Пра свае стаматалагічныя прыгоды Жанна з Латвіі распавядала ў тыктоку. Ёй-та кошт спадабаўся, але далёка не кожны з беларусаў можа сабе дазволіць такія выдаткі. «Не падкажаце, куды беларусам ездзіць лячыць зубы?»

Першы раз жанчына прыехала ў Мінск да дактароў летась у жніўні. І вось цяпер, у кастрычніку 2025 года, яна спадзяецца, што надышоў шчаслівы фінал.
Сваёй гісторыі жанчына прысвяціла блог у тыктоку. Жанна тлумачыць, чаму не стала лячыць зубы ў роднай Латвіі. Яна кажа, што сітуацыя ў яе была складаная — неабходна было выдаліць усе зубы і паставіць імпланты.
— У інстытуце стаматалогіі мне палічылі толькі верхні шэраг на 4 імплантах — прыблізна 16 тысяч еўра. Гэта былі б імпланты «Штраўман» і цырконіевыя каронкі. У мяне такіх грошай не было, дый узяць іх няма адкуль.
Канечне, жанчына стала высвятляць, у якой краіне можна было б больш танна вырашыць праблему. Прызнаецца, што вельмі страшна было ехаць з такім далікатным пытаннем кудысьці за мяжу.
— Пачула шмат каментарыяў, што зубы лепш лячыць там, дзе ты жывеш. Бо калі нешта здарыцца, дык куды ты паедзеш?!
Жанна ведала, што шмат хто з Латвіі ездзіць да стаматолагаў у Беларусь ці Турцыю, але сама ўсё ж баялася так зрабіць.
Яе знаёмая — былая мінчанка, якая пераехала жыць у Рыгу, — стала казаць, што не давярае латвійскай медыцыне і сама ездзіць лячыцца ў Беларусь. Сяброўка параіла стаматалагічную клініку ў Мінску. Жанна вырашыла паспрабаваць і напісала туды, каб пацікавіцца коштам. Агучаная сума спадабалася, і жанчына вырашыла рызыкнуць.
Першы раз яна прыехала ў Мінск на дзесяць дзён — пры гэтым Жанна кажа, што за жыллё і дарогу плаціла клініка. Яна ж сама ў Беларусі патраціла тады 70 еўра на ежу (з улікам таго, што без зубоў у прынцыпе есці складана) і 20 еўра на неабходныя лекі.
— За выдаленне зубнога шэрагу ўверсе і ўнізе, за ўстаноўку 12 карэйскіх імплантаў, за часовую канструкцыю заплаціла прыкладна 9 тысяч даляраў.
Швейцарскія імпланты «Штраўман» заўважна даражэйшыя, але пазіцыя жанчыны такая: лепш паставіць тое, што можаш сабе дазволіць, чым хадзіць без зубоў.
Каментатары пісалі, што ў Турцыі можна было б зрабіць больш танна. Жанчына вырашыла гэта высветліць — тым больш сёлета зімой пабачыла недзе ў рускамоўнай прэсе навіну, быццам латвійцам могуць забараніць вандроўкі ў Беларусь і Расію. Паколькі да сканчэння лячэння было далёка, план Б трэба было прадумаць.
— Вы ж пішаце, што ў Турцыі за 5‑6 тысяч еўра робіце сабе ўвесь рот ад пачатку і да канца — і ставіце імпланты, і надзяваеце на іх каронкі, і пражыванне, і харчаванне, і трансфер… І ўсё-ўсё ўваходзіць у гэтыя 5‑6 тысяч еўра.
Жанна напісала ў адну турэцкую клініку і пацікавілася, колькі будзе каштаваць там скончыць яе лячэнне — з улікам таго, што імпланты ўжо стаялі. Ёй агучылі суму 7200 еўра — і гэта толькі за цырконіевыя каронкі.
Трэці візіт у Беларусь стаў для Жанны апошнім. Цяпер яна нарэшце агучыла фінальную суму, якую патраціла на зубы ў Беларусі — атрымалася агулам 15 тысяч еўра.
Пры гэтым, у тыктоку Жанна неаднаразова сутыкалася з абурэннем беларусаў, што для іх цэны на стаматалогію на радзіме непад'ёмныя, і каментарамі кшталту: «Не падкажаце, куды беларусам ездзіць лячыць зубы?».
Жанчына ж адказвае, што ёй таксама прыйшлося шмат ад чаго адмовіцца дзеля новай усмешкі.
Цяпер чытаюць
Ездзілі шукаць нават у БССР, а неапазнанае цела 30 гадоў ляжала ў спецсховішчы. Новыя дэталі загадкавага знікнення ў ЗША беларускага пісьменніка Міколы Цэлеша
Каментары