Грамадства

Беларусы расказалі, якім анлайн-ініцыятывам найбольш давяраюць

Названа і тая ініцыятыва, якая ўнізе рэйтынгу.

Цэнтр новых ідэй прадставіў даследаванне пра лічбавую трансфармацыю беларускага дэмакратычнага супраціву. У вялікай працы, зробленай пры падтрымцы фонда Фрыдрыха Эберта, ёсць дзве вартыя ўвагі часткі: апытанне беларусаў пра іх стаўленне да анлайн-ініцыятыў і параўнанне наратываў дэмакратычных і праўладных рэсурсаў.

Даследчыкі правялі апытанне пры дапамозе платформы «Народный опрос» у чэрвені 2023 года. У ім удзельнічалі 1200 карыстальнікаў, больш за 95% з іх, паводле сацыёлагаў, знаходзіліся ў Беларусі. 

Перш за ўсё, рэспандэнты адзначылі тыя грамадзянскія анлайн-ініцыятывы, з якімі яны знаёмыя. Лідзіруюць Полк Кастуся Каліноўскага (іх ведаюць 94,5% апытаных) і «Кіберпартызаны» (90,2%), на трэцім месцы «Вясна» (88,8%), пасля яе «Байпол» — 87,2% (адзначым, што якраз у чэрвені адбыўся раскол арганізацыі).

Далей ідуць тры ініцыятывы з падобным вынікам: план «Перамога» (74,8%), «Беларускі Гаюн» (72,8%) і «Байсол» (71,8%). Антылідар рэйтынгу — праект Каардынацыйнай рады «Рух большасці» (9,4%).

Самымі карыснымі для Беларусі ініцыятывамі апытаныя назвалі Полк Кастуся Каліноўскага (82,5%), праваабарончы цэнтр «Вясна» (81,5%), «Кіберпартызанаў» (81,4%), «Беларускі Гаюн» (66,1%), «Байсол» (56,4%) і «Байпол» (55,9%). Што да ўдзелу беларусаў у дзейнасці лічбавых праектаў, тут на першым месцы «Байсол» (20,1%), таксама высокі паказчык у плана «Перамога» (18,3%).

Амаль пятая частка рэспандэнтаў (19,8%) адмовілася адказваць на пытанне пра ўдзел. Асноўнымі формамі свайго ўдзелу карыстальнікі назвалі ахвяраванне грошаў (34,4%), распаўсюд інфармацыі пра ініцыятыву сярод сяброў і знаёмых (28%) і выкарыстанне інфармацыі ад ініцыятывы ў сваіх патрэбах (19,9%). 27% рэспандэнтаў адзначылі, што хаця раней яны і прымалі ўдзел у дзейнасці ініцыятываў, але ў апошнія пару месяцаў гэтага не робяць.

Таксама даследчыкі цягам 12 тыдняў (май — ліпень 2023-га) займаліся маніторынгам беларускіх рэсурсаў на дзвюх платформах — у тэлеграме і ў тыктоку. Пад увагу трапілі па 35 тэлеграм-каналаў прадэмакратычнай і праўладнай скіраванасці, 26 прадэмакратычных і 35 прарэжымных акаўнтаў у тыктоку, а таксама 50 хэштэгаў у тыктоку. 

Даследчыкі параўноўваюць наратывы абодвух бакоў. Вось асноўныя ідэі прадэмакратычных рэсурсаў:

  • Расія — вораг Беларусі.
  • Беларусы падтрымліваюць Украіну.
  • Сітуацыя ў эканоміцы пагаршаецца, людзі бяднеюць.
  • Лукашэнка — не гарант стабільнасці, а дыктатар, пагроза Беларусі і ваенны злачынца.
  • Будучыня Беларусі ў Еўропе, Захад падтрымлівае Беларусь. Беларусам патрэбны здаровы нацыяналізм.
  • Рэпрэсіі працягваюцца, іх дэмаграфія пашыраецца і расце ціск на палітычных вязняў.

А вось што кажуць сваёй аўдыторыі праўладныя рэсурсы:

  • Ядзерная зброя ўзмацняе пазіцыю Беларусі.
  • Заходнія краіны ў крызісе, яны цягнуць за сабой Украіну і маніпулююць ёй. Раней Украіна была з намі, але сёння яна сярод ворагаў.
  • Лукашэнка — гарант незалежнасці і стабільнасці.
  • Апазіцыя падзеленая, Захад фінансуе Ціханоўскую і праз гэта цісне на Беларусь.
  • БЧБ-сцяг не наш, гэта нацысцкі сцяг, і ўсё нацысцкае, накшталт лацінкі, мусіць быць знішчанае. Прыхільнікі БЧБ павінны быць у турме.
  • Расія — партнёр і старэйшы брат. Разам мы пройдзем праз санкцыі і вайну.

Дырэктарка Цэнтра новых ідэй Леся Руднік адзначыла яшчэ некалькі фактаў, знойдзеных падчас працы. Нечаканым для даследчыкаў было тое, што ў прарэжымных каналах моцна прысутнічаюць рэлігійныя наратывы, звязаныя з хрысціянствам і праваслаўем, з выхаваннем паводле рэлігійных каштоўнасцей. Таксама сацыёлагі адзначаюць, што ў дэмакратычных сіл багата старых відэа пра гісторыю беларускага супраціву і пратэстаў, БЧБ-сцяг і нацыянальныя наратывы. Праўладны сектар тыктоку супрацьстаўляе гэтаму відэа, якія рамантызуюць звязаных з рэжымам асобаў — напрыклад, ёсць багата адпаведных ролікаў з Мікалаем Лукашэнкам.

Як мяркуе юрыст Андрэй Сушко, большасць дэмакратычных лічбавых ініцыятываў, якія прагрымелі ў 2020-м, на сёння або перасталі працаваць, або страцілі сваю актуальнасць. Адбываецца спад у лічбавай актыўнасці грамадзянскай супольнасці. На думку эксперта, гэта звязана і з тым, што дзяржава як пастаянны супернік грамадзянскай супольнасці ў нейкім сэнсе знікла: «Перасталі існаваць эфектыўныя механізмы ўплыву на тое, як прымаюцца рашэнні ў дзяржаве. Мы бачым, напрыклад, змяншэнне колькасці петыцый, людзей, якія іх падпісваюць і/ці звяртаюцца ў дзяржаўныя органы. Хутчэй за ўсё, людзі не вераць у тое, што такім чынам магчыма нешта змяніць, а то і баяцца».

На думку аналітыка Арцёма Шрайбмана, беларускае грамадства змянілася пад уплывам рэпрэсій, расчаравання і прапаганды, таму яно ўспрымае анлайн-ініцыятывы апатычна. Таксама 2020-ты быў момантам максімальнага прытоку талентаў у некамерцыйны і палітычны сектары, і гэтыя людзі іх максімальна ўзбагачалі, а сёння людзі з гэтых сектараў сыходзяць.

«Думаю, у будучыні мы прыйдзем да таго, што лічбавы кампанент у грамадзянскай дзейнасці будзе прапарцыянальна меншы, чым сёння, нягледзячы на ўсе новыя цудоўныя інструменты, якія з'явяцца. Бо ўлада змяняецца ў афлайне, і калі мы вяртаемся ў палітычную сферу, гэта так ці інакш прыводзіць нас да пытання пра ўладу. Рана ці позна лічбавы актывізм, як яму і трэба, будзе надбудовай над афлайнавым грамадзянскім удзелам», — мяркуе Шрайбман.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Кансалідацыя без сцяга. Беларускае грамадства добра трымаецца перад расійскай прапагандай — даследаванні

Хто вінаваты, што беларусы не хочуць нараджаць дзяцей?

Вось як памянялася французскае грамадства. Тое самае чакае грамадства беларускае?

Каментары

Цяпер чытаюць

На праспекце Незалежнасці неадэкват на BMW пратараніў восем аўтамабіляў6

На праспекце Незалежнасці неадэкват на BMW пратараніў восем аўтамабіляў

Усе навіны →
Усе навіны

1100 літоўскіх грузавікоў не выпусцяць з Беларусі да адкрыцця мяжы5

За адзін каментар — два гады турмы. У Мінску вынеслі прысуд аднаму з двух братоў з Рэчыцы, затрыманых увесну2

Былы прэзідэнт Эстоніі засумняваўся, што ў Расіі даюць восем гадоў за пасты пра Бучу. Яму адказаў былы асуджаны6

З'явілася ВІДЭА ўезду расійскіх вайскоўцаў у Пакроўск22

Работніцы «Мінск-Арэны» далі калонію за «садзейнічанне экстрэмізму»5

У Бярэзінскім раёне знойдзеныя новыя сляды зніклага хлопчыка2

У Беларусі забароняць прадаваць у крамах дробную бульбу2

Падчас візіту ў Аўстралію Святлана Ціханоўская перамяшчалася па Сіднэі на Uber18

Выйшаў трэйлер фільма «Крамлёўскі чараўнік» пра Уладзіміра Пуціна3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На праспекце Незалежнасці неадэкват на BMW пратараніў восем аўтамабіляў6

На праспекце Незалежнасці неадэкват на BMW пратараніў восем аўтамабіляў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць