Здарэнні55

«Прачнуліся ад аглушальнага хлапка, а потым зразумелі, што гарым». У Мінску маланка трапіла ў прыватны дом

Трохпавярховы катэдж на вул. Гальшанскай, 36. Тое, што ноччу 8 чэрвеня ў Зацені разгулялася страшная стыхія і пакінула пасля сябе попел і мокрыя вуглі, становіцца зразумелым, калі пераступаеш парог дома. Унутры ўсё яшчэ стаіць едкі пах гары, які адразу ж пераносіцца на адзенне і нагадвае пра сябе цэлы дзень, піша Onliner.by.

Звонку, на дагледжаным участку — горы раскіданых рэчаў, якія ўдалося ўратаваць падчас пажару. Пара — Уладзімір Аксенцьевіч і Надзея Міхайлаўна з дзецьмі, а пазней і з унукамі — пражылі ў катэджы больш за 20 гадоў і ніколі не думалі, што ўсяго за некалькі гадзін іх жыццё перакуліцца з ног на галаву.

Як стыхія змагла за адну ноч нарабіць столькі шкоды, уладальнікі катэджа дагэтуль гадаюць. Моцны хлапок, успышка — пакоі апынуліся ў дыме, яшчэ пара хвілін — і на даху з’явіліся языкі полымя, якія да прыезду ратавальнікаў паспелі знішчыць значную частку маёмасці. Пытанняў у вялікай сям’і засталося шмат, але відавочна адно: прычынай пажару ў катэджнай забудове Цэнтральнага раёна стала маланка.

— У суботу леглі спаць і дзесьці а палове першай пачулі моцны аглушальны хлапок. Святло ў доме цалкам знікла, мы падумалі, што выбіла шчыток, — успамінае Надзея Міхайлаўна. — Праз пару хвілін адчулі рэзкі пах дыму: убачылі, што ён паваліў аднекуль зверху. Надзя (дачка пенсіянераў) пабегла ў пакой да ўнукаў, яны якраз жылі на трэцім паверсе. Тут жа зразумела: дах гарыць адкрытым полымем, трэба хутчэй ратаваць родных і бегчы з дому на вуліцу.

Арцём, муж Надзі, яшчэ не ўсведамляючы маштабаў катастрофы, паспрабаваў самастойна патушыць агонь, які паспеў з даху перакінуцца на адзін з пакояў.

@minskoblastnovosti5 Молния попала в дом в частный дом #минск #минскаяобласть #минскновости #минсксейчас #беларусьновости #новостибеларуси #беларусь ♬ Mysterious and sad BGM(1120058) - S and N

— Я схапіў вогнетушыцель, пабег наверх, думаў, што змагу справіцца з полымем, — далучаецца да размовы Арцём. — Адкрыў дзверы — агонь пайшоў на мяне воблакам. Не ведаю, колькі часу правёў наверсе, але дакладна памятаю, як у нейкі момант ногі пачалі адмаўляць. Зразумеў, што губляю прытомнасць. Мяне адвезлі ў бальніцу і адкачалі за ноч. У панядзелак раніцай вярнуўся дадому і дагэтуль не магу паверыць у тое, што адбылося.

Надзя кажа, што пажарных выклікалі даволі хутка, праўда, па словах жанчыны, патушыць полымя ратавальнікі змаглі толькі праз гадзіну. Бліжэй да ранку сям’я змагла ацаніць памер шкоды: аказваецца, пацярпеў не толькі трохпавярховы дом, але і прыбудова на ўчастку (у ёй стаяў радыёпрыёмнік, які ад разраду літаральна разарвала на кавалкі). Разам з ім, кажуць жыхары, абрынулася адна са сцен прыбудовы. Але і гэта яшчэ не ўсё.

— Мы дагэтуль не можам зразумець траекторыю ўдару маланкі. Ёсць здагадка, што яна трапіла ў антэну на даху. Громаадвод у нас адсутнічае, — працягвае мінчанка. — Неяк у выніку электрычнага разраду ад дома адкалоўся кавалак бетону: ён праламаў наш плот і адляцеў у суседні дом. Удар быў настолькі моцны, што бетонныя кавалкі апынуліся на супрацьлеглым баку суседняга ўчастка. Хто цяпер будзе кампенсаваць шкоду — невядома. Страхоўка пакрые ў лепшым выпадку 50% ад сумы, астатняе давядзецца неяк аднаўляць сваімі сіламі.

У гэтай гісторыі варта аддаць належнае суседзям па вуліцы, якія не пакінулі сям’ю сам-насам з бядой. Па словах Арцёма, людзі прыходзяць, каб дапамагчы: хто матэрыяламі, хто грашыма, а хто проста добрым словам.

— Мы з дзецьмі часова пераехалі да суседзяў, — працягвае Надзея. — Бацькі адмовіліся пакідаць дом, расклалі матрацы і пераначавалі на першым паверсе. Святла ў доме няма, халадзільнік, тэлевізар, бойлер — усё выйшла са строю. У іншых дамах на вул. Гальшанскай таксама не працуе частка бытавой тэхнікі. Відаць, таму што маланка трапіла яшчэ і ў электрычны шчыток на вуліцы, які ў тую ноч таксама загарэўся адкрытым полымем.

— У нас у доме газавы кацёл згарэў, — кажа сусед Яўген. — У адзін з пакояў у нас заведзены аптавалаконны кабель, ён схаваны ў пластыкавую скрынку. Пасля ўдару маланкі ў шчыток крышка адляцела ў супрацьлеглы бок пакоя, уся ўнутры чорная.

Дзяніс, яшчэ адзін уладальнік катэджа па вул. Гальшанскай, таксама застаўся без электрычнасці. Каб патрапіць у дом, мужчына вымушаны пералазіць цераз плот: электразамок у калітцы выйшаў з ладу.

Цяпер жыхары дома па вул. Гальшанскай, 36, патроху прыходзяць у сябе і разам ліквідуюць наступствы стыхіі. Стадыя панікі і прыняцця сітуацыі ўжо пазаду, наперадзе — маштабны рамонт. Пенсіянеры стараюцца не падаць духам і толькі адмахваюцца: «Галоўнае — усе жывыя». Дачка Надзя адкрыла дабрачынны рахунак, таму, калі вы хочаце дапамагчы сям’і, можаце напісаць ёй сюды.

Паводле інфармацыі прэс-сакратаркі МНС Мінска Вольгі Мельнічэнкі, паведамленне пра пажар у прыватным доме па вул. Гальшанскай паступіла на нумар 112 у 01:03. Пажар быў ліквідаваны работнікамі МНС у 01:41. Устаноўлена, што адбылося загаранне маёмасці ў мансардным памяшканні і даху жылога дома на плошчы 70 квадратных метраў.

Пашкоджана маёмасць, а таксама драўляныя элементы даху. Прычына здарэння на дадзены момант высвятляецца. Найбольш верагодная версія — удар маланкі.

Каментары5

  • ая
    10.06.2025
    А громоотвод нормальный не судьба была поставить?
  • ая
    10.06.2025
    Belarus, можно было застраховать дом и получить страховку, а не побираться идти.
  • ПП
    10.06.2025
    ая, мала таго. Есть жа абавязковыя страхоўкі. А модна яшчэ і дадатковыя аформіць.

Цяпер чытаюць

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Усе навіны →
Усе навіны

Дзіцячы цэнтр, які адмовіў дзяўчыне ў працаўладкаванні за беларускую мову, улады праверылі і знайшлі парушэнні2

У Ізраілі 1 загінуў, 40 параненых ад іранскай балістыкі. Пачалася трэцяя хваля ўдараў па Іране11

«Гэты фэст не толькі для кайфу». Арганізатары фестывалю Tutaka расказалі пра сёлетнія планы і перспектывы10

Пуцін асудзіў парушэнне Ізраілем Статута ААН і нормаў міжнароднага права11

За месяц попыт на лялек Лабубу вырас на «Куфры» ў 6,5 раза7

Пад Салядарам адзін расійскі самалёт збіў іншы?4

Ізраільская ракета ўдарыла па рэзідэнцыі Вярхоўнага лідара Ірана Алі Сееда Хаменеі3

Падчас ізраільскай атакі на Іран забілі камандзіра спецпадраздзялення «Кудс»1

Нетаньяху ўвёў Іран у зман з дапамогай вяселля, а Трамп — сваімі заявамі8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць