Вайна1818

«Тое, што Ізраіль зрабіў з Іранам, — гэта тое, што Расія хацела зрабіць з Украінай»

Ізраіль атрымаў кантроль над небам Ірана — дасягненне, недасяжнае для Расіі ва Украіне, адзначае The Wall Street Journal.

Атакаваны будынак разведкі Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Скрыншот відэа

Як піша карэспандэнт па міжнародных справах The Wall Street Journal ураджэнец Украіны Яраслаў Трафімаў, усяго праз 48 гадзін пасля пачатку сваёй аперацыі супраць Ірана Ізраіль абвясціў, што дасягнуў панавання ў паветры над заходняй часткай краіны, уключаючы Тэгеран. Гэта тое, чаго Расія не змагла дамагчыся ва Украіне за тры з паловай гады поўнамаштабнай вайны.

Як адзначае Трафімаў, няздольнасць Расіі атрымаць кантроль над небам ад моманту няўдалай спробы захапіць Кіеў у лютым 2022-га прывяла да пазіцыйнага тупіка, траншэйнай вайны і масавых страт.

У сваю чаргу Ізраіль за 48 гадзін вайны з Іранам атрымаў паветраную перавагу. Ізраільскія самалёты пачалі скідваць бомбы з паветранай прасторы Ірана замест таго, каб спадзявацца на дарагія ракеты дальняга дзеяння.

Прыклад Ізраіля і памылкі Расіі

Нягледзячы на тое, што дзве вайны істотна адрозніваюцца паміж сабою — у ізраільскай кампаніі ў Іране няма традыцыйнага сухапутнага кампаненту — вопыт двух канфліктаў падкрэслівае важнасць даўно вядомага старога прынцыпу: хто валодае небам, той валодае ініцыятывай у вайне.

«Абедзве кампаніі дэманструюць фундаментальную важнасць перавагі ў паветры для дасягнення мэтаў. У выпадку расійска-ўкраінскай вайны мы бачым, што адбываецца, калі ніводзін з бакоў не можа гэтага дабіцца: тупіковая сітуацыя і пераход вайны на знясіленне. У выпадку ізраільска-іранскай вайны перавага ў паветры дае Ізраілю неабмежаваную свабоду для нанясення ўдараў над асобнымі рэгіёнамі, там, дзе ён яе атрымаў», —

тлумачыць генерал ЗША ў адстаўцы Дэвід Дэптула (David Deptula), які камандаваў авіяўдарамі супраць талібаў і «Аль-Каіды» ў Афганістане ў 2001-м.

Ізраіль пачаў аперацыю з выкарыстання невідзімак пятага пакалення F-35, мадэрнізаваных на ізраільскіх заводах. Пасля таго як асноўныя іранскія СПА былі знішчаны, да аперацыі далучыліся больш старыя F-15 і F-16. Ізраіль пачаў скідваць кіраваныя бомбы JDAM і Spice, якія больш танныя і больш распаўсюджаныя, чым ракеты з разбуральным эфектам.

Паводле брытанскага маршала ў адстаўцы Марціна Сэмпсана, які кіраваў паветранымі аперацыямі Вялікабрытаніі супраць «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыі і Іраку, цяпер Ізраіль можа выкарыстоўваць увесь арсенал наступальнай зброі з максімальнай эфектыўнасцю. А вось Іран такой магчымасці не мае.

Пажар у выніку ізраільскага ўдару па авіябазе ў Мешхедзе. Скрыншоты відэа

Урокі з Украіны — і слабасць Ірана

Безумоўна, адзначае аўтар, ізраільская армія плануючы сваю ўласную кампанію супраць Ірана, уважліва прааналізавала расійскія правалы і ўкраінскія поспехі. Паводле аналітыкаў, галоўны ўрок: ВПС Ізраіля нашмат мацнейшыя і больш сучасныя за расійскія, у той час як Украіна значна лепш абараняецца, чым Іран.

«Ізраіль здолеў заспець Іран знянацку і атрымаў перавагу над яго сістэмамі супрацьпаветранай абароны, якія амаль па ўсіх параметрах былі значна прасцейшай мішэнню, чым украінскія СПА», — адзначае ваенны аналітык Майкл Кофман (Michael Kofman) з Carnegie Endowment.

А брытанскі маршал у адстаўцы Эдвард Стрынгер (Edward Stringer), які кіраваў паветранай кампаніяй у Лівіі ў 2011 годзе, лічыць, што поспех Ізраіля тлумачыцца не толькі тэхнікай, але культурай навучання, узаемадзеяннем з разведкай, інавацыямі і кібермагчымасцямі.

«Усё, што маюць рускія — гэта пілоты. Яны іх вучаць проста кіраваць лятаючай артылерыяй», -– іранізуе Стрынгер.

Іран, як і Украіна ў 2022 годзе, не меў сучасных самалётаў, здольных супрацьстаяць ворагу. Але ў адрозненне ад Украіны ён не арганізаваў эфектыўнай сістэмы СПА. Тэгеран спадзяваўся не на абарону, а на стрымліванне з дапамогай уласных ракет і падкантрольных рэгіянальных груповак.

Вярхоўны кіраўнік Ірана Алі Саед Хаменеі (у цэнтры) са сваімі сілавікамі ў 2019 годзе. Фота: Iranian Leader Press Off. / Handout/Anadolu via Getty Images

Але галоўны элемент гэтага стрымлівання — ліванская групоўка «Хезбала» — была фактычна знішчана ізраільскімі ўдарамі яшчэ летась. Акрамя таго, сувязі паміж Іранам і «Хезбалой» былі парушаныя праз калапс рэжыму Башара Асада ў Сірыі. Пазнейшыя авіяўдары Ізраіля па сірыйскіх сістэмах СПА расчысцілі Ізраілю паветраны калідор да Ірана, па якім цяпер без перашкод рухаюцца баявыя самалёты.

Фактар нечаканасці і ўнутраная слабасць Ірана

У 2022 годзе Украіна мела куды больш устойлівую супрацьпаветраную абарону: савецкія сістэмы С-300 і «Бук» прадэманстравалі сваю большую надзейнасць і інтэграванасць, чым у Ірана пасля нападу Ізраіля.

Не менш важным быў элемент нечаканасці. Дзякуючы папярэджанням заходняй разведкі аб падрыхтоўцы нападу з боку Расіі Кіеў паспеў расцягнуць і схаваць асноўную частку сваіх мабільных СПА.

Пасля таго, як некалькі расійскіх самалётаў былі збітыя над украінскімі гарадамі, расійская авіяцыя фактычна перастала лятаць за лінію фронту — і гэтая сітуацыя захоўваецца дагэтуль.

Каб ударыць па аб’ектах у глыбіні ўкраінскай тэрыторыі, Расія вымушаная выкарыстоўваць абмежаваныя запасы ракет ці дронаў, якія павольныя, малаэфектыўныя і маюць невялікую баявую нагрузку. Ва Украіны ж з’явіліся ўласныя ўдарныя беспілотнікі — і яна наносіць удары ў адказ.

У адрозненне ад Украіны Іран не чакаў удару. Часткова сваю справу зрабілі ізраільскія дэзынфармацыйныя заявы пра магчымы напад у выпадку, калі амерыкана-іранскія перамовы, запланаваныя на 15 чэрвеня, не прывядуць да прагрэсу. Атака пачалася на два дні раней.

У пачатку кампаніі ізраільскія спецпадраздзяленні трапілі на тэрыторыю Ірана і знішчылі СПА з дапамогай дронаў, аналагічна таму, як украінская разведка некалькі тыдняў таму пашкодзіла расійскія стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі.

У той жа час Ізраілю ўдалося забіць большую частку вайсковага кіраўніцтва Ірана — яшчэ адна аперацыя, якая стала магчымай дзякуючы выдатнай працы шпіёнаў.

«У прынцыпе, тое, што Ізраіль зрабіў з Іранам, — гэта тое, што Расія хацела зрабіць з Украінай: яны думалі, што могуць правесці нейкую сакрэтную аперацыю і знішчыць украінскі рэжым», — сказаў Майкл Гаровіц (Michael Horowitz), ізраільскі аналітык.

«Але аказалася, што ўкраінскае грамадства мае ўстойлівасць і не так лёгка паддаецца пранікненню — у той час як у Іране рэжым настолькі непапулярны, што лёгка знайсці людзей, якія пагодзяцца працаваць з Ізраілем».

Іран працягвае абстрэльваць Ізраіль балістычнымі ракетамі, выклікаючы смерці і разбурэнні. Але, як сцвярджае генерал ЗША ў адстаўцы Цімаці Рэй (Timothy Ray), Ізраіль мае ўсё больш магчымасцяў знішчаць ракеты яшчэ на зямлі — да запуску.

Час, здаецца, цяпер на баку Ізраіля — прынамсі ў бліжэйшай перспектыве.

Каментары18

  • Мх
    16.06.2025
    «Але аказалася, што ўкраінскае грамадства мае ўстойлівасць і не так лёгка паддаецца пранікненню — у той час як у Іране рэжым настолькі непапулярны, што лёгка знайсці людзей, якія пагодзяцца працаваць з Ізраілем». Расейцы былі проста вельмі саманадзейныя. І ніхто не ацэньваў ролю дронаў у той час. Калі б Расея рэалізавала ў 2022 годзе такі ж сцэнарый адносна Украіны (раі дронаў патрапілі б ва ўсе крытчныя сістэмы Украіны адначасова), гэтай дзяржавы ўжо б не было на мапе свету. Расейцы таксама рабілі стаўку на непапулярнасць "нацыста" Зяленскага. Але Украіна тым не меньш выстаяла. Іран таксама можа выстаяць. Незразумелая логіка Ізраіля - трымаць усе суседнія краіны на ўзроўні каменнаяга века, зўамест такго, каб з імі супрацоўнічаць і ўзаемадзейнічаць. Ды і што ён будзе рабіць, калі Расея і Кітай пачнуць дапамагаць Ірану? Атакуюць дронамі Кітай і Расею? Спачатку пачынаюць бойку, потым клічуць ЗША па дапамогу.
  • Беларус
    16.06.2025
    Ізраіл круты!
  • Мх
    16.06.2025
    Беларус, Я б паглядзеў на іхнюю крутасць, калі б яны самастойна, без дапамогі ЗША пераможна скочылі б хоць адну вайну.

Цяпер чытаюць

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней2

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней

Усе навіны →
Усе навіны

МУС Украіны: Расія разам з целамі ўкраінскіх вайскоўцаў перадае і расійскіх1

Ізраільскі авіяўдар перарваў эфір дзяржтэлерадыё Ірана. Штаб-кватэра ТБ знішчаная ВІДЭА34

Вось як выглядае ўкраінскі вайсковец пасля трох гадоў расійскага палону ФОТАФАКТ10

Расійскія прапагандысты тэрмінова эвакуіруюцца з Тэгерана6

«Загрузка ўпала, заказаў менш». Работнікаў прадпрыемства ў Рэчыцы сталі адпраўляць у адпачынкі без аплаты7

Чаму вучэнні «Захад-2025» вырашылі правесці ў цэнтры краіны, а не каля межаў НАТА — меркаванне ўкраінскага палітолага4

Прарасійскія надпісы на целе ўкраінскага вайскоўца выразаў хірург падчас аперацыі4

Каля берагоў Канады заўважылі рэдкі чорны айсберг1

Замест вайны сланы ў новай кнізе Сашы Філіпенкі. І Масква11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней2

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць