Кіно11

«Шапаголікі» — французская камедыя пра экаактывістаў

Падкрэсліваючы супярэчнасці, што растуць у грамадстве, «Шапаголікі» расказваюць пра двух заўзятых транжыраў, Альберта і Бруна, якія па вушы ў даўгах. Каб вярнуць жыццё ў нармальнае рэчышча, героі далучаюцца да групы маладых экаактывістаў — але, вядома, не праз тое, што падзяляюць экакаштоўнасці, а таму, што хочуць атрымаць з гэтага карысць.

Une année difficile
Постар да фільма Эрыка Таледана і Аліўе Накаша «Шапаголікі» (Une année difficile). Фота: ADNP — TEN CINEMA — GAUMONT — TF1 FILMS PRODUCTION — QUAD+TEN

Арыгінальная назва фільма перакладаецца як «Цяжкі год» і менавіта яна ёсць стопрацэнтным трапляннем у ідэі фільма. Тут і жарт пра французскіх палітыкаў, для якіх кожны год, пачынаючы з 1970-га, быў цяжкім: фільм адкрываецца мантажом прамоў розных прэзідэнтаў рэспублікі ў канцы года, і кожны палітык ужывае гэтыя словы. «Цяжкі год» — гэта і адсылка да галоўных герояў, у якіх увесь час — адзінае апраўданне: «Трапіў у такую нявыкрутку, бо год быў цяжкі».

Пачатковая сітуацыя ідэальная для камедыі — двое мужчын становяцца сябрамі, бо ў іх ёсць нешта агульнае, а менавіта — процьма даўгоў. Адзін — Альберт — працуе ў аэрапорце, дзе і начуе, таму што ў яго больш няма кватэры. Маленькі заробак, які атрымлівае ад апрацоўкі багажу, ён дапаўняе незаконнымі здзелкамі па продажы канфіскаванага тавару. Другі — Бруна — раптам аказваецца адзін: жонка сышла ад яго і забрала з сабой сына. Усё з-за даўгоў. Калі Альберт яшчэ мае трохі імпэту, каб змагацца з абставінамі, то Бруна ўжо здаўся настолькі, што гатовы скончыць жыццё самагубствам.

Разам мужчыны трапляюць на кансультацыю па даўгах і ў сацыяльнае кафэ, дзе сустракаюцца з групай экаактывістаў, да якіх далучаюцца. Не таму, што апантаныя іх ідэямі, а таму, што спадзяюцца атрымаць нешта бясплатна, нават калі гэта будзе ўсяго толькі куфаль піва. Але хутка ў герояў з’явяцца і больш маштабныя задумы, як можна выкарыстоўваць наіўных абаронцаў навакольнага асяроддзя ў сваіх мэтах. Той факт, што Альберт закахаецца ў галоўную актывістку руху Валянціну, стане прыемным пабочным эфектам.

Une année difficile
Кадр з фільма «Шапаголікі». Фота: ADNP — TEN CINEMA — GAUMONT — TF1 FILMS PRODUCTION — QUAD+TEN

Рэжысёры фільма Аліўе Накаш і Эрыка Таледана разам здымаюць фільмы яшчэ з сярэдзіны 1990-х. У «Шапаголіках» яны вырашылі звярнуцца да актуальных тэм свайго часу: надзвычайнай кліматычнай сітуацыі, росту спажывецтва і адначасова — галечы ды, вядома, «цяжкага года».

Як адзначыў Эрыка Таледана ў дачыненні да выбару персанажаў, ягоныя героі — цалкам самотныя ў грамадстве,

бо «любая пазыка мае ў сабе нейкую трагедыю і спараджае гвалт, маўчанне, сорам і адзіноту».

Гэта прычына, чаму героям няма чаго губляць і яны гатовыя на розныя эксперыменты. Але па вялікім рахунку яны — цынікі, якія імкнуцца зарабіць грошы, і камедыя сілкуецца гэтымі сітуацыямі. Са слоў рэжысёраў, у якасці эстэтычных узораў яны кіраваліся такімі італьянскімі камедыямі 70-х, як I soliti ignoti і I mostri — менавіта гэтыя стужкі іх надзвычай натхнілі.

Галоўных герояў Альберта і Бруна грае акцёрскі дуэт Піё Мармай і Джонатан Коэн — два ветэраны сучаснай французскай камедыі (Мармай — гэта яшчэ і Партос у нядаўна знятых «Трох мушкецёрах»). Паміж гэтымі персанажамі ёсць даволі трывалае паразуменне, да якога далучаецца менш адкрыта камічная, але ўсё ж пераканаўчая ігра актрысы Ноэмі Мерлан.

Une année difficile
Кадр з фільма «Шапаголікі». Фота: ADNP — TEN CINEMA — GAUMONT — TF1 FILMS PRODUCTION — QUAD+TEN — Carole Bethuel

Галоўная праблема «Шапаголікаў» — у няўпэўненым балансаванні рэжысёраў паміж іранічнай лёгкасцю герояў і сур'ёзнасцю праблем — кіно як быццам само не ведае, у якім кірунку хоча ісці. Актывісты ў цэлым паказаныя наіўнымі і шаблоннымі, а галоўным персанажам не хапае адчайнасці, рэзкасці і з'едлівасці, каб яны сталі больш моцнымі і кранальнымі ды прэтэндавалі на тое, каб раўняцца з героямі італьянскіх камедый 1970-х.

У астатнім стужка мае ўсе рысы прыемнай камедыі — досціп, нязмушанасць і адсутнасць якой бы там ні было вульгарнасці. А вось ці захочацца гледачу пасля прагляду паразважаць на складаныя тэмы кшталту празмернага спажывецтва і глабальнага пацяплення — гэта адкрытае пытанне.

Каментары1

  • Яўген
    11.01.2024
    Паважаная рэдакцыя "Нашай Нівы", падкажыце калі ласка, навошта вы перакладаеце назвы фільмаў не з арыгіналу, а з расейскіх інтэрпрэтацый. Расейскія маркетолагі перакладаюць усё на свой лад, вельмі часта ўвогуле бяруць назвы з галавы. Мне, як кінафілу, было б вельмі прыемна, калі б вы былі вышэй за гэта.

Цяпер чытаюць

Памятаеце выпускніка інстытута ФСБ, які раскатваў па Гродне са сцягам Наваросіі? Цяпер ён стаў варшаўскім бізнэсменам29

Памятаеце выпускніка інстытута ФСБ, які раскатваў па Гродне са сцягам Наваросіі? Цяпер ён стаў варшаўскім бізнэсменам

Усе навіны →
Усе навіны

«Вось убачыце. Праз некалькі тыдняў ці дзён». Намёкі Лукашэнкі пра нейкія крокі выразалі з тэкставай версіі яго прамовы14

«Ні ў якім разе я не рабіў заявы». Келаг зняпраўдзіў словы Лукашэнкі11

Купіў будынак пад рэстаран за 262 тысячы рублёў. Цяпер участак хочуць забраць, каб пабудаваць там… рэстаран5

«Тым, хто настальгуе па саўку, спадабаецца». Блогер пераначаваў у найгоршых гатэлях Беларусі і падзяліўся ўражаннямі11

Пракоп'еў: Знізьце ўзровень чаканняў. Я не бачу ніводнай аб'ектыўнай прычыны, каб наступала адліга14

Расіяніна затрымалі з 37 кілаграмамі наркотыкаў у Мінску2

Куды беларусы могуць лятаць без візы і без перасадак?3

«Хтосьці ў кіраўніцтве сілавікоў вырашыў вывесці Бялюціна са «справы Аўтуховіча» і выкарыстаць іначай»3

Зяленскі падтрымаў Азербайджан у канфлікце з Расіяй2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце выпускніка інстытута ФСБ, які раскатваў па Гродне са сцягам Наваросіі? Цяпер ён стаў варшаўскім бізнэсменам29

Памятаеце выпускніка інстытута ФСБ, які раскатваў па Гродне са сцягам Наваросіі? Цяпер ён стаў варшаўскім бізнэсменам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць