Грамадства33

«Ні ежу, ні гатэль не прапанавалі». Беларусы не змаглі вылецець з Масквы ў Мінск з-за чарговых абмежаванняў

Пералёты праз Маскву апошнім часам становяцца непрадказальнымі: аэрапорты ўсё часцей абвяшчаюць пра абмежаванні праз атакі беспілотнікаў. Учора з гэтай прычыны быў скасаваны рэйс «Белавія», які павінен быў вылятаць а 21:55 з аэрапорта Дамадзедава. Авіякампанія прапанавала пасажырам абмяняць квіткі на наступныя рэйсы ці вярнуць грошы і дабірацца да Мінска самастойна. Не ўсіх гэта задаволіла, і чытачы выдання «Анлайнер» задаюцца пытаннем: ці маюць яны права ў такіх сітуацыях на кампенсацыю жылля і харчавання?

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

«Учарашні рэйс з Масквы ў Мінск у 21:55 спачатку адклалі, а потым цалкам скасавалі, — піша адна з пасажырак, Яўгенія. — Пасажыраў адправілі на стойку авіякампаніі, дзе частку з іх сталі перасаджваць на наступныя рэйсы. На сярэдзіне чаргі месцы скончыліся.

Як завяршылася гісторыя з іншымі пасажырамі, не ведаю, бо я купіла квіток на «Ластаўку» і вярнулася начаваць у горад. Пытанне ў тым, што нам адразу сказалі, што ні ежу, ні гатэль, ні таксі авіякампанія не дае».

Яўгенія пытаецца, наколькі гэта законна і якую кампенсацыю, акрамя вяртання грошай за квіткі, яна мае права патрабаваць ад авіякампаніі.

Скрыншот з сайта flightradar24.com

Дзмітрый дублюе пытанне — ён таксама быў сярод пасажыраў учорашняга адмененага рэйса.

«Рэйс спачатку перанеслі на паўтары гадзіны, потым аказалася, што ён адменены цалкам, а мы можам памяняць білет або атрымаць вяртанне сродкаў, але тыя, хто хутка падышоў, паспелі разабраць добрыя квіткі (у тым ліку анлайн). Мне прапаноўвалі вылет толькі на 17 гадзін [наступнага дня] з Унукава.

Для вяртання грошай за квіток трэба звяртацца туды, дзе яго набылі. Сказалі, што ніякіх кампенсацый за панесеныя дадатковыя выдаткі (харчаванне, гатэль) не будзе, бо гэта здарылася не па іх віне. Як я зразумеў, самалёт нават не прызямліўся ў Маскве, бо аэрапорт быў закрыты.

Я палічыў, што калі жыллё не даюць і не аплачваюць, то здымаць яго ў Маскве за свой кошт не варыянт. Таму я, як і сем іншых пасажыраў, пабег на цягнік, які адпраўляўся з вакзала ў 01:41. Паспеў за 15 хвілін да адпраўлення».

Дзмітрый перакананы, што падобныя сітуацыі з вылетам з Масквы могуць паўтарацца, таму пасажырам трэба быць гатовымі да гэтага.

«У мяне асабіста, напэўна, былі завышаныя чаканні адносна абавязкаў авіякампаній у выпадку форс-мажораў», — абураецца Дзмітрый.

Што кажуць у авіякампаніі

Журналіст «Анлайнера» звярнуўся ў авіякампанію «Белавія» па каментар з нагоды адмены рэйсаў і магчымых кампенсацый у такіх выпадках для пасажыраў.

«Мы сапраўды сутыкаемся з вымушанымі зменамі ў палётах у аэрапорты Масквы — гэта звязана з увядзеннем часовых абмежаванняў у паветранай прасторы РФ. Мы разумеем, наколькі такія моманты непрыемныя для пасажыраў, і стараемся аператыўна вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць.

Варыянты розныя і залежаць ад канкрэтных абставін. Калі ёсць магчымасць, пасажыра аператыўна перасаджваюць на іншы рэйс. Калі няма або такое рашэнне не задавальняе самога пасажыра, яму прапануюць вярнуць поўны кошт квітка. Днямі пасажырам вячэрняга рэйса, якія не паляцелі ў Маскву, прапанавалі самастойна выбраць рэйс на працягу наступнага дня і абмяняць квіткі без даплат.

Таксама ў авіякампаніі дзейнічаюць нормы, прадугледжаныя авіяцыйнымі правіламі. Пры адмене рэйсаў або затрымцы больш чым на дзве гадзіны пасажырам даюць ваду, звыш трох гадзін — харчаванне. Пасажыр можа запытаць размяшчэнне ў гатэлі, калі затрымка перавышае восем гадзін у дзённы час і шэсць у начны. Наколькі нам вядома, 76 пасажырам гэтага рэйса было выдадзена па два ваўчары: на напоі і на харчаванне».

У «Белавія» адзначылі, што ў сітуацыях, калі з адменай або затрымкай рэйсаў за адзін раз сутыкаюцца шмат авіякампаній, абавязацельствы па харчаванні могуць быць выкананыя са спазненнем.

«Тут важна падкрэсліць: авіякампанія не можа паўплываць на абмежаванні, якія ўводзяцца аэрапортамі. Для нас гэта няштатныя сітуацыі, якія цягнуць за сабой экстраннае карэктаванне раскладу, дадатковыя выдаткі на паліва — адным словам, сур'ёзныя страты.

Грашовыя кампенсацыі пасажырам па прычыне затрымак або адмены рэйсаў, якія адбыліся не па віне авіяперавозчыка, згодна з агульным стандартам, не прадугледжаныя. Мы прыносім прабачэнні за нязручнасці.

Авіякампанія робіць усё магчымае, каб паменшыць дыскамфорт пасажыраў. Чытачы, у якіх засталіся незакрытыя пытанні, могуць напісаць зварот у авіякампанію».

Каментары3

  • Жыгуль
    27.05.2025
    "Бліна" вам на лапаце, дарагія беларусы-аматары ездзіць у Мордар. Пасля лютага 22 года прыстойны чалавек туды не паедзе.
  • 1863
    27.05.2025
    Або сядзіце ў масковіі, або няма чаго туды-сюды лётаць
  • Беларус
    27.05.2025
    Зусім не абавязкова тыя, хто сутыкнуўся з праблемамі ў маскоўскіх аэрапортах - аматары Расіі ці нават проста ў яе паехалі. Праз Маскву людзі могуць ляцець транзітам, бо з Мінска самалёты лётаюць не ўсюды, а немаскоўскія транзітныя варыянты для большасці абрэзаныя заходняй візавай палітыкай.

Цяпер чытаюць

У беларускіх радзільнях бяруць у закладнікі немаўлят, якіх нарадзілі мігранткі, каб спагнаць з бацькоў грошы? Разбіраемся

У беларускіх радзільнях бяруць у закладнікі немаўлят, якіх нарадзілі мігранткі, каб спагнаць з бацькоў грошы? Разбіраемся

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка: Трэба вырасціць столькі бульбы, каб хапіла і нам, і Расіі. Трэба дапамагчы братам-расіянам12

У Мухаўцы знайшлі цела без галавы і рук. Сілавікі раскрылі забойства 24-гадовай даўнасці як у фільмах пра гангстараў2

Зяленскі: Расія прапаноўвала правесці перамовы ў Беларусі7

У мінскім аэрапорце — масавыя затрымкі рэйсаў2

Зяленскі прапанаваў правесці трохбаковую сустрэчу з Пуціным і Трампам

Шрайбман: Цяперашнія канфлікты ў апазіцыі ўжо мала каго цікавяць14

Работнікі МНС выратавалі на пажары сабаку і ката, а потым зрабілі ім штучнае дыханне

Валанцёр «Вясны» Чапюк расказаў, як яго затрымаў ГУБАЗіК адразу на выхадзе з калоніі і як дапытвалі пра Міколу Дзядка2

14-гадовая Віка адмовіла ў сэксе — і гэта стала прычынай панажоўшчыны, у якой загінулі чацвёра падлеткаў у Байкальску11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У беларускіх радзільнях бяруць у закладнікі немаўлят, якіх нарадзілі мігранткі, каб спагнаць з бацькоў грошы? Разбіраемся

У беларускіх радзільнях бяруць у закладнікі немаўлят, якіх нарадзілі мігранткі, каб спагнаць з бацькоў грошы? Разбіраемся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць