«Шары запускаюць і з аўтамабільных прычэпаў». Былы кантрабандыст тлумачыць, чаму цыгарэты ў Літву ўсё часцей перакідаюць на метэазондах
З-за кантрабанды цыгарэт з выкарыстаннем метэазондаў Літва тройчы на кароткі тэрмін закрывала мяжу з Беларуссю, а цяпер закрыла на нявызначаны тэрмін. Як гэтыя цыгарэты ляцяць у Літву? Былы кантрабандыст раскрывае нюансы.

Лукашэнка ўскладніў жыццё кантрабандыстам?
Кантрабанда цыгарэт з Беларусі ў Літву — з'ява не новая, ёй не адзін дзясятак гадоў. Але за апошні час змяніліся спосабы дастаўкі цыгарэт з Беларусі.
Рэч у тым, што арганізаваны рэжымам Лукашэнкі крызіс з мігрантамі на мяжы моцна ўскладніў жыццё кантрабандыстам, паколькі Літва была вымушана ўзмацніць кантроль і нават пабудаваць агароджу ўздоўж Беларусі працягласцю 502 кіламетры. Плот на мяжы з'явіўся напрыканцы лета 2022 года.
Да гэтага мяжа паміж краінамі была куды больш «дзіравай», што дазваляла кантрабандыстам з абедзвюх краін перамяшчаць цыгарэты пешшу і нават на джыпах і мікрааўтобусах, поўнасцю загружаных цыгарэтамі.
У СМІ час ад часу з'яўляліся навіны аб тым, што, захраснуўшы ў лясах або палях паблізу граніцы, кантрабандысты кідалі машыны, поўныя тавару, і ўцякалі, каб не трапіць у рукі пагранічнікаў.
Так, у маі 2013 года беларускія пагранічнікі знайшлі непадалёк ад мяжы з Літвой захраснуўшы УАЗ, загружаны 105 каробамі з цыгарэтамі (у 1 каробе месціцца 50 блокаў, або 500 пачак). Кантрабандыстам не ўдалося дабрацца да Літвы, і яны кінулі машыну з таварам.
У 2018 годзе ўжо літоўскія памежнікі з дапамогай верталёта выявілі ў балоцістай мясцовасці непадалёк ад мяжы аўтамабіль-амфібію з прычэпам, у якім знаходзілася 12 корабаў цыгарэт.

Хадзілі нават пешшу
Апроч дастаўкі цыгарэт праз «зялёную мяжу» транспартам, у пэўных раёнах кантрабандысты хадзілі праз мяжу пешшу, закінуўшы на плечы кораб-другі з цыгарэтамі. Усе гэтыя спосабы дастаўкі сталі недаступныя.
Пазней Літва пачала закрываць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. У выніку з шасці засталося толькі два (без уліку закрытых раней пунктаў спрошчанага пропуску праз кавід).
Таксама быў зачынены адзін з чыгуначных пунктаў пропуску, праз які ішло шмат кантрабанды.
Былы кантрабандыст, які да з’яўлення плоту на мяжы «працаваў» на літоўскім кірунку, кажа, што праз вышэйпералічаныя прычыны цягам апошніх гадоў магчымасці дастаўляць кантрабанду значна звузіліся.
Метэазонды — вымушаная мера?
«Некаторыя адышлі ад справы, а іншыя пачалі шукаць новыя спосабы. Перш за ўсё пачалі выкарыстоўваць грузавыя дроны, але для гэтага ўсё адно трэба быць блізу граніцы, плюс іх даволі лёгка вылічыць», — тлумачыць былы кантрабандыст.
Апроч гэтага, паводле слоў суразмоўцы, папулярнасць выкарыстання дронаў зменшылася праз тое, што ў Беларусі забаранілі трымаць іх без дазволаў і ўзмацнілі адказнасць за парушэнні.
«Так кантрабандысты пачалі шукаць новыя рашэнні, адным з якіх і сталі метэазонды».
Раней выпадкаў з метэазондамі было значна менш, бо, на думку суразмоўцы, кантрабандыстам спатрэбіўся час, каб навучыцца карыстацца імі з мінімальнай рызыкай страціць тавар.
Як гэта працуе?
«Па-першае, тут важна разбірацца ў кірунках ветру, а па-другое — дакладна пралічыць, наколькі моцна трэба надзьмуць шар, каб ён не паляцеў надта далёка».
Часам у кантрабандыстаў сапраўды здараюцца праколы. Напрыклад, летась шар з цыгарэтамі прызямліўся проста ў пункце пропуску.

«Асноўная перавага метэаразонда над дронамі — гэта дальнасць палёту. Каб яго запусціць, не трэба знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад мяжы. Яны могуць праляцець дзясяткі кіламетраў, таму далятаюць не толькі да Вільні, але і да Беластока», — адзначае суразмоўца.

Адпаведна, можна паехаць на лецішча пад Гродна або сядзець у нейкай вёсцы ўздоўж мяжы з Літвой і адтуль ноччу запускаць тыя цыгарэты. Галоўнае — каб вецер дзьмуў у правільным кірунку.
Але, наколькі мне вядома, іх нярэдка запускаюць з аўтамабільных прычэпаў, таму блізу мяжы памежнікі палююць на такі транспарт.
Таму кантрабандысты вымушаныя хавацца ад беларускіх памежнікаў, бо калі зловяць з цыгарэтамі — адразу заламаюць усіх і тварам у дол. Асабліва лютуюць з тымі, хто працуе з дронамі, таму іх цяпер амаль не выкарыстоўваюць», — кажа былы кантрабандыст.
У Літве цыгарэты забіраюць іх літоўскія «калегі».
«Да цыгарэт прымацаваны GPS-трэкер, каардынаты дасылаюцца «калегам» у Літву, і яны ўжо едуць іх шукаць. Я не ведаю пра тое, каб нехта спачатку запусціў цыгарэты з Беларусі, а потым паехаў сам іх забіраць у Польшчу ці Літву», — кажа суразмоўца.
Сёлета ў Літве было затрымана больш за 100 кантрабандыстаў
Словы былога кантрабандыста пра тое, што ў гэтым працэсе задзейнічаныя людзі з абодвух бакоў мяжы, пацвярджае інфармацыя ад літоўскага боку.
Днямі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантас Віткаўскас у інтэрв’ю LRT паведаміў, што сёлета ў Літве было затрымана больш за 100 кантрабандыстаў — і ўсе яны грамадзяне Літвы.
«Агульная колькасць сёлета перавысіла сто чалавек. Адной з тэм нашага пасяджэння Камісіі нацыянальнай бяспекі ў сераду быў менавіта перагляд крымінальнай адказнасці, каб зрабіць абыходжанне з такімі інцыдэнтамі значна больш строгім. Таму што мы гаворым не проста пра кантрабанду, а пра бяспеку нашай паветранай прасторы і грамадзянскай авіяцыі», — адзначыў Віткаўскас.
У Літве яшчэ летась гаварылі пра неабходнасць узмацнення адказнасці за кантрабанду цыгарэт. Цяпер дыскусія на гэтую тэму зноў актывізавалася. У прыватнасці, у суседняй краіне хочуць узмацніць адказнасць за кантрабанду паветрам, то-бок небяспечным спосабам, бо метэазонды ствараюць пагрозу для авіяцыі.
Беларускі бок, у сваю чаргу, пра наяўнасць праблем з паветранай кантрабандай нічога не кажа і толькі вінаваціць Літву ў тым, што яна нібыта «беспрычынна і без папярэджання» закрывае мяжу.
Каментары
Каменныя вежы,
Жалезныя дзверы,
Замкі і засовы,
Таемныя пасткі,
Падземныя сховы,
Маўклівыя маскі
На тварах аховы.
Ім сэрцы і душы
Аплецены дротам,
І токам атручана кроў.
А ў кантрабандыста
Блакітныя вочы.
Ён працуе штоночы,
Робіць цёмную справу,
Парушаючы Права
І Закон крымінальны,
Праз граніцу цягае
Кантрабандны тавар.