Свет

Як адключэнне інтэрнэту ў Іране раптам раскрыла сувязь Тэгерана з шатландскім сепаратызмам

Пасля маштабных ізраільскіх удараў па Іране 12 чэрвеня 2025 года, калі ўзровень інтэрнэт-злучэння ў краіне ўпаў да 5%, у сацсетцы X раптоўна знікла вялікая колькасць ананімных акаўнтаў, што прасоўвалі ідэі незалежнасці Шатландыі. Даследчыкі лічаць, што гэта не выпадковасць, а вынік зрыву знешне кіраванай інфармацыйнай сеткі, звязанай з іранскімі структурамі.

Ілюстрацыйны малюнак, створаны з дапамогай штучнага інтэлекту

Даследаванне, апублікаванае ў выданні UK Defence Journal, паказвае на прамую сувязь паміж ананімнымі акаўнтамі ў сацыяльнай сетцы X, што падтрымлівалі незалежнасць Шатландыі, і Іранам.

Як пішуць аўтары, згаданыя акаўнты штодня актыўна публікавалі паведамленні з лозунгамі аб незалежнасці Шатландыі і антыбрытанскія паведамленні. Пры гэтым аўтары пазіцыянавалі сябе простымі жыхарамі, кшталту «медсястра Нацыянальнай службы аховы здароўя» ці «сацыяліст з Глазга».

Але 12 чэрвеня яны раптоўна замаўчалі — і гэта супала з масіраванай ізраільскай паветранай і кібер-аперацыяй супраць Ірана, у выніку якой у краіне адбыліся сур’ёзныя збоі ў пастаўках электраэнергіі, дэфіцыт паліва і падзенне інтэрнэт-злучэння да 5% ад звычайнага ўзроўню.

Першапачаткова гэта разглядалася як простае супадзенне, аднак пазней з’явіліся доказы, што гаворка ідзе пра найбольш відавочны збой у доўгатэрміновай інфармацыйнай аперацыі з удзелам замежнай дзяржавы. Даследчыкі звязалі гэтую сетку з Корпусам вартавых Ісламскай рэвалюцыі.

Асіметрычная стрэтэгія змагання

Як тлумачыцца ў даследаванні, не маючы ні эканамічнай вагі, ні вайсковай моцы, каб супрацьстаяць Захаду на роўных, Іран выкарыстоўвае асіметрычную стратэгію. Ён робіць стаўку на сакрэтны ўплыў у інтэрнэце — танны, але эфектыўны інструмент, які дазваляе фарміраваць грамадскія настроі і падсілкоўваць палітычныя расколы ў іншых краінах.

У гэтым кантэксце Вялікабрытанія даўно трапіла ў спіс цэляў Тэгерана. Іранскія ўлады ўспрымаюць Вялікабрытанію як былога каланізатара і прычыну знешняга ўмяшання ў справы Блізкага Усходу. Таму аслабленне ўнутранай еднасці Злучанага Каралеўства разглядаецца як выгадная стратэгічная мэта.

Шатландскі сепаратызм, з яго выразнай антыўрадавай рыторыкай і патэнцыйнай пагрозай для цэласнасці Вялікабрытаніі, уяўляецца зручным інструментам, які Іран можа скарыстаць дзеля падрыву ўнутранай стабільнасці краіны.

Яшчэ ў 2014 годзе, падчас першага рэферэндуму па незалежнасці Шатландыі, іранская дзяржаўная тэлерадыёкампанія IRIB стварыла старонкі ў Facebook, напрыклад, The Scotsman Cartoon, дзе размяшчаліся карыкатуры і мемы, што паказвалі прэм’ер-міністра Дэвіда Кэмерана як сімвал англійскага аўтарытарызму.

Гэтыя старонкі імітавалі сапраўдныя шатландскія медыя, каб прыцягнуць увагу. Хоць іх ахоп заставаўся абмежаваным, гэта стала падмуркам для наступных, больш складаных інфармацыйных аперацый.

У той жа час Press TV, англамоўны прапагандысцкі канал Ірана, падаваў шатландскае імкненне да незалежнасці як антыкаланіяльную барацьбу.

Ад мемаў да сетак: эвалюцыя іранскай прысутнасці

У 2022—2024 гадах актыўнасць па распаўсюджванні лозунгаў пра незалежнасць Шатландыі рэзка ўзрасла дзякуючы сетцы фальшывых акаўнтаў у сацсетцы X (былой Twitter). Каманда даследчыкаў з Універсітэта Клемсана выявіла больш за 80 фэйкавых профіляў, якія імітавалі звычайных жыхароў Вялікабрытаніі — гэта надавала ім выгляд аўтэнтычнасці і даверу.

Паводле высноў даследчыкаў, гэтыя акаўнты, верагодна, дзейнічалі ад імя або пад кіраўніцтвам Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі Ірана. Іх асноўнай мэтай, як мяркуецца, было ўзмацненне ўнутрыпалітычнай напружанасці ў Вялікабрытаніі, перш за ўсё ў сферы канстытуцыйных супярэчнасцяў, звязаных з будучыняй Шатландыі ў складзе Злучанага Каралеўства.

Пачынаючы з канца 2021 года, гэтая сетка стварыла каля 250 000 твітаў. Іх нельга лічыць звычайным спамам. Яны былі распрацаваныя так, каб арганічна ўлівацца ў рэальную палітычную дыскусію і ўзаемадзейнічаць з сапраўднымі карыстальнікамі.

Паводле аналізу, сетка забяспечвала да 4% усяго дыскурсу вакол незалежнасці Шатландыі на X, што ў чатыры разы больш за афіцыйны акаўнт Шатландскай нацыянальнай партыі (SNP).

Даследчыкі адзначаюць, што гэтая сетка стала адной з найбольш актыўных крыніц пранезалежніцкіх паведамленняў у сацсетцы, але мэтай яе была не ідэйная падтрымка незалежнасці, а імкненне дэстабілізацыі Вялікабрытаніі.

Ілжывыя профілі і рэальныя вынікі

Гэтыя акаўнты былі спецыяльна распрацаваныя так, каб выглядаць праўдападобна і пераканаўча. Паведамленні ў іх падавался ад імя мясцовых жыхароў, былі напісаныя эмацыйна і з'яўляліся рэгулярна. Многія выкарыстоўвалі профільныя фота, згенераваныя штучным інтэлектам.

Іх мова імітавала мову рэальных карыстальнікаў, а час публікацый супадаў з важнымі палітычнымі падзеямі, што яшчэ больш узмацняла эфект. Даследчыкі называюць такі прыём «адмываннем наратыву» (narrative laundering), калі знешні ўплыў маскіруецца пад выглядам аўтэнтычнай грамадскай думкі.

Твіты з гэтых фальшывых акаўнтаў атрымлівалі сотні тысяч рэпостаў, лайкаў і каментарыяў. З часам гэта спрыяла стварэнню цыкла зваротнай сувязі.

Па словах даследчыкаў, кампанія працягвала актыўнасць на працягу многіх гадоў, перш чым абставіны прывялі да яе выкрыцця.

Удар па сістэме

Сітуацыя змянілася 12 чэрвеня 2025 года, калі Ізраіль нанёс скаардынаваныя паветраныя і кіберудары па Іране, нацэленыя на інфраструктуру Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі, уключаючы аб'екты, звязаныя з кібераперацыямі.

Атакаваны будынак разведкі Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Скрыншот відэа

Ужо праз суткі інтэрнэт у Іране абваліўся да 5% ад нармальнага ўзроўню. Акаўнты, якія раней публікавалі паведамленні сінхронна, цалкам спынілі актыўнасць.

Як адзначаюць даследчыкі, не было ніякіх папярэджанняў, паступовага згасання актыўнасці ці пераходу на рэзервовыя акаўнты — маўчанне было поўным і адначасовым. Усё нагадвала раптоўны абрыў каманднага канала або збой у фонавым тэхнічным забеспячэнні.

Такі тып знікнення характэрны для сетак, якія знаходзяцца пад цэнтралізаваным кіраваннем і абапіраюцца на дыстанцыйную інфраструктуру — серверы, VPN або кіраўнічыя панэлі. У дадзеным выпадку гэтая інфраструктура, верагодна, была звязаная з Іранам.

Ізраільскія ўдары, у спалучэнні з адключэннем інтэрнэту і фізічнымі пашкоджаннямі іранскай лічбавай інфраструктуры, маглі фактычна паралізаваць дзейнасць гэтай сеткі. Асабліва калі кіраванне акаўнтамі рабілася не знутры саміх профіляў, а праз адзіны пункт каардынацыі — напрыклад, кіраўнічую панэль або сістэму калектыўнага доступу, размешчаную на аб’ектах, звязаных з Корпусам вартавых Ісламскай рэвалюцыі.

Іншымі словамі, удар 12 чэрвеня не раскрыў сетку, а проста вывеў яе з ладу.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я толькі аднаго хачу: каб вы паверылі мне зноў». Як прайшла першая акцыя Ціханоўскага ў Варшаве пасля вызвалення

«Я толькі аднаго хачу: каб вы паверылі мне зноў». Як прайшла першая акцыя Ціханоўскага ў Варшаве пасля вызвалення

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусбанк абмяжоўвае зняцце наяўных з картак3

У Арменіі арыштавалі архіепіскапа і яшчэ 16 змоўнікаў1

4, 14 ці 114? У Кобрыне не могуць разабрацца з нумарам дома на фасадзе6

Кацярына Ціханава — не проста дачка Пуціна. Яе лічаць магчымай пераемніцай11

«Нервовае, трывожнае, непалітычнае. Галоўны герой — член Савета Рэспублікі». Вольга Лойка прапануе «Беларусьфільму» ідэю кіно3

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі24

З 1 верасня беларусам, што едуць у Латвію, трэба будзе зарэгістравацца на спецыяльным партале і запоўніць анкету9

Спецслужбы пад выглядам «друку сімволікі і сцягоў» спрабуюць падбіць беларусаў замежжа перадаць свае асабістыя звесткі2

Беларускі турыст знойдзены мёртвым у возеры Шален у Бургундыі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я толькі аднаго хачу: каб вы паверылі мне зноў». Як прайшла першая акцыя Ціханоўскага ў Варшаве пасля вызвалення

«Я толькі аднаго хачу: каб вы паверылі мне зноў». Як прайшла першая акцыя Ціханоўскага ў Варшаве пасля вызвалення

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць