Пракуратура Польшчы пачала папярэдняе следства па справе аб візах PBH. Іх атрымлівалі ў асноўным беларускія айцішнікі
Праграма Poland. Business Harbour была запушчаная ў 2020 годзе з мэтай прыцягнуць у Польшчу спецыялістаў і тэхналагічныя кампаніі з Беларусі. Пазней яе пашырылі на іншыя постсавецкія краіны.

Акружная пракуратура польскага горада Зялена-Гура распачала дасудовае вядзенне па справе аб візавай праграме Poland. Business Harbour (PBH). Гэтыя візы атрымлівалі ў асноўным беларускія айцішнікі, піша Most.
Праграма Poland. Business Harbour была запушчаная ў 2020 годзе з мэтай прыцягнуць у Польшчу спецыялістаў і тэхналагічныя кампаніі з Беларусі. Пазней яе пашырылі на іншыя постсавецкія краіны. Яна ўключала выдачу нацыянальнай візы D23, юрыдычную падтрымку пры пераездзе, дапамогу ў кантактах з органамі мясцовага самакіравання і інвестарамі. З 26 студзеня 2024 года Польшча закрыла праграму з-за сумневаў у мэтавым выкарыстанні візаў.
Як паведамілі ў пракуратуры, следства павінна ўстанавіць, «ці мела месца перавышэнне паўнамоцтваў і невыкананне абавязкаў» з боку службовых асоб, якія ў 2020—2023 гадах займаліся праграмай PBH.
Мяркуецца, што ў польскія консульствы накіроўваліся лісты аб тым, каб у прыярытэтным парадку разглядаліся заявы грамадзян Беларусі, што працуюць у IT-сектары і адпавядаюць умовам праграмы PBH, а таксама членаў іх сем’яў.
Акрамя таго, консулаў у Беларусі нібыта інструктавалі, каб яны прымалі заявы на візы ад грамадзян іншых краін, калі тыя працавалі ў кампаніях, якія рэлакавалі супрацоўнікаў у Польшчу. Для гэтага патрабавалася заява працадаўцы, які атрымаў рэкамендацыі для ўдзелу ў праграме PBH.
Таксама следства вывучыць, як праграма PBH была пашырана на іншыя краіны: Украіну, Расію, Арменію, Грузію і Малдову.
Справа PBH
Справа PBH стала часткай расследуемай у Польшчы «візавай афёры» — аб перавышэнні паўнамоцтваў пры выдачы польскіх візаў. Мяркуецца, што спрошчаныя ўмовы выдачы візаў IT-спецыялістам маглі прывесці да таго, што ўладальнікі такіх візаў не праходзілі неабходных працэдур кантролю.
Акрамя таго, доўгі час абмяркоўвалася, што ў Польшчу пераехала толькі 15% ад усіх атрымальнікаў візаў PBH.
Вышэйшая кантрольная палата (NIK) прыйшла да высновы, што праграма PBH рэалізоўвалася без прававых падстаў: гэта не была міністэрская праграма, і яна не была зацверджана ўрадам. Не было дакумента, у якім былі б выкладзены яе прававыя падставы, мэты, задачы, удзельнікі, а таксама чаканыя эфекты.
Раней паведамлялася, што да злоўжыванняў былі датычныя 11 чыноўнікаў, у іх ліку былыя кіраўнікі міністэрстваў і віцэ-прэм’ер.
Усяго па праграме было выдадзена каля 95 115 візаў.
Каментары
Якія здабыткі атрымала Польшча ад гэтай праграмы?