Эканоміка2323

Мяркуючы па пасажырапатоку транспарту, насельніцтва Беларусі з 2019-га скарацілася, можа, нават на 1,2 мільёна чалавек

Белстат засакрэціў многую статыстыку, але ў адкрытым доступе застаюцца даныя аб транспарце. Яны шакуюць.

Мінск, метро. Архіўнае фота: Наша Ніва

Ёсць паказчыкі спажывання, якія слаба змяняюцца з гадамі. Да такіх адносяцца, прыкладам, паяданне базавых тавараў — хлеба і бульбы. Да такіх жа паказчыкаў адносіцца і спажыванне базавых паслуг — у тым ліку колькасць паездак на транспарце. Людзі ездзяць на працу і з працы, у школы і са школы, да бацькоў і ад бацькоў практычна нязменную колькасць разоў штогод.

На гэтую колькасць уплываюць толькі надзвычайныя падзеі — як пандэмія кавіду ці эканамічны абвал, калі многія людзі проста перастаюць ездзіць на працу ці ў адпачынак.

У імкненні схаваць рэальнасць Белстат пасля 2020 года засакрэціў самую розную статыстыку — пачынаючы з дэмаграфічнай і заканчваючы данымі аб экспарце нафтапрадуктаў. Сярод іншага, ад 2022 года перасталі публікаваць і звесткі пра пасажырааборот па асобных відах транспарту. Але сумарныя агульныя даныя засталіся ў адкрытым доступе.

Аб'ём перавозкі пасажыраў у Беларусі. Скрыншот з сайта Белстата

Як бачым, у 2016—2019 гадах агульная колькасць пасажыраў, перавезеных усімі відамі транспарту: на гарадскіх, міжгародных і міждзяржаўных маршрутах, аўтобусамі, метро, чыгункай і самалётамі, трымалася практычна нязменная — 1,97-1,99 мільярда паездак. 

У 2020 годзе пасажырапаток рэзка ўпаў, бо, нягледзячы на афіцыйнае ігнараванне ўладамі кавіду, многія людзі самаабмежавалі карыстанне грамадскім транспартам, каб перамагчы пандэмію. У выніку ўжо ў 2020-м пасажырапаток знізіўся да 1,64 мільярда.

Аднак і пасля сканчэння пандэміі кавіду і посткавіднага аднаўлення эканамічнай актыўнасці пасажырапаток у Беларусі застаецца нашмат меншым, чым быў у 2016—2019 гады. Так, у 2024 годзе ён склаў 1,72 мільярда паездак. Гэта амаль на 14% менш!

У 2019 годзе насельніцтва Беларусі, згодна з данымі перапісу, складала 9,4 мільёна чалавек.

Скарачэнне пасажыраабароту на 13,7% адпавядае скарачэнню насельніцтва ўнутры краіны на 1,2 мільёна чалавек проці 2019 года.

Калі браць статыстыку па пасажыра-кіламетрах, згодна са звесткамі Белстата, у 2024 годзе пасажыраабарот склаў 26,5 мільярда пасажыра-кіламетраў. У 2019 годзе ён складаў 27,6 мільярда пасажыра-кіламетраў, або на 3,9% больш.

Скарачэнне на 3,9% адпавядае скарачэнню насельніцтва на прыкладна 400 тысяч чалавек.

Цяжка сказаць, чаму існуе такая вялікая разбежка ў белстатаўскіх лічбах падзення пасажыраабароту, вылічанага ў колькасці паездак і ў іх кіламетражы. Гэта можа быць як прыкмета маніпуляцыі статыстыкай, так і вынік міжнароднай ізаляцыі Беларусі: людзі скарацілі колькасць дальніх паездак. Гэта можа быць таксама вынік масавай эміграцыі працаздольнага насельніцтва. Моладзь больш схільная вандраваць на далёкія адлегласці, пенсіянеры абмяжоўваюцца мясцовым транспартам.

Няма ніякіх відавочных іншых прычын, акрамя скарачэння насельніцтва, каб за пяць гадоў адбылося такое значнае скарачэнне пасажыраабароту. Для параўнання прывядзём аналагічныя даныя па Расіі і Еўрасаюзе.

Фірмовая гарбата Беларускай чыгункі. Фота з сацыяльных сетак

Агульны пасажырапаток у Расіі ў 2019 годзе складаў 626,1 мільярда пасажыра-кіламетраў. У 2024 годзе ён, паводле папярэдніх даных, склаў 627,1 мільярда пасажыра-кіламетраў. Як бачым, ён нязменны — як і колькасць насельніцтва краіны, дзе выміранне кампенсуецца іміграцыяй.

Расійская чыгунка паведаміла, што ў 2024 годзе перавезла 1,28 мільярда пасажыраў. Гэта рэкордны за 17 гадоў паказчык. Для параўнання: у 2019 годзе ён складаў 1,19 мільярда.

У Еўрасаюзе пасажыраабарот аўтатранспартам у 2019 годзе складаў 4299 мільярда пасажыра-кіламетраў. У 2025 годзе, па папярэдніх ацэнках, ён складзе 4354 мільярда пасажыра-кіламетраў. Насельніцтва Еўрасаюза за гэты перыяд вырасла прыкладна на 1%.

Пасажырапаток еўрапейскіх чыгунак у 2023 годзе склаў 429 мільярда пасажыра-кіламетраў. У 2019 годзе ён складаў 411 мільярда.

Як бачым, і ў Расіі, і ў ЕС лічбы пасажыраабароту аднавіліся да перадпандэмічных і нават трохі выраслі. У Беларусі ж адбылося значнае скарачэнне.

Электробус у Мінску. Фота з сацыяльных сетак

Статыстыка Белстата паказвала, што больш за 90 тысяч чалавек склала «залішняя смяротнасць» у выніку кавіду. Беларусь па гэтым паказчыку найгоршая на свеце.

Лічылася, што прыкладна 200 тысяч чалавек эмігравалі з Беларусі ў Польшчу, Літву ды іншыя краіны ЕС у 2021-2024, ратуючыся ад палітычных рэпрэсій і эканамічных праблем. 

Падзенне аб'ёму пасажыраабароту паказвае, што агульная лічба эміграцыі нашмат большая. Напэўна, значная колькасць беларусаў выехала і ў Расію, а вялікая колькасць эканамічных эмігрантаў хоць і прыязджае на радзіму, але працуе ў Еўрасаюзе.

Паводле афіцыйных даных Белстата, насельніцтва Беларусі з 2019 да 2025 гадоў скарацілася на 320 тысяч чалавек, да 9,11 мільёна.

Выглядае, што рэальную колькасць насельніцтва Беларусі мы даведаемся толькі пасля адыходу Аляксандра Лукашэнкі ад улады. Перад яго прыходам да ўлады ў 1994 годзе ў Беларусі жыло 10,2 мільёна чалавек.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары23

  • Аўтар
    17.07.2025
    Тыгр Тыгроўскі, вы памыляецеся. Міжнародныя паездкі складаюць зусім малую долю ў агульным пасажыраабароце — менш за 1%, калі браць па колькасці пасажыраў (самі можаце палічыць у табліцы). Асноўную частку пасажыраабароту складаюць паездкі ўнутры краіны і нават унутры гарадоў — на працу і з працы.
  • Тыгр Тыгроўскі
    17.07.2025
    Аўтар, спадар Аўтар, пытанне вельмі простае, паглядзіце яшчэ раз. За апошнія гады пасажырапаток вырас на 10%. Ці значыць гэта, што насельніцтва Беларусі вырасла адпаведна і мы маем трэнд на агульны рост насельніцтва?
  • Янушак
    17.07.2025
    Ну у расеі перавозкі выраслі, але гэта білеты у адзін канец - на фронт

Цяпер чытаюць

«Чакаю тавар ужо 13 дзён». Што пішуць кліенты аб праблемах Wildberries6

«Чакаю тавар ужо 13 дзён». Што пішуць кліенты аб праблемах Wildberries

Усе навіны →
Усе навіны

«Паставілі перад фактам: альбо плацім, альбо застаемся». Група турыстаў з-за закрытай мяжы мела праблемы з вяртаннем дамоў3

Зяленскі расказаў пра новы ўкраінскі контрнаступ

«Яны ўжо ніколі не вярталіся». Беларусы стварылі мультфільм пра палескую шляхту, якая вымушана выехала ў Польшчу6

«Нас там не лічаць за людзей». Былы палітвязень Павел Нікіценка расказаў пра амаль адбытае зняволенне і нечаканае вызваленне2

Трамп заявіў, што Пуцін яго падвёў сваім нежаданнем завяршаць вайну9

«Кіберпартызаны» расказалі, як вылічваюць людзей па «справе Гаюна»9

Расіяне скінулі бомбу на Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці, загінула пяць чалавек1

МУС Беларусі: Ніякіх даведак для выезду за мяжу без пашпарта ў нас не існуе19

Кітайцы купілі нямецкія брэнды MediaMarkt і Saturn1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чакаю тавар ужо 13 дзён». Што пішуць кліенты аб праблемах Wildberries6

«Чакаю тавар ужо 13 дзён». Што пішуць кліенты аб праблемах Wildberries

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць