«Чаму ўсе маўчаць пра беларускі Villeroy&Boch?»: беларуска ў захапленні ад Добрушскага фарфору
Але яе энтузіязм падзяляюць далёка не ўсе.

Беларуска Наталля ў Threads пахвалілася сваім сталовым посудам. Яе талерачкі з серыі «Надзея» вырабілі на Добрушскім фарфоравым заводзе — і жанчына ў захапленні ад айчыннага вытворцы.
«Чаму ўсе маўчаць пра беларускі Villeroy&Boch?» — напісала яна і дадала цэны. Талеркі каштуюць танна — ад 2,5 да 5 рублёў. Для параўнання: талерачкі ад таго самага Villeroy&Boch (нямецкі брэнд керамікі, які існуе з 1748 года) лёгка могуць каштаваць у Мінску і 100, і 200 рублёў за штуку.

Сапраўды, у сацыяльных сетках час ад часу можна пабачыць, што добрушскі фарфор уваходзіць у моду — асабліва хваляць талеркі з гусямі, лімонамі ці ружамі «як у Pinterest».

Але меркаванні каментатараў пад допісам Наталлі падзяліліся. Нехта хваліўся сваім посудам ад Добрушскага фарфоравага завода. Адна з жанчын нават прызналася, што ўвесь посуд у доме замяніла на добрушскі.
Большасць жа паставілася да такога смелага параўнання з Villeroy&Boch скептычна.
Бо шмат каму не падабаецца тое, што добрушскі фарфор мае не ідэальна белы колер, як у еўрапейскіх брэндаў, а шэраваты.
Гэтаму ёсць тлумачэнне. Па-першае, мясцовая сыравіна — у беларускіх радовішчах кааліну і глін ёсць натуральныя прымешкі, якія пасля абпалу даюць тое самае шэрае адценне. Па-другое, на заводзе ў Добрушы не выкарыстоўваюць штучныя адбельвальнікі для фарфору. Тэарэтычна, праз гэта ён больш экалагічны.

Але ж для кагосьці такі колер — толькі плюс: «Вельмі падабаецца серыя «Бель»! Мне вельмі даспадобы гэты нябелены белы. Не цярплю на сваім стале ні асляпляльна белыя талеркі, ні празрыстага шкла, ні талеркі з малюнкам. І нічога не магу з гэтым зрабіць, спрабавала шмат разоў. На мой густ у Добруша добрыя правільныя памеры, прыемны гук посуду, што таксама не малаважна для мяне і вельмі натуральны колер».
Некаторыя каментатары адзначаюць невысокую якасць посуду беларускага вытворцы: «Серыя «Надзея» — другі гатунак. Трэба перабраць увесь стос талерак у краме, каб абраць пару штук. І так, яна ўсё ж шараватая. Але мне спадабалася і паволі, за год (!) я назбірала восем падстаўных і чатыры вялікія [талеркі]».
«Добруш не служыць доўга. Максімум год-два. Якасць адпавядае кошту. Жадаеш раз на год купляць новы камплект посуду і ў выніку мець шафу разнамаснага посуду з рэштак недабітых камплектаў — вэлкам Добруш. Хочаш купіць камплект посуду і забыцца пра падобныя пакупкі на дзесяцігоддзі — табе ў Villeroy&Boch. Кожнаму сваё».
«Тры гады камплекту, і ён як новы. І ўсё гэта Добруш», — не пагадзілася іншай каментатарка.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Hermes такога не чакаў». Беларускі знаходзяць у «Галантэі» аналагі сумак люксавых брэндаў за смешныя грошы
БелАЗ прадае кітайскі варыянт легендарных ботаў Timberland. Яны ў некалькі разоў таннейшыя за арыгінальныя!
«Цікава, што з’явілася раней: адыдас ці лідскія кеды»: у тыктоку новая хваля любові да айчыннага абутку
Каментары