Ежа

Венесуэлка з Беларусі выйграла кулінарнае шоу «Бітва шэфаў» у Маскве

Дзяўчына 10 гадоў жыве ў Беларусі і захапляецца кулінарыяй. А ў фінале гатавала салянку.

Венесуэлка з Беларусі Кайла Пінеда атрымала перамогу ў кулінарным шоу «Бітва шэфаў» у Маскве, спадабаўшыся абодвум вядомым шэф-кухарам — яго вядоўцам Канстанціну Іўлеву і Рэнату Агзамаву, піша «Камсамолка».

Журналістка Кайла Пінеда дзесяць гадоў таму пераехала ў Беларусь з Венесуэлы, сустрэўшы свайго мужа-берасцейца. У сваім блогу дзяўчына распавядае пра жыццё ў Беларусі, а таксама пра знаёмства з цалкам новай для сябе кухняй. Менавіта любоў да кулінарыі прывяла яе на кулінарнае шоу «Бітва шэфаў» на расійскім канале «Пятніца».

Перамога на «Бітве шэфаў»

Беларуская венесуэлка змагалася ў 19-м выпуску 4-га сезона папулярнага тэлепраекта. На «Бітве шэфаў» Кайла прадставіла Канстанціну Іўлеву і Рэнату Агзамаву арэпу — кукурузныя аладкі з начыннем з ялавічыны, сыру і соусу «Васакака». Дзяўчына патлумачыла, што ў Венесуэле гэта страва традыцыйна падаецца на сняданак.

Іўлеў прызнаўся, што соус яму «не зайшоў», бо гэта не яго густ, але сама кукурузная булачка вельмі спадабалася.

— Я скажу вам «так», бо гэта смачна, — адзначыў Канстанцін.

Другому шэфу, Рэнату Агзамаву, вельмі спадабалася мяса.

Падчас гатавання фланьярда Іўлеў адзначыў мінус у тым, што груша не была ачышчана ад скуркі, але само цеста ён лічыць вельмі арыгінальным. Шэф Агзамаў, даведаўшыся пра выкарыстанне рому, пажартаваў, што беларускую ўдзельніцу трэба было пакідаць у сваёй камандзе.

Дзякуючы станоўчым ацэнкам абодвух шэфаў Кайла прайшла ў другі этап. У ім шэфы памяняліся камандамі, каб даць заданне і ацаніць стравы супернікаў. Удзельнікі павінны былі паўтарыць стравы, якія яны каштавалі з завязанымі вачыма.

Каманда Рэната Агзамава гатавала грыбны суп-капучына ад Іўлева, а іншай камандзе дасталіся кексы фінансье — міні-дэсерт з міндальнай мукі, папулярны ў Францыі.

Кайла выбрала каманду Іўлева, але паабяцала другому шэфу, што асобна прыгатуе для яго арэпу.

У фінале ўдзельнікі рыхтавалі аўтарскую страву з… каўбасы. Атрымаўшы заданне, Кайла збянтэжылася.

— Божа, што можна зрабіць з каўбасы? У нас у Венесуэле каўбаса не папулярная — толькі сасіскі ці тое, што можна прыгатаваць на грылі, — прызналася яна.

На гатаванне было 40 хвілін. Кайла вырашыла зрабіць салянку — першы суп, які яна прыгатавала ў Беларусі.

— У венесуэльскай кухні няма нічога падобнага да салянкі. Мы звычайна гатуем супы з ялавічыны або рэбраў і дадаем свежую кукурузу, — падзялілася яна.

У сваёй салянцы Кайла абсмажыла цыбулю і каўбаскі, дадаючы таматавую пасту і салёныя агуркі.

— Паколькі жыву ў Беларусі, я дадала бульбу — самы галоўны прадукт. Пасля дадаю ваду ў булён і чакаю, пакуль усе інгрэдыенты «ажэняцца» і пойдуць у мядовы месяц, — пажартавала яна.

Фінальнае выпрабаванне — сляпая дэгустацыя. Шэфы не ведалі, чыю страву каштуюць.

Канстанцін Іўлеў падкрэсліў, што салянка Кайлы добра адпавядае тэхнічнаму заданню, але заўважыў недахоп:

— О, не! Гэта не салянка, тут нават бульба ёсць! Не, ну смачна, але бульба тут зусім лішняя, — пажартаваў ён.

Агзамаў жа адзначыў:

— Незалежна ад таго, хто гэта прыгатаваў, удзельнік — малайчына.

— А можа ўдзельніца проста не ведала, што ў расійскую салянку бульбу не кладуць? — пачаў здагадвацца Іўлеў.

У выніку суддзі палічылі, што страва адпавядае заданню.

— Гэта мая беларуская салянка, але «па-венесуэльску» і з рускай душой, — сказала Кайла.

Па выніках конкурсу пераможцай «Бітвы шэфаў» стала Кайла Пінеда.

— Гэта для мяне самая лепшая перамога! І тым больш прыемна, што гэта толькі другі раз у маім жыцці, калі я гатавала салянку, — прызналася яна.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй17

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй

Усе навіны →
Усе навіны

Адвакат латвійскага баскетбаліста Цімы: З расійскага морга яго аддалі голым, без грыму і бальзамацыі1

На працягу двух сутак ЗША прымуць рашэнне аб магчымым далучэнні да ваенных дзеянняў супраць Ірана6

Анколаг Каранік выступіў з дакладам аб захаванні буйной рагатай жывёлы14

Маладую мінскую юрыстку, якая цяпер займаецца дызайнам інтэр'ераў, асудзілі за ўдзел у пратэстах7

Таўро «Слава Расіі» на жываце ўкраінскага палоннага. Хто і навошта мог гэта зрабіць і ці можна яго вывесці?2

Учора вечарам і сёння раніцай у Беларусі назіраліся серабрыстыя аблокі1

На заробкі ў Польшчу цяпер толькі з ДНЖ? Разабраліся, хто можа працаўладкавацца там па новых правілах14

З-пад завалаў шматпавярховіка ў Кіеве ноччу дасталі яшчэ пяць целаў, колькасць загінулых дасягнула 21

У Беларусі пачынаюць прадаваць электракары за 20 900 рублёў. Але выглядаюць яны вельмі незвычайна2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй17

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць