Чэшскі дыпламат абвешчаны персонай нон грата і павінен пакінуць Беларусь
Чэшскі дыпламат абвешчаны персонай нон грата і цягам 72 гадзін павінен пакінуць Беларусь. Пра гэта заявіў журналістам прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў, піша БелТА
Афіцыйны прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў: «Як вам ужо вядома, нядаўна ўлады Рэспублікі Польшча і Чэшскай Рэспублікі па абсалютна надуманых і беспадстаўных падставах прапанавалі пакінуць тэрыторыю сваіх дзяржаў беларускім дыпламатам у рангу дарадцы».
«Сёння ў Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы часова выконваючы абавязкі кіраўніка дыпламатычнай місіі Чэхіі ў Беларусі Томаш Крыл. Яму ў якасці меры ў адказ было заяўлена аб абвяшчэнні персонай нон грата чэшскага дыпламата (дарадцы), якому неабходна цягам 72 гадзін пакінуць тэрыторыю Беларусі», — падкрэсліў Руслан Варанкоў.
8 верасня чэшскія ўлады паведамілі, што ў Еўропе была выкрыта шпіёнская сетка, якую спрабаваў стварыць беларускі КДБ. У расследаванні гэтай справы ўдзельнічалі EUROJUST і спецслужбы Румыніі, Чэхіі і Венгрыі. Менавіта ў сувязі з гэтым супрацоўнік пасольства, якога, верагодна, завуць Мікалай Дукшта, быў аб’яўлены персанай нон грата.
Акрамя таго, у Румыніі затрымалі былога намесніка кіраўніка Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы Аляксандра Балана за дзяржаўную здраду і перадачу дзяржаўных сакрэтаў беларускім спецслужбам.
Паводле венгерскіх СМІ, да справы таксама можа быць датычны беларускі апазіцыйны актывіст, які працуе таксістам і жыве ў Польшчы на мяжы з Беларуссю. 9 верасня прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што на яе тэрыторыі затрымалі агента беларускіх спецслужбаў, але яго імя пакуль невядомае. Таксама Польшча высылае аднаго з дыпламатаў.
Каментары