Салігорац даведаўся, што стаў ахвярай злачынства, калі ўбачыў сваю рэч у незнаёмкі на вуліцы
Мужчына некалькі месяцаў таму пазычыў ровар прыяцелю, праўда, той не спяшаўся вяртаць чужы транспарт. Якое ж было здзіўленне ўладальніка, калі на вуліцы ён сустрэў незнаёмую жанчыну на сваім «двухколавым», паведамляе абласная міліцыя.

Не пасаромеўшыся спытаць, адкуль у жанчыны гэтая рэч, гараджанін даведаўся, што тая купіла ровар у ламбардзе. Уладальнік нічога не ведаў і згоды сваёй не даваў, таму патэлефанаваў у міліцыю.
Аператыўнікі ўстанавілі, што прыяцель мужчыны, узяўшы ровар у часовае карыстанне, неўзабаве абмяняў яго ў ламбардзе на наяўныя.
У дачыненні да «прадпрымальнага» фігуранта распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 211 КК РБ — прысваенне альбо растрата маёмасці асобай, якой яна давераная.
А двухколавы транспарт вернецца да законнага ўладальніка.
Каментары