Культура22

«Адказ мяне проста агаломшыў — «500 альбомаў па 500 узораў у кожным, усяго 250 000 пісанак»

Пра незвычайнае захапленне Галіны Дамашэвіч піша ў фэйсбуку Міхась Скобла.

Светлым велікодным днём завітаў я аднойчы на кватэру да пісьменніка Уладзіміра Дамашэвіча. Чалавека з моцнай беларускай сарцавінай, дужа мною паважанага — за смелыя выступы ў абарону роднай мовы. За іх ён пры савецкай уладзе доўгі час хадзіў з біркай «нацыяналіста». І — не спяшаўся апраўдвацца.

Мог нават паіранізаваць з гэтай нагоды дзе-небудзь на пісьменніцкім пленуме ці з’ездзе: «Калі я гавару дома, на рабоце, на вуліцы, у краме па-беларуску — мяне называюць нацыяналістам. Калі я хачу, каб на роднай мове гаварылі ўсе беларусы, якія жывуць у рэспубліцы, то я — нацыяналіст у квадраце. А калі, Божа беражы, я хачу, каб па-беларуску навучыліся гаварыць усе, хто прыехаў да нас і даўно жыве ў Беларусі, то я — нацыяналіст у кубе».

Дык вось, сядзім мы з «нацыяналістам у кубе» ў ягоным прасторным кабінеце, п’ем гарбату на зёлках. Маю ўвагу прыцягваюць паліцы, шчыльна застаўленыя пульхнымі папкамі. Хвалю гаспадара за ўпарадкаваны архіў, але Уладзімір Максімавіч адмоўна хітае галавой і гукае ў глыбіню кватэры: «Галя, тут тваёй калекцыяй цікавяцца!»

Фота з фэйсбука Міхася Скоблы

Неўзабаве зычлівая гаспадыня кладзе перада мной на стол адну з папак. У ёй — альбом з узорамі велікодных пісанак. Іх шмат, у мяне ажно вочы разбягаюцца. Пытаюся ў спадарыні Галіны — колькі ж пісанак у вашай калекцыі?

Адказ мяне проста агаломшыў — «500 альбомаў па 500 узораў у кожным, усяго 250 000 пісанак». Дзвесце пяцьдзясят тысяч! І кожны ўзор трэба было прыдумаць (малюнкі не паўтараюцца), карпатліва вымаляваць рознакаляровымі фарбамі!

Разглядаў я тую ўнікальную калекцыю і дзіву даваўся. То хвалістыя пасачкі, то фігурныя палоскі, то крыжападобныя кветкі бэзу, то васількі, бо ж нездарма ў народзе казалі: няма цвяточка над васілёчка. Трапілі на пісанкі і браты нашы меншыя — кураняты, галубкі, коцікі, зайчыкі, сабачкі (валачобныя яйкі аздабляліся такімі малюнкамі, каб пацешыць дзяцей). 

На некаторых пісанках чытаю надпісы «Хрыстос уваскрос!», трапляюцца і незразумелыя літары ВА. «Гэта скарочана Вясёлага Алілуя, — тлумачыць майстрыца. — А галоўны колер на пісанках — чырвоны. Ён сімвалізуе жыццё, сімвалізуе з мёртвых паўстанне Ісуса Хрыста». 

Як зачараваны, не заўважаючы часу, сядзеў я над тымі пісанкамі — падоўжанымі, папярэчнымі і ўскоснымі. З надпісамі на розных мовах — каб віншаваць з Вялікаднем замежнікаў.

Аказваецца, Галіна Дамашэвіч у свой час закончыла Інстытут замежных моў, таму беспамылкова надпісвае пісанкі па-нямецку і па-польску, муж дапамагае зрабіць надпісы па-французску, сын — па-чэшску, унучка — па-іспанску. 

Майстрыца весела прыгадвае, як муж аднойчы пайшоў з яе пісанкамі да Уладзіміра Караткевіча. Ну, пахрыстосаваліся яны належным чынам, разгавеліся. Уладзімір Максімавіч вазьмі і прапануй Уладзіміру Сямёнавічу закусіць жончынымі пісанкамі. Той рашуча запярэчыў — гэта ж творы мастацтва!

А назаўтра ў кватэры Дамашэвічаў прагучаў тэлефонны званок: «Гэта Караткевіч. Мілая кабетка, ты сама не ведаеш, што робіш! Ты ж працягваеш амаль страчаную традыцыю. Трэба неадкладна рыхтаваць выставу!»

Адзіная ў гісторыі Беларусі выстава пісанак адбылася, праўда, значна пазней. Дапамог яе зладзіць у Чырвоным касцёле ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Захопленыя наведнікі запоўнілі сваімі водгукамі цэлы сшытак, майстрыца атрымала падзячныя лісты з замежных краін. І — зваблівыя прапановы. З Польшчы напісаў адзін мастацтвазнаўца: «У нас у Гайнаўцы ёсць Беларускі музей, там вашай калекцыі — самае месца». Падобная прапанова прыйшла і з Літвы: «Этнаграфічны музей гатовы набыць вашы пісанкі, назавіце цану». Але Галіна Дамашэвіч не захацела прадаць свае творы за мяжу. 

Наведаў выставу і тагачасны міністр культуры Беларусі. Адразу прызнаўся, што міністэрства не мае грошай, каб выкупіць калекцыю. Майстрыца пагадзілася аддаць яе бясплатна, але з умовай — каб было знойдзена адпаведнае памяшканне. Памяшкання не знайшлося…

Амаль семдзесят гадоў з пэндзлікам у руцэ стварала сваю калекцыю Галіна Дамашэвіч. А пачалося яе захапленне пісанкамі ў далёкім 1935 годзе, калі яна з бацькам трапіла на кухню Радзівілаў у нясвіжскім палацы і ўпершыню пабачыла расфарбаваныя рознымі ўзорамі яйкі. Дзяўчынка паспрабавала паўтарыць тыя ўзоры дома. А праз чатыры гады на іхняй Клеччыне (як і па ўсёй Беларусі) раскулачвалі хутары, многія сем’і былі вывезеныя ў Сібір. Бацька Галіны знайшоў на разбураным хутары сшытак з узорамі пісанак і перадаў яго дачцэ са словамі: «Там у Сібіры пагінуць нашы майстры, то трэба пераймаць іхняе мастацтва, трэба іх памінаць».

І дачка Галіна памянула тых загіблых на чужыне невядомых землякоў — 250 000 разоў! Ці не пра такую малітву кажуць, што яна нябёсы прабівае?

На развітанне Уладзімір і Галіна Дамашэвічы ўпіхнулі мне ў кішэню некалькі велікодных яек. Дзівосных пісанак і так проста — чырвоных крашанак. Сказалі — традыцыя, валачобнае, і адмаўляцца нельга.

Паехаўшы назаўтра на сваю родную Зэльвеншчыну, я тымі яйкамі-дарункамі на дзіва ўсім размалаціў біткі братоў, швагерак і пляменнікаў. Аказалася, Дамашэвічы ўзычылі мне сапраўдных мацакоў. Ажно шкада было іх на закусь пускаць — як і Караткевічу…

Даўно ўжо няма на свеце маіх старэйшых сяброў. Сышлі яны неяк ціхутка, адно за адным. Што ж, квецень жыцця асыпаецца хутка, як яблыневыя пялёсткі ў траўні. Часам я здымаю з паліцы і перачытваю кнігі Уладзіміра Дамашэвіча «Камень з гары» і «Кожны чацвёрты», якія ён мне падараваў. І згадваю цудоўныя пісанкі яго жонкі Галіны, якімі яна памінала загінулых у Сібіры суайчыннікаў…

Каментары2

  • Беларуска
    13.11.2023
    Вельмі цікава! Такая прыгажосць! Як крыўдна, што няма ў нас пакуль сапраўднай нацыянальнай дзяржавы. А дзе зараз гэтыя 250000 ўзораў? Ці ёсць аб гэтым нейкая інфармацыя ў спадара Міхася? Пэўна, дзеці захоўваюць?
  • Ёсік
    13.11.2023
    Апантаныя людзі, па-добраму зайздрошчу.

Цяпер чытаюць

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней

Усе навіны →
Усе навіны

Прарасійскія надпісы на целе ўкраінскага вайскоўца выразаў хірург падчас аперацыі4

Каля берагоў Канады заўважылі рэдкі чорны айсберг1

ЦАХАЛ загадаў жыхарам аднаго з раёнаў Тэгерана эвакуявацца. Зруйнуюць будынак дзяржаўнага тэлебачання3

ЗША перакідаюць на Блізкі Усход другі авіяносец і дзясяткі самалётаў8

«Прадалі 1647 купюр за 3 дні». Ажыятаж вакол памятнай банкноты Нацбанка не сціхае3

Стала вядома яшчэ пра аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расіі і трапіў у палон1

У паўднёвай Еўропе прайшлі мітынгі супраць турыстаў

Суседзі зрабілі кухню ў лоджыі, і цяпер у суседзяў чуваць звон посуду

«Абзвоньваем дзяцей, унукаў». Чыноўнікі з рулеткамі пайшлі правяраць вышыню травы на ўчастках беларусаў20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць