«Пуцін задае бардэлю парадак дня». Прапаганда выкручваецца перад перамовамі ў Стамбуле
На фоне ўльтыматуму еўрапейскіх дзяржаў і дыпламатычнага наступу Кіева праўладным каналам давялося рэзка змяніць метадычкі. Гэта прывяло да смешных ляпсусаў.

Зняволены расійскі палкоўнік Ігар Стралкоў (Гіркін) з горыччу адзначае: «Зяленскі загнаў Крэмль у пастку». Ён мае на ўвазе прапанову Кіева правесці прамыя перамовы ў Стамбуле.
Гіркін сцвярджае, што «абодва рашэнні, якія могуць быць прынятыя, пройгрышныя для Масквы».
На думку Стралкова, калі Пуцін згаджаецца на прамыя перамовы, то гэта будзе выглядаць як адкат Крамля ад ранейшай пазіцыі аб «нелегітымнасці» Зяленскага. Пуцін раней неаднаразова заяўляў, што «яму няма з кім весці перамовы»: «Фактычна, яго сустрэча з Зяленскім — гэта прызнанне поўнай легітымнасці і дзеяздольнасці Зяленскага, гэта значыць пройгрыш».
Акрамя таго, лічыць Стралкоў, сам фармат сустрэчы створыць пагрозу Крамлю, бо «Зяленскі задасць яму пры зносінах такія пытанні, у тым ліку публічна, на якія наш прэзідэнт адказаць, не страціўшы твару і не зрабіўшы шкоды перагаворнай пазіцыі Расіі, проста не зможа».
Таму, рэзюмуе, Стралкоў, «усе сустрэчы з Зяленскім — гэта катастрофа. Як асабіста для Уладзіміра Уладзіміравіча, так і для перамоўных пазіцый Расійскай Федэрацыі».
Але і адмова, паводле слоў Стралкова, будзе расцэнена сусветнай супольнасцю як доказ няшчырасці Расіі.
«Не сустракацца — таксама не палепшыць сітуацыі (…) Гэта будзе ўспрынята як нагода да абвінавачання Расіі ў тым, што яна сама прапанавала перамовы і сама ж іх зрывае».
Наступствамі будуць узмацненне санкцый, рост падтрымкі Украіны, пагаршэнне іміджу Расіі.
У выніку, лічыць Стралкоў, Расія апынулася ў стратэгічнай пастцы, якую ён заве шахматным тэрмінам — «цугцванг»: «У нашай «партыі» ва Украіне даўно наступіў цугцванг, калі любы ход толькі пагаршае пазіцыі».
Ён падкрэслівае, што праціўнік не дурны, у тым ліку сам Зяленскі: «Калі б супраць нас з таго боку ваявалі дурні, мы б, хіба што, даўно перамаглі. Але гэтага нават няма і блізка».
Расійская і лукашэнкаўская прапаганда інтэрпрэтуе сітуацыю інакш.
«Расія хоча міру»
Тэзіс аб тым, што Расія хоча міру, а Украіна і Захад — вайны, абгрунтоўвае ў «СБ.Беларусь сегодня» Антон Папоў у сваім артыкуле «Ці сарве кіеўскі рэжым новыя перамовы ў Стамбуле?»:
«Прапанова Уладзіміра Пуціна — ідэальна вывераны палітычны ход», піша Папоў. «прапаноўваючы паўзу ў баявых дзеяннях. (…) Зяленскі і яго заступнікі ў Еўропе насамрэч не жадаюць устойлівага міру».
Аўтар сцвярджае, што «матывацыя Зяленскага ў дадзеным выпадку зразумелая — яго ўлада знаходзіцца ў прамой залежнасці ад працягу баявых дзеянняў. Еўрапейскім жа лідарам канфлікт дазваляе пудрыць мазгі ўласным насельніцтву».
Пры гэтым Папоў выказвае сумненне ў тым, што перамовы могуць адбыцца, бо «такія сустрэчы, нават калі лідары ўзначальваюць краіны, якія не варагуюць паміж сабой, як правіла, маюць патрэбу ў доўгай падрыхтоўцы. Тут жа размова ідзе аб кіраўніках дзяржаў — удзельніц самага буйнога ваеннага канфлікту XXI стагоддзя».
«Цвік у труну кіева-еўрапейскіх планаў»
Расійскі блогер Юры Падаляка, які заўсёды паслядоўна адлюстроўвае афіцыйную лінію, пераконвае сваіх чытачоў, што Трамп не падтрымлівае лінію Кіева і еўрапейскіх дзяржаў.
«Кіеўская «прасрочка», ужо не ведаю які раз запар, зноў сама сябе вылупцавала», — піша Падаляка і даводзіць, што Расія не адрэагавала на «істэрыю» ў еўрапейскіх і ўкраінскіх СМІ напярэдадні перамоваў, накіраваную на тое, каб прымусіць Пуціна прыняць іх «выклік»,
«і як бы паміж справай (у працоўным парадку) паведаміла, што ў Стамбул кіраўніком дэлегацыі ад Масквы паедзе галоўны дыпламат РФ — Сяргей Лаўроў.
Пры гэтым усе ініцыяваныя пратэрміноўкай і еўрапейскімі палітычнымі непаразуменнямі (лідарамі) ініцыятывы (а-ля перамір'е) былі Масквой праігнараваныя».
І такая пазіцыя Расіі, па словах Падаляка прывяла да таго, што «грозныя «панты», якія «калацілі» вялікія эўрапейцы ператварыліся ў гарбуз» — ЕС на тыдзень адтэрмінаваў увядзенне санкцый, «больш за тое, пратачылася інфармацыя, што яны не будуць сур'ёзнымі (так, чыста фармальнасць)».
Падаляка іранізуе, што Трамп, якога прарасійская публіка традыцыйна называе «агентам Крамля Доні Трампавым», «убіў апошні цвік у труну кіева-еўрапейскіх планаў»:
«Ён у Стамбул не паедзе, а дашле туды сваіх прадстаўнікоў. І тым самым ён паставіў Зелю ў сапраўды ідыёцкае становішча».
Падаляка заяўляе, што калі Кіеў не адправіць дэлегацыю, гэта будзе ўспрынята як адмова ад перамоваў.
«А гэта пакажа ўсім, што менавіта расійскі лідар задае ўсяму гэтаму кіева-еўрапейскаму бардэлю і тон, і парадак дня».
«Агаліўшы смяхотнасць купкі еўралідараў»
У тым жа духу вытрыманая калонка на РІА Новости журналіста Кірыла Стрэльнікава.
«У мінулую нядзелю прэзідэнт Уладзімір Пуцін прадэманстраваў майстэрскае валоданне не толькі спартыўным, але і палітычным дзюдо, прапанаваўшы аднавіць 15 мая прамыя перамовы без папярэдніх умоў з Украінай у Стамбуле, агаліўшы смяхотнасць купкі еўралідараў, якія паспрабавалі паставіць расійскаму лідару ўльтыматум», —
піша Стрэльнікаў. Ён падае ініцыятыву Пуціна аб перамовах 15 мая як сур'ёзны, шчодры крок, зроблены «з павагі да Трампа».
«Зыходзячы з павагі да намаганняў амерыканскага боку пасля заканчэння канфлікту і асабістага добрага стаўлення да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, Пуцін зрабіў вялізны сустрэчны крок і пагадзіўся весці перамовы з кіеўскім рэжымам».
Па словах Стрэльнікава, «Пуцін руліць», усё залежыць ад яго, а астатнія — толькі статысты: «Вось гэта і ёсць сапраўдны момант ісціны, а руліць гэтым момантам Пуцін».
Ён падкрэслівае: Расія прапанавала перамовы, Захад разгубіўся, а ЗША гэта ацанілі. У той жа час украінскі прэзідэнт і краіны Еўропы прадстаўленыя як тыя, хто перашкаджае міру: «каменем на нагах з'яўляецца Зяленскі і яго еўрапейскія дружкі».
Стрэльнікаў падкрэслівае: Расія «гатовая да торгу» і можа быць гнуткай — але толькі пры прызнанні ўкраінскіх тэрыторый часткай РФ: «неабходна дамагчыся прызнання рэалій «на зямлі», уключаючы ўваходжанне новых тэрыторый у склад Расіі».
«Цяпер ахопленыя жывёльным страхам толькі Кіеў і Еўропа, таму што іх час заканчваецца, на Садом і Гамору можа вельмі хутка праліцца палаючы дождж. А нам баяцца няма чаго: наша справа правая, мы гатовы ісці да канца — як за сталом перамоваў, так і на полі бою», — грыміць Стрэльнікаў.
«У Зяленскага яшчэ маніпулятарка не вырасла»
«У Зяленскага яшчэ маніпулятарка не вырасла, каб чымсьці маніпуляваць. Ёсць рашэнне Вярхоўнага галоўнакамандуючага РФ — Расія гатовая да перамоваў. Мяч на баку Кіева», — заявіў кіраўнік камітэта Дзярждумы па абароне Андрэй Картаполаў.
Картаполаў дадаў, што «ніякія ўльтыматумы і ідыёцкія выказванні ні да чога не прывядуць», і падкрэсліў, што баявыя дзеянні працягнуцца.
Картаполава працытавалі многія крамлёўскія выданні.
«Трамп падтрымаў Пуціна»
Тэлеграм-канал Заходняга аператыўнага камандавання Мінабароны Беларусі праводзіць тую ж думку, сказіўшы думку з артыкула міжнароднага аглядальніка Sky News Дамініка Вагхорна (Dominic Waghorn). Там перамовы параўноўваюцца з покернай партыяй пры высокіх стаўках.
«Уладзімір Пуцін разыграў сваю карту, адкінуўшы патрабаванні аб спыненні агню і прапанаваўшы замест гэтага правесці прамыя перамовы ў Стамбуле».
Кіеў, па словах журналіста, настойваў на 30-дзённым перамір'і. А «Трамп падтрымаў не саюзнікаў, а Пуціна».
Каментары
[Зрэдагавана]