіцца недалёка ад гнязда. Шэршні будуць яго люта абараняць адзіным даступным ім спосабам — джаліць.

— Што рабіць людзям?

— Праяўляць асцярожнасць і пільнасць, не нарывацца на праблемы. У садах трэба своечасова прыбіраць апад, а лепш закопваць яго, каб пах пладоў не прыцягваў вос.

Нават пакет са смеццем выкідаць у кантэйнер з максімальнай асцярожнасцю. Лепш размахнуцца і кінуць здалёк. Таму што пах харчовых адкідаў таксама прыцягвае вос і шэршняў.

Адмовіцца ад пікнікоў на прыродзе — на ежу (мяса, гародніну, садавіну) абавязкова прыляцяць паласатыя госці. Нават марозіва лепш не есці на вуліцы. З'ежце яго дома!

Трэба разумець, што ў такіх вось сітуацыях чалавек — не цар прыроды, і яму не ўсё дазволена. Таму пільнасць, уважлівасць і асцярожнасць!

— Калі нашэсце джалячых скончыцца?

— У прыродзе ўсё гарманічна ўладкавана. Пакуль ёсць ежа для насякомых, яны будуць лётаць і ўяўляць небяспеку для чалавека. Ад тэмператур паветра іх актыўнасць не залежыць. Ды і верасень у Беларусі часцей за ўсё цёплы.

Таму магу спрагназаваць, што да сярэдзіны восені вос і іншых джалячых будзе шмат. Потым рабочыя асобіны загінуць, маткі сыдуць на зімоўку, а лічынкі акукляцца, каб перазімаваць. Усё скончыцца натуральным чынам.

— Парада энтамолага на наступны год?

— Трэба разумець, што калі сёлета такая высокая колькасць вос і шэршняў, то з вялікай верагоднасцю іх будзе яшчэ больш у наступным годзе. Большая колькасць самак сыдзе на зімоўку, і калі яны добра перазімуюць, то ў наступным годзе яны зробяць яшчэ больш гнёздаў і выведуць яшчэ больш нашчадкаў. Кожная самка дасць у выніку яшчэ 200-400 асобін.

Таму мая парада такая — самастойна зніжаць іх колькасць яшчэ вясной.

У красавіку-траўні ўзбройцеся мухабойкай і ўважліва агледзьце свае ўчасткі, дамы, дачы, драўляныя пабудовы. Менавіта ў гэты час восы-самкі шукаюць месцы, дзе закладаць гнёзды. Часцей за ўсё іх можна ўбачыць на паверхнях са старой падсохлай драўніны.

Што зрабіць? Проста пабіць гэтых вос мухабойкай, і вы пазбавіце свой участак ад тысяч джалячых насякомых, якія будуць дакучаць вам у жніўні-верасні.

Чытайце таксама:

У Маларыцкім раёне мужчыну ўджаліла невядомае насякомае. Ён памёр

Беларусаў па ўсёй краіне тэрарызуюць восы, а на лецішча пад Гроднам прыляцеў асаед

Як паводзіць сябе пры сустрэчы з дзікімі жывёламі — раяць спецыяліст і бывалы паляўнічы

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У выніку ўдару па Данецку загінуў камандуючы адной з расійскай армій5

У выніку ўдару па Данецку загінуў камандуючы адной з расійскай армій

Усе навіны →
Усе навіны

У Жытоміры прагучаў моцны выбух1

«Ён міністр з часоў нараджэння Хрыстовага і яшчэ ні разу не сказаў нічога вартага». Марк Рутэ без дыпламатыі выказаўся пра Сяргея Лаўрова4

Экс-караля хіп-хопа P. Diddy апраўдалі па абвінавачванні ў гандлі людзьмі. Але яму ўсё адно пагражае 20 гадоў турмы

Генсак НАТА адрэагаваў на рашэнне ЗША прыпыніць частку вайсковай дапамогі Кіеву3

У вёсцы пад Оршай пры падрыхтоўцы да Дажынак знішчылі гістарычныя будынкі3

Санкцыйная палітыка адміністрацыі Трампа дазваляе Расіі папаўняць вайсковы бюджэт3

Муж Маргарыты Ляўчук быў паранены на фронце5

Зяленскі пазбавіў украінскага грамадзянства мітрапаліта УПЦ Ануфрыя5

На мінскай Камароўцы ў два разы патаннелі лісічкі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У выніку ўдару па Данецку загінуў камандуючы адной з расійскай армій5

У выніку ўдару па Данецку загінуў камандуючы адной з расійскай армій

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць