УУС Гродзенскага аблвыканкама паведамляе, што ў Ваўкавыскі РАУС звярнуўся 32-гадовы мясцовы жыхар з заявай адносна таго, што ягоную машыну пашкодзілі нажом.

У мінулую нядзелю ў доме па вуліцы Амшэя ў Ваўкавыску цэлую ноч ішла гулянка. Каля 7-й раніцы 36-гадовы гаспадар выйшаў праводзіць гасцей, а калі тыя садзіліся ў таксі, то раптам узяў і ўсадзіў кухонны нож у капот аўтамабіля, прабіўшы метал наскрозь.

Свой учынак мужчына пасля растлумачыць не змог, бо быў моцна п'яны. У выніку ўладальніку машыны была прычыненая матэрыяльная шкода ў памеры 1200 рублёў.

Ваўкавыскі раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымінальную справу па артыкуле «Хуліганства». Ён прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да трох гадоў.
Каментары