Грамадства88

Лукашэнка ў выступе паўтараў ідэі Марата Маркава. Асоба новага міністра інфармацыі ўжо вызначана?

Пасля прызначэння Уладзіміра Пярцова ў Адміністрацыю Лукашэнкі такая важная для рэжыму пазіцыя міністра інфармацыі застаецца вакантнай. Падумаўшы, кандыдатур на яе не так шмат, але пасля выступленняў Лукашэнкі абрысы новага кіраўніка прапаганды праглядаюцца ўсё больш яўна.

У сваім выступленні на злёце прапагандыстаў «Роля журналіста ва ўмовах трансфармацыі грамадства» галоўны госць — Аляксандр Лукашэнка — даваў характарыстыкі цяперашняму стану прапаганды і выказваў ідэі аб яе будучыні.

У частцы ацэнак Лукашэнка, якому заўжды тэзісы выступу рыхтуюць загадзя, аказаўся сугучным з тымі думкамі, якія транслюе ананімны тэлеграм-канал «Графач», звязаны з шэфам АНТ Маратам Маркавым. 

Марат Маркаў у эфіры Беларусь-1

Маркаў паслядоўна звяртае ўвагу на шкоду бяздумнай, шалёнай прапаганды, якая настолькі не вяжацца з рэальнасцю навокал, што мае, хутчэй, адваротны эфект.

Ён адкрыта, хоць і пяшчотна, крытыкуе такія шкодныя элементы ў эфіры, як групоўку русафілаў, падобных дзермантам і пятроўскім, роўна як спробы рачылоўскіх, якія ніколі ў жыцці не працавалі, быць экспертамі ў тонкіх пытаннях, а таксама бяздумную моўную плынь азаронкаў, якая выліваецца ў канкрэтныя праблемы для лукашэнкаўскіх дыпламатаў.

Вось і Лукашэнка асцярожна, не пераходзячы на персоны, наехаў на тых крыкуноў, якія «апускаюцца ніжэй за плінтус», выходзяць на экран і «лаюць усіх і ўся, лічачы, што ўжо ва ўсім разабраліся».

Пільны назіральнік заўважыў бы ў гэтым намёк на фігуру новага міністра інфармацыі, вакантную з красавіка.

@nashaniva Лукашэнка параіў Азаронку апусціцца на зямлю #лукашэнка #беларусь #нашаніва #беларусьновости #пропаганда #азаренок #беларускаямова ♬ Funny Guy - Parry Music

Сапраўды, выбар у Лукашэнкі не вельмі шырокі. А лаўка людзей, якія трошку разумеюць у менеджменце медыя, аказалася штучна скарочанай прынамсі на адну фігуру: ну як ты прызначыш Івана Эйсманта міністрам, калі ягоная жонка — твой прэс-сакратар? Такое адкрытае кумаўство Лукашэнкам не практыкавалася, дый пасада кіраўніка БТ і так прыроўненая да міністэрскай, толькі што падпарадкоўваецца ён наўпрост кіраўніку краіны.

Галоўны рэдактар «Советской Белоруссіі» Дзмітрый Жук — так сабе фігура ў частцы і спецыялізацыі, і эфектыўнасці, і маштабу мыслення, і аўтарытэту ўнутры сістэмы.

Калі можна смела казаць, што прапаганду ў візуальным фармаце дакладна спажываюць, як мінімум уключаючы навіны, то паверыць у тое, што беларусы адкрываюць «СБ», каб пачытаць меркаванне «залатога пяра» Беларусі Мукавозчыка, нерэальна — наклады газеты няўмольна падаюць.

Шэф СТБ Аляксандр Асенка выглядае навічком, якому пакуль рана давяраць буйныя дзяржаўныя пасады. Ён 25 гадоў адпрацаваў на рэгіянальным наваполацкім тэлебачанні і толькі прыглядаецца да сталічных рэалій і правілаў гульні.

Іншыя кадры з СТБ таксама маларэальныя: Кірыл Казакоў — збіты лётчык, які скампраметаваў сябе. Яўген Пуставы — шараговы выканаўца бруднай работы.

З улікам імпэту, энергічнасці і вернасці лукашэнкаўскім ідэалам можна было б уявіць міністрам кіраўніка дзяржаўнага Саюза журналістаў Андрэя Крывашэева, але ў частцы намеклатурнай вагі і кіраўнічага вопыту яны з Маркавым у розных катэгорыях. 

Маркаў, прафесійны вайсковец і былы супрацоўнік Адміністрацыі Лукашэнкі, і цяпер па ўплыве роўны міністрам, у той час як Крывашэеў — фігура драбнейшая, малазаўважная.

Выбар выглядае відавочным, але застаецца толькі зразумець адказ на пытанне, ці патрэбна гэта самому Маркаву: кіраўнікі самага папулярнага з беларускіх каналаў АНТ гістарычна былі самымі багатымі сярод іншых медыяначальнікаў.

Нашмат прыемней служыць Лукашэнку, седзячы на рэкламных плынях свайго канала, чым рабіць тое ж самае ў крэсле міністра інфармацыі, у якога грошай менш, а адказнасці ў разы больш. 

***

Марат Маркаў нарадзіўся ў 1969 годзе ў Лунінцы. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча СПА, праслужыў у беларускім войску 13 гадоў, дзе даслужыўся да намесніка камандзіра ўзводу. Па сканчэнні юрыдычнага факультэта БДУ некалькі гадоў працаваў аўдытарам. Пазней уладкаваўся ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Адтуль перайшоў у Адміністрацыю прэзідэнта, дзе дайшоў да пасады 1-га намесніка начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення. У снежні 2011 года быў прызначаны намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі ў інфармацыйнай галіне. У сакавіку 2017 года прызначаны старшынёй праўлення АНТ (ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал»). Знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўрасаюза.

Каментары8

  • Валя
    29.05.2024
    Марков или Азаронак-это одно и то же дерьмо. Один хитрый, второй прямой. Но ни служат одному демону.
  • Pieramoha !
    29.05.2024
    усё , зліваюць ардынскіх сабак ....
  • Міколка
    29.05.2024
    Справа ў тым, што разнастайныя Азаронкі трапілі ў трэнд, а часы хітрастворанай інтэлектуальнай прапаганды ў стылі Маркава - прайшлі. І гэта не выпадкова. Калі ў рэальным жыцці беларусы сутыкаюцца выключна з масавымі рэпрэсіям, дубінкамі карнікаў-нэандэртальцаў, цэнзурай, беспраўем, праізволам чынуш вертыкалі, пернікаў у рэжыма хапае толькі для ахоўнікаў улады Лукашэнкі, моцнае адставанне ўзроўню жыцця ў Беларусі ў параўнанні з заходнімі суседзямі не схаваць, а карупцыйны характар лукашэнкаўскага рэжыма прэ з усіх шчылін - для разнастайных Маркавых прасторы проста не застаецца. Бо іхныя словы занадта дысануюць з рэчаіснасцю.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў29

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп увёў пошліны 50% на тавары з Бразіліі5

Біцэпсы Івана Краўцова здзівілі сацсеткі. Ён расказаў, як трымае сябе ў спартыўнай форме57

Лес як нажом зрэзала. Наступствы непагадзі ў Мінскім раёне ФОТА1

На аўкцыёне ў Францыі прадалі ношаную шкарпэтку Майкла Джэксана2

Дзесяць лайфхакаў, як палепшыць працу пральнай машыны і лепш адмываць рэчы6

Некалькі сведкаў кажуць, што беспілотнікаў на Мінск ляцела два13

У якія краіны для беларусаў найбольш дарагія турыстычныя візы? Лідар нечаканы2

Індыйскія дактары падчас падрыхтоўкі пацыенткі да аперацыі выявілі новую групу крыві

У Японіі пасля землятрусу на бераг выкінула некалькіх кітоў ВІДЭА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў29

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць