Новы фільм з «дзіцём Беларусі». Як «Балерына» працягвае справу Джона Уіка
У пракат выйшла «Балерына» — спін-оф сусвету Джона Уіка, магнетычнага кілера ў выкананні Кіяну Рыўза. Цяпер у цэнтры гісторыі раз’юшаная балярына Іў Макара, і такія атмасферныя баявікі з’яўляюцца нячаста.

Сярод усіх экшн-франшыз гісторыя Джона Уіка — ледзь не самая змрочная. Гэты высокі мужчына ў чорным, які ніколі не ўсміхаецца і забівае людзей пачкамі, ахутаны легендамі і гісторыямі. Вы маглі чуць тую з іх, паводле якой Джон Уік, як ён сам казаў, «дзіця Беларусі», а яго сапраўднае імя — Джардані Ёванавіч.
Уік завербаваны нью-ёркскай злачыннай групоўкай «Руска Рома», звязанай са славянскімі цыганамі. На пяць гадоў Джон выпадае са злачыннага свету, але пазней вяртаецца туды і просіць кіраўніцу групоўкі, Дырэктарку, пра дапамогу.
Ён не адзіны, каму дапамагае Дырэктарка. За 12 гадоў да гэтага ў тэатр, які ёй належыць, прыводзяць Іў Макара — дзяўчынку, якая перажыла забойства бацькі, што парушыў правілы крымінальнага свету. Іў трохі ўмее танчыць, і Дырэктарка бярэ яе ў свой тэатр ды вучыць балету, а адначасова і навуцы забіваць.
З Іў атрымалася выдатная вучаніца. Спачатку ёй складана змагацца з мужчынамі на роўных — маўляў, яна проста меншая за іх па памерах і таму слабейшая. Але з часам Іў вучыцца, кажучы словамі яе трэнеркі, «змагацца як дзяўчынка» — «імправізаваць, адаптавацца, падманваць».
У выніку Іў робіцца кілеркай, здольнай раскідваць мужчын дзясяткамі. Часам гэта выглядае непраўдападобна, але адназначна відовішчна. Экшну ў «Балерыне» шмат. Пастаноўшчыкі баёў творча выкарыстоўваюць прастору, падручныя матэрыялы і тэхнікі з розных адзінаборстваў, так што нудна не будзе.
Пасля некалькіх месяцаў працы кілеркай Іў выходзіць на след арганізацыі, звязанай з забойствам яе бацькі. Нягледзячы на загад Дырэктаркі, дзяўчына не спыняецца і, апантаная помстай, імкнецца знайсці крыўдзіцеляў, а потым і паквітацца з імі.
Яна сустрэне багата перашкодаў, але будуць і людзі, гатовыя дапамагчы Іў. З’явіцца ў стужцы і Джон Уік — як заўжды стылёвы, непераможны і адданы ўласным маральным нормам, нягледзячы на прафесію. Свае прынцыпы ёсць і ў галоўнай гераіні, нездарма ж гісторыя пабудаваная на яе жаданні помсты.

Гэтымі прынцыпамі «Балерына» адрозніваецца ад мінулых стужак франшызы. Памятаеце, чаму Джон Уік у першай стужцы вярнуўся да справы кілера? Бо мусіў адпомсціць за тое, што ў яго скралі машыну і забілі дарагога яму сабаку. Далей была помста і рэкі крыві — і канечне, філасофія рыцарскага кодэкса, блізкая Уіку, але не заўжды зразумелая звонку.
«Балерына» — іншая гісторыя, бо тут філасофія відавочная з першых хвілін. Шмат у чым гэта фільм пра выбар. Тата галоўнай гераіні выбраў парушыць правілы крымінальнага свету, Іў выбірае шлях кілеркі, а потым — і шлях помсты. Але ці быў у яе насамрэч гэты выбар? Да таго ж кожны выбар нясе з сабой і наступствы, што і падкрэслівае Уік у адной са сцэн.
Калі ранейшыя стужкі пра Джона Уіка падаваліся вам занадта крывавымі ды бессэнсоўнымі, «Балерына» можа стаць добрай кропкай для ўваходу ў франшызу. Крыві зноў будзе нямала, але фільм не перагружаны правіламі крымінальнага свету, якіх багата ў мінулых стужках. Матывы Іў зразумелыя — яна страціла сям’ю і шукае помсты. А сама гераіня больш эмацыйная, чым змрочны Уік, і нам шмат расказваюць пра яе ўнутраны свет: напрыклад, пра бацьку ці пра тое, як яна ўзаемадзейнічае з «калегамі» па кілерскай справе.

У Іў гарачае сэрца, і Ана дэ Армас стварае харызматычную ды смелую гераіню, якой вы дакладна будзеце спачуваць. Яна не бяздумная забойца, ёй бліжэй амплуа «кікімары». Так, у гонар славянскага духа, у свеце Джона Уіка называюць забойцаў, якія пазбаўляюць жыцця, каб абараніць больш слабых ці прынцыпы справядлівасці.
І ўсё-ткі не чакайце ад «Балерыны» філасофскай глыбіні, гэта фільм не пра тое. Як і звычайна, франшыза пра Джона Уіка падарыла нам якасны баявік, які можа аказацца адным з найлепшых фільмаў года ў сваім жанры, ды яшчэ і заслужана прасунуць наперад кар’еру Аны дэ Армас — без яе адданасці ды таленту «Балерына» не атрымалася б.
Файны рэцэпт для добрага вечара і новы крок для сусвету Джона Уіка.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары