Грамадства44

Экс-начальнік Генштаба Малдовы зліваў сакрэтную інфармацыю сваім куратарам з ГРУ Расіі

Ігар Горган рэгулярна дакладваў пра ўнутраную палітычную абстаноўку ў Малдове.

Ігар Горган. The Insider

The Insider атрымаў доступ да перапіскі ў тэлеграме экс-начальніка Генштаба Малдовы Ігара Горгана з яго куратарам з ГРУ Расіі палкоўнікам Аляксеем Макаравым — Горган рэгулярна дакладваў аб унутранай палітычнай абстаноўцы ў Рэспубліцы. Больш за тое, ён перадаваў звесткі аб візітах прадстаўнікоў Мінабароны Украіны, якія закуплялі вайсковую тэхніку і снарады для сваіх Узброеных сіл.

«Малдаўскі сувязны» працаваў у Генштабе да канца 2021 года, пакуль новы прэзідэнт Мая Санду не адправіла яго ў адстаўку. А напярэдадні масавай высылкі з Малдовы расійскіх дыпламатаў-шпіёнаў у ліпені 2023 года ён уладкаваўся на працу ў ААН. Карыстаючыся сваімі старымі сувязямі ў Мінабароны Малдовы, Горган застаецца важным інфарматарам ГРУ.

Ігар Горган і Аляксей Макараў пачалі асабліва актыўна кантактаваць у красавіку 2022 года, гэта значыць ужо пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

Канфідэнцыйныя сустрэчы ў асноўным праходзілі ў кішынёўскіх кафэ альбо на рыбалцы: «Я магу сустрэцца з кім заўгодна, я чалавек дзеяння, трэба рухацца наперад хутчэй!!! Трэба паехаць на рыбалку і ўсё абгаварыць! Мы жывем у гістарычныя часы! І нам рабіць гэтую гісторыю!» — абвяшчае адзін з лістоў малдаўскага генерала.

Мяркуючы па гэтых паведамленнях, ГРУ асабліва цікавіла, якое ўзбраенне Кіеў закупляе ў суседніх краінах, у тым ліку ў Малдове.

Генерал Горган тут жа дакладвае: «Украінскі Украбаронэкспарт спрабуе ў Малдовы выкупіць (або забраць пры дапамозе» партнёраў») 6 МіГ-29, якія знаходзяцца ў Маркулештах. Вельмі моцна настойваюць… Пакуль самалёты на месцы. Аперацыю хочуць «пракруціць» праз падстаўную фірму з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў найбліжэйшым часам».

У той жа дзень яшчэ адно паведамленне: «Чыгуначныя саставы з гаручым ідуць з тэрыторыі Малдовы, а менавіта з сяла Ётулія — у населены пункт Украіны Рэні. Склад з палівам рухаецца толькі ноччу, днём стаіць на месцы, каб не стаць мішэнню ВКС РФ».

«Дзякуй», — адказвае палкоўнік Макараў.

Чарговае пасланне куратару не прымусіла сябе доўга чакаць: «Украінцы ўжо 3 тыдні ходзяць па нашым Міністэрстве абароны і просяць усё запар, асабліва снарады да артылерыі».

Не давалі спакою агенту Горгану і пастаўкі ўзбраенняў ва Украіну праз Румынію, і ён дае парады палкоўніку Макараву: «Трэба хутчэй перакрыць мяжу з Румыніяй! Гэта вялікая дзірка! Адтуль вельмі шмат грузаў паступае ва Украіну. Асабліва ваенных грузаў! У румын яшчэ працуюць некаторыя ваенныя заводы па вытворчасці ўзбраення і боепрыпасаў».

Агент Горган

Біяграфія агента Горгана вельмі тыповая для афіцэра Савецкай Арміі. Ён нарадзіўся ў 1969 годзе ў малдаўскіх Дубасарах. Пасля тэрміновай службы паступіў у агульнавайсковае вышэйшае ваеннае вучылішча ў Новасібірску, якое скончыў у 1991 годзе. Вярнуўшыся ўжо ў незалежную Малдову, Горган спачатку служыў у паветрана-дэсантнай дывізіі ў Адэскай вобласці, а затым — камандзірам 2-й мотапяхотнай брыгады ў Кішынёве.

У 2001 годзе перспектыўнага афіцэра адправілі на вучобу ў каледж камандавання і Генеральнага штаба арміі ЗША ў Форт-Лівенворце. З 2003 года ён удзельнічаў у міжнародных місіях НАТА ў Босніі і Герцагавіне, Грузіі і Іраку.

У 2013 годзе генерал заняў пасаду начальніка Генеральнага штаба Малдовы, але ў выніку канфлікту з тагачасным міністрам абароны Анатолем Шалары яму давялося пакінуць вайсковае ведамства. У 2019 годзе пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах стаўленіка Масквы Ігара Дадона Горган зноў узначаліў Генштаб. У гэтым крэсле ён прасядзеў да верасня 2021 года, пакуль новы прэзідэнт Мая Санду не адправіла яго ў адстаўку.

Між тым, у Міністэрстве абароны Малдовы засталося нямала стаўленікаў Горгана, якія забяспечваюць яго сакрэтнай інфармацыяй.

Куратары з ГРУ

Калі менавіта Горган выйшаў на прадстаўніка ГРУ і прапанаваў свае паслугі, высветліць не ўдалося. Крыніца The Insider у вайсковай разведцы выказала здагадку, што, хутчэй за ўсё, актыўныя кантакты пачаліся ў 2004 годзе, калі Горган служыў у місіі NATO. Прынамсі вядома, што да палкоўніка Макарава ён знаходзіўся ў агентурнай сувязі з расійскім вайсковым аташэ ў Кішынёве Вадзімам Ухналёвым.

Да Малдовы гэрэушнік шпіёніў у Літве, але «там ён дзесьці накасячыў, і яго тэрмінова адклікалі». Цяпер палкоўнік Ухналёў займае пасаду вайсковага аташэ ў Казахстане, дзе «ўсталяваў актыўныя кантакты сярод вайсковага кіраўніцтва».

Пасля ад'езду Ухналёва Горган курыраваў іншы ваенны аташэ — Ігар Доўбня. У распараджэнні The Insider і «маленькай краіны» ёсць запіс тэлефоннай размовы паміж Горганам і Доўбняй, дзе яны дамаўляліся сустрэцца і «ўсё абгаварыць» ля мемарыяла загінулым воінам-афганцам у Кішынёве.

У распараджэнні The Insider маюцца аўдыёзапісы размоў Горгана, і пры параўнанні яго голасу на гэтых запісах з узорамі з адкрытых крыніц становіцца відавочна, што гаворыць адзін і той жа чалавек.

У 2017 годзе Доўбню выправадзілі з Малдовы за шпіёнскую дзейнасць, цяпер ён узначальвае апарат расейскіх вайсковых аташэ ў Кыргызстане і актыўна наладжвае кантакты з былымі афіцэрамі Савецкай Арміі і ветэранскімі арганізацыямі, якія пражываюць у Бішкеку.

Палкоўнік Макараў

З 2019 года «шэфства» над Горганам перайшло да палкоўніка Макарава, які служыў у вайсковым аташаце расійскай амбасады. У 2001 годзе Макараў скончыў Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча, і адтуль яго перавялі ў ваенную разведку.

Малдаўскія журналісты-следчыя, якія спецыялізуюцца на расійскім шпіянажы, не раз заўважалі генерала Горгана ў расійскай амбасадзе ў Кішынёве, а аднойчы — і падчас канфідэнцыйнай сустрэчы з Макаравым.

У Малдове ўсё гатова да ўводу расійскіх войскаў:

«Нам тэрмінова трэба ачышчэнне краіны ад усякай фашысцкай мразі!!! Шмат хто гатовы. Перадайце … час прыйшоў. Я ўсю сітуацыю ў войску трымаю на кантролі… Тут, да радасці, няма «Азова» і іншых нацфармаванняў, а з палітыкамі разбярэмся хутка». Паміж агентам і куратарам склаліся цалкам сяброўскія адносіны. Як генерал збіраўся разабрацца з палітыкамі, здагадацца няцяжка.

Напярэдадні масавай высылкі расійскіх дыпламатаў з Малдовы ў ліпені 2023 года Горган перастаў выходзіць на сувязь і ўладкаваўся ў Прадстаўніцтва ААН па справах бежанцаў у Кішынёве (UNHCR-Moldova).

Агенцтва бярэ на ўлік усіх вымушаных перасяленцаў з Украіны і дапамагае ім з уладкаваннем на новым месцы. Іронія палягае ў тым, што Горган, які яшчэ нядаўна прапаноўваў гэрэушніку ўсталяваць блакаду Украіны, цяпер займаецца дастаўкай гуманітарнай дапамогі для ўкраінскіх дзяцей.

Каментары4

  • Джып
    05.06.2024
    Страшна нават падумаць колькі падобных агентаў працуюць у Беларусі ды наўпрост дакладваюць крамлю.
  • бабруйчанін
    05.06.2024
    Учора як павядамлялі служба бяспекі Малдовы занялась ..беларусамі))) Пытаў а Шорам і да Ізраля пытаннеў ні маюць?А тутака вось якая хууурма))Плямы нквд школыкдэбэ паколу у суууседзей рБ блізкія і далекія......суууууседзі)) Калі у сябя " німа жадання" ці трапішь на якога кіраўніка генштаба..шчамі ..?? ...беларусаў...))
  • Джып
    05.06.2024
    ААН , прэмію яму крэмль выдае.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Заканчваецца тэрмін даўніны па народным пратэсным артыкуле. Больш нікога не пасадзяць? Не, ёсць нюансы3

Заканчваецца тэрмін даўніны па народным пратэсным артыкуле. Больш нікога не пасадзяць? Не, ёсць нюансы

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяржава прадала дом 73-гадовага палітзняволенага Васіля Дземідовіча2

Пашынян паабяцаў узначаліць вызваленне Армянскай царквы ад «антыхрысціянскай, антынацыянальнай, антыдзяржаўнай» групоўкі2

Крык душы дзяўчыны, што скончыла медінстытут і з жахам глядзіць на бліжэйшыя пяць гадоў103

Скарлет Ёхансан стала самай касавай актрысай у гісторыі1

Колькі каштуе сабраць дзіця ў школу сёлета1

Колькі можна зарабіць на высяканні кустоў у Швецыі? Малады беларус падзяліўся досведам19

Памёр Мікола Люцко

Іван Краўцоў: Заявы Ціханоўскай выглядаюць крывадушнымі57

Выйшаў на волю былы старшыня яўрэйскай абшчыны ў Гродне

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Заканчваецца тэрмін даўніны па народным пратэсным артыкуле. Больш нікога не пасадзяць? Не, ёсць нюансы3

Заканчваецца тэрмін даўніны па народным пратэсным артыкуле. Больш нікога не пасадзяць? Не, ёсць нюансы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць