Літаратура

«Спіс на лета»: тэрапеўтычны падкаст для тых, у каго школьная праграма адбіла цікавасць да беларускай літаратуры

Сярод сучасных беларускіх падкастаў, прысвечаных літаратуры, «Спіс на лета» займае асаблівае месца. У адрозненне ад праектаў, што факусуюцца на навінках перакладаў або новай беларускай прозе, ён вяртае нас да твораў, што калісьці задавалі да самастойнага чытання ў школе, але многія або не адужалі, або за гады паспелі забыць. 

Вядоўцы літаратурнага падкаста «Спіс на лета» — Дар’я Бялькевіч і Марына Казлоўская. Скрыншот відэа

Падкаст, які выходзіў на праекце Wir.by, складаецца з 12 выпускаў, кожны з якіх прысвечаны аднаму з ключавых аўтараў беларускай літаратурнай традыцыі. У спісе няма выпадковых або малавядомых імёнаў — толькі класікі: Янка Купала, Францішак Багушэвіч, Максім Гарэцкі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Іван Мележ, Максім Танк, Іван Шамякін і, нарэшце, Уладзімір Караткевіч.

У класічнай літаратуры са школьнай праграмы разам разбіраюцца паэтка Дар’я Бялькевіч і літаратуразнаўца Марына Казлоўская. Іх дыскусіі будуюцца на роўных, але з розных бакоў: Бялькевіч глядзіць на творы праз прызму асабістага ўспрымання перачытаных твораў, уласнага школьнага і прафесійнага літаратарскага досведу, а Казлоўская, якая валодае проста энцыклапедычнымі ведамі пра кожнага літаратара і яго творчасць, дадае да размовы глыбокі гістарычны і культурны кантэкст. 

Тут абедзве вядоўцы — роўныя партнёркі ў аналізе і пераасэнсаванні, і тое, што з абодвух бакоў у студыі сядзяць прафесіяналы сваёй справы, выклікае асацыяцыі з іншым вядомым літаратурным падкастам — гэта быццам літаратурны варыянт падкаста «Так склалася гістарычна».

Падкаст не ператвараецца ў спрошчаны дапаможнік для школьнікаў: тут няма пераказаў або пошуку адказу на пытанне «што хацеў сказаць аўтар». Замест яго гучыць больш складанае і важнае пытанне — чаму і ў якіх умовах пісаліся гэтыя творы. Гэта дазваляе зразумець не толькі змест, але і сэнс — часта страчаны або не распазнаны ў школьным узросце.

Вядоўцы разбіраюць, хто быў крыніцай усяго ў беларускай літаратуры і нават самой беларускай нацыі, а хто, наадварот, не пакінуў прыкметнага следу ў творчасці наступных пакаленняў. Хто з класікаў быў сапраўдным наватарам, а хто толькі ішоў у нагу з часам. Адкуль бралі псеўданімы і як асабісты жыццёвы досвед аўтараў паўплываў на іхнія творы.

Дар’я Бялькевіч і Марына Казлоўская не занураюцца ў пералік фактаў з біяграфіі, як гэта часта бывае ў падручніках. Яны малююць партрэты беларускіх літаратараў шырокімі мазкамі — такога абагульняючага погляду часта бракуе. Мы маем шмат сухіх энцыклапедычных артыкулаў, аб’ёмных дэталёвых манаграфій і ўзвышаных эсэ, але лаканічныя і ўцямныя адказы на пытанне «хто ты гэткі?» у дачыненні да класікаў сустрэнеш рэдка. У гэтым сэнсе «Спіс на лета» запаўняе важную лакуну ва ўспрыманні беларускай культуры.

Часам гутарка вядоўцаў заходзіць так далёка, што яны жартуюць пра неабходнасць запрасіць у наступныя выпускі псіхолага — каб лепш разабрацца ў калектыўных нацыянальных траўмах, што знайшлі адлюстраванне і ў беларускай літаратуры.

«Спіс на лета» не заўсёды кампліментарны, ён пазбягае таго безапеляцыйнага захаплення, якое навязваецца ў школе. Тут адкрыта гаворыцца пра кан’юнктурныя, прахадныя творы, сапраўдныя дрындушкі, створаныя па замове партыі, пра мастацкія хібы, як нудныя апісанні ці дубляванне персанажаў — і разам з тым прапануюць тлумачэнне, чаму ўсё гэта мела месца.

Падкаст не баіцца сказаць, што да творчасці некаторых аўтараў проста не ляжыць душа — і гэта нармальна. Усё гэта робіць «Спіс на лета» не толькі карысным і інтэлектуальным праектам, але і эмацыйна шчырым.

Апошні, дванаццаты выпуск, які прысвечаны Уладзіміру Караткевічу і які ўпершыню дазваляе пабачыць саміх вядоўцаў, выйшаў у верасні 2024 года. Гэта азначае, што падкаст завершаны і даступны ў поўным аб’ёме, без доўгага чакання новых серый — яго можна паслухаць адным залпам.

І хоць праект афіцыйна завершаны, ён пакідае адчуванне, што мог бы мець працяг. Пералік аўтараў з школьнай праграмы далёка не вычарпаны, і заўсёды можна было б абмеркаваць тых, хто ў яе не трапіў, але, магчыма, заслугоўвае гэтага больш, чым іншыя. У гэтым сэнсе «Спіс на лета» — не толькі падкаст, але і пачатак размовы пра тое, якім мусіць быць школьны белліт.

Паслухаць усе выпускі падкаста можна на платформах YouTubeSpotify, Яндэкс.Музыка і Apple Podcasts.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

БНТУ: Выкладчык, які ўцякаў ад міліцыі, памёр ад сардэчнага прыступу24

БНТУ: Выкладчык, які ўцякаў ад міліцыі, памёр ад сардэчнага прыступу

Усе навіны →
Усе навіны

У Літве высветлілі, што дапамогу, прызначаную бежанцам з Украіны, атрымлівалі і людзі з іншых краін. Сярод іх ёсць і беларусы1

Маці траіх дзяцей просіць Лукашэнку вярнуць іх з прытулку. Чыноўнікі патлумачылі, чаму ў яе не атрымалася

Іспанія дамагаецца прызнання каталонскай мовы ў ЕС: Брусэль тармозіць працэс

Журналісты атрымалі доступ да сакрэтных планаў расійскіх ядзерных вайсковых баз3

Трамп прапанаваў Канадзе доступ да абароны пад «Залатым купалам». Пры адной умове5

Грошы для былога палітвязня Андрэя Чапюка сабралі менш чым за паўсутак

У Германіі адмяняюць нядаўна ўведзеную магчымасць «экспрэс-натуралізацыі»

«Муж быў супраць таго, каб Анжаліка сустракалася з дзецьмі з іншым мужчынам». Аўтар расследавання пра Мельнікаву падзяліўся некаторымі дэталямі7

Мерц паабяцаў дапамагчы Украіне з распрацоўкай уласнай дальнабойнай зброі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

БНТУ: Выкладчык, які ўцякаў ад міліцыі, памёр ад сардэчнага прыступу24

БНТУ: Выкладчык, які ўцякаў ад міліцыі, памёр ад сардэчнага прыступу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць