Грамадства1010

Пасля прыёму ў міністра Кубракова арыштавалі жанчыну, якая шмат гадоў змагаецца з «педафільскім лобі»

Наталля Мікуліч выглядала прафесійнай скаржніцай. Суд стаў на бок зяця, але яна не здавалася і кожны дзень пісала абвінавачванні ў бок сілавікоў, якія адмовіліся заводзіць крымінальную справу.

Фота з фэйсбука Наталлі Мікуліч

«Гэты акаўнт падтрымлівае палітыку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча», — пазначана ў эпіграфе на фэйсбук-старонцы 52-гадовай Наталлі Мікуліч. Аднак гэта не дапамагло жанчыне пазбегнуць лёсу палітзняволенай у сучаснай Беларусі.

У фэйсбуку і тыктоку ў Наталлі Мікуліч па 5 тысяч падпісчыкаў. Ужо больш за пяць гадоў яна вядзе зацяты бой з педафіламі і сілавікамі, якія, на яе думку, прыкрываюць педафілаў.

У ранейшых рэаліях яна б проста атрымлівала адна за другой адпіскі ад дзяржаўных органаў. А ў Беларусі-2024 на яе завялі ажно тры крымінальныя справы.

Наталля Мікуліч

Кожны з артыкулаў, які інкрымінуецца жанчыне, выкарыстоўваецца для расправы з палітычнымі апанентамі — «распальванне варожасці або разладу» (ч. 1 арт. 130 КК), «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК) і «паклёп» (арт. 188 КК). Але, як відаць, можа прымяняцца і да прафесійных скаржнікаў — калі іх актыўнасць надакучвае сілавікам.

Хто такая Наталля Мікуліч? Жанчына родам з Вілейкі, але ўрэшце асела ў Валожыне. Выйшла замуж, нарадзіла дачку. Прынамсі раней Наталля займалася дробным бізнэсам, у яе была крама адзення. Аднак цяпер уся яе публічная актыўнасць была прысвечаная педафільскай тэме.

Да прэзідэнцкіх выбараў — 2020 яна некалькі разоў рэпосціла незалежныя медыя (напрыклад, Белсат), але пасля 16 жніўня 2020 гэтага больш так не рабіла. Згодна са звесткамі праекта Digital intelligence team, жанчына трапіла ў базу «Беспарадкі» — магчыма, менавіта за гэта. Праўда, падобна, што доступ да старонкі ў Аднакласніках, на якой былі рэпосты, яна страціла, таму не магла нават выдаліць іх.

Сваё жыццё ў апошнія гады Наталля прысвяціла таму, каб пакараць зяця. Жанчына пераконвала грамадства ў тым, што ён гвалтаваў сваю дачку — адпаведна, унучку Наталлі.

Гэта сур'ёзнае абвінавачванне, якое на цяперашні момант застаецца непацверджаным, таму дзеля абароны інтарэсаў дзіцяці мы не будзем указваць імёны членаў сям'і і падрабязнасці гісторыі.

Пасля бясконцай колькасці праверак і пераправерак следчыя вырашылі не заводзіць крымінальную справу, скаргі Наталлі Мікуліч не далі эфекту. Да таго ж у маі 2023 года зяць жанчыны падаў супраць яе пазоў пра абарону гонару і годнасці. І выйграў.

Падчас змагання з зяцем Наталля Мікуліч абрала цікавую стратэгію — яна стала зацята падкрэсліваць сваю адданасць Аляксандру Лукашэнку, спадзеючыся, што той дапаможа. Таксама яна стала прыхільніцай партыі ЛДПБ і ў нейкі момант уступіла ў яе. Алегу Гайдукевічу яна перыядычна дзякавала ў сацсетках за нейкую падтрымку, праўда, невядома, у чым яна была.

Скрыншоты са старонкі Наталлі. Апошні рэпост Гайдукевіча зроблены за пару дзён за затрымання

Рэпосціла яна і іншыя праўладныя матэрыялы — напрыклад, зварот кіраўніка Валожынскага райвыканкама наконт Дня народнага адзінства ды абвестку пра «акцыю Георгіеўская стужка».

Скрыншот са старонкі Наталлі Мікуліч у фэйсбуку

Але ўсё ж асноўным кантэнтам, які яна рабіла кожны дзень, былі звароты да грамадскасці і разважанні пра тое, што варта як мага хутчэй «пакараць вінаватых». Яна ваявала ўжо не толькі з зяцем, а пераконвала падпісчыкаў, што ўсе дзяржаўныя структуры пакрываюць педафілаў – і школа ды дзіцячы садок, куды хадзіла ўнучка, і органы апекі, і мясцовыя міліцыянты ды следчыя.

Адзін з допісаў Наталлі. Такіх яна рабіла па некалькі за дзень. Скрыншот з фэйсбука

14 лютага 2024 года Наталля з мужам Сяргеем схадзіла на прыём да міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, які прыязджаў у Валожын. Гэта дало ёй вялікую надзею, бо той загадаў пераправерыць матэрыялы крымінальнай справы. Але праз два месяцы жанчына знікла з усіх сацсетак.

Сяргей і Наталля пасля сустрэчы з Іванам Кубраковым. Скрыншот з фэйсбука

Падпісчыкі жанчыны не ведалі, куды яна падзелася, але адказ з'явіўся ў раскладзе судоў — жанчына, імаверна, пад вартай і яе будуць судзіць.

Суд над ёй пачаўся 9 верасня ў Мінскім абласным судзе. Наталлі Мікуліч пагражае да пяці гадоў калоніі са штрафам.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары10

  • Бацыла шчасця
    09.09.2024
    У інтэрнэтах тысячы крэйзанутых на тэме гвалту, харасменту, аб'юзу, булінгу і інш. кабет. Але гэта цягне максімум на прымусовае нашэнне шапачкі з фальгі. І мне па-чалавечы шкада гэтую ватніцу, як і тысячы астатніх, каго рэжым незаконна кінуў за краты.
  • Фемида
    09.09.2024
    Простая ситуация. Беларусь оккупирована манкуртами и россиянами. Они тупы и злобны. Жрут даже своих.
  • Федзя
    09.09.2024
    В туберкулезный барак ее.

Цяпер чытаюць

Шэсць фактаў пра Андрэя Шведа — былога генпракурора, які цяпер стаў старшынёй Вярхоўнага суда4

Шэсць фактаў пра Андрэя Шведа — былога генпракурора, які цяпер стаў старшынёй Вярхоўнага суда

Усе навіны →
Усе навіны

«Да шостай ранку пяклі». Як украінцы беларускіх палітвязняў пакармілі5

Спевака, беларуса з афрыканскімі каранямі адправілі ў калонію за ўдзел у пратэстах1

Літоўская паліцыя бярэ на сябе ахову Святланы Ціханоўскай12

У Мінску пачаў працаваць першы навагодні кірмаш

ЗША прыпыняе розыгрыш грын-картаў12

15 гадоў таму адбылася другая Плошча — людзі пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў-20104

«Шато дэ Пакет»: у сацсетках жартуюць з таго, што «Белавія» пачала наліваць на рэйсах непрыстойна таннае віно3

Лукашэнка на УНС зноў згадаў Пратасевіча: Цяпер ужо вядома, што ён наш чалавек14

Лідары ЕС дамовіліся выдзеліць Украіне 90 млрд еўра. Замарожаныя расійскія актывы выкарыстоўвацца не будуць4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Шэсць фактаў пра Андрэя Шведа — былога генпракурора, які цяпер стаў старшынёй Вярхоўнага суда4

Шэсць фактаў пра Андрэя Шведа — былога генпракурора, які цяпер стаў старшынёй Вярхоўнага суда

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць