Грамадства22

Для паветраных шароў з Беларусі ў Літву спрыяльны вецер дзьме 51 дзень у год

Кантрабандныя паветраныя шары з Беларусі запускаюцца, калі вецер накіроўвае іх у бок Віленскага аэрапорта, кажа прэм’ер Інгa Ругінене. Паводле даных Літоўскай гідраметэаралагічнай службы, для гэтага найбольш спрыяльны паўднёва-заходні вецер у Вільні дзьме прыкладна 51 дзень у год, часцей сустракаецца восенню і зімой, піша LRT.

Праўда, падчас спыненняў паветранага руху, што адбыліся мінулага тыдня ў сталіцы Літвы, фіксаваліся і ўсходнія, паўднёва-ўсходнія і паўднёвыя вятры. Вятры ўсіх чатырох напрамкаў у Вільні на вышыні 10 метраў дзьмуць каля 54% усяго часу, гэта значыць ажно 197 дзён у год.

Аднак, як адзначае кіраўнік аддзела кліматалогіі Літоўскай гідраметэаралагічнай службы Данатас Валюкас, напрамак ветру каля зямлі і на вышыні некалькіх кіламетраў, дзе ляцяць шары, супадае не заўсёды.

«Звычайна на розных вышынях напрамкі збольшага адпавядаюць таму, што бліжэй да зямлі, але не заўсёды адзін да аднаго. Сітуацыя можа быць і зусім процілеглая. Вядома, ім, магчыма, поўная дакладнасць і не патрэбна. Ім галоўнае — каб шары трапілі на тэрыторыю Літвы.

Дарэчы, кожны чалавек можа заўважыць тыя даволі рэдкія выпадкі, калі вецер дзьме і дрэвы хіляцца ў адзін бок, а падняўшы вочы ў неба, бачыш, што воблакі рухаюцца ў іншы бок», — растлумачыў ён LRT.lt.

У Вільні найбольш частыя паўднёвыя і заходнія вятры.

Паводле даных, прыведзеных у выданні Літоўскай гідраметэаралагічнай службы 2023 года «Кліматычны атлас Літвы 1991—2020 гг.», у Вільні пераважаюць паўднёвыя і заходнія вятры. 19% усяго часу, калі дзьме вецер, ён мае паўднёвы напрамак, 17% — заходні, 15% — паўднёва-ўсходні, па 14% — паўднёва-заходні і паўночна-заходні. Найменш частыя — паўночныя (9%), паўночна-ўсходнія і ўсходнія вятры (па 6%). Каля 5% усяго часу ў Вільні фіксуецца зацішша, гэта значыць штыль або слабы вецер, не мацнейшы за 0,5 метра ў секунду.

У выданні тлумачыцца, што паўднёвых напрамкаў вятры ў Літве часцей бываюць узімку, калі атмасферная цыркуляцыя перабудоўваецца на халодны перыяд і актывізуецца Сібірскі антыцыклон.

Увесну колькасць паўднёвых вятроў пачынае змяншацца, а паўночных — павялічвацца. У сакавіку і красавіку яшчэ даволі частыя ўсходнія і паўднёва-ўсходнія вятры.

«Улетку дамінуюць заходнія вятры, аднак павялічваецца і колькасць паўночных (асабліва паўночна-заходніх) вятроў. Рэдкімі становяцца ўсходнія, паўднёва-ўсходнія і паўднёвыя вятры», — адзначаецца ў выданні.

Увосень вятры зноў вяртаюцца да тыповых для халоднага перыяду напрамкаў: колькасць паўночных і паўночна-ўсходніх вятроў змяншаецца, а паўднёвых, паўднёва-заходніх і паўднёва-ўсходніх — павялічваецца. Хаця заходнія вятры крыху радзеюць, але з-за дамінуючага заходняга пераносу яны ўсё адно застаюцца частымі.

Каментары2

  • Мянцюк
    29.10.2025
    гэта значыць, што астатнія дні Літва мае права запускаць усё што захоча па тэрыторыі Беларусі. Няхай цяпер лукашэнкаўцы думаюць як абараніцца
  • .
    29.10.2025
    Той выпадак, калі 5 малюнкаў руж вятроў (на 4 сезоны і агульны) будуць наглядней за тэкст і дыяграму (якая ёсць на lrt). Літоўскія СМІ таксама згубілі ці не мелі веды інфаграфікі.

    Для таго, каб зонд трапіў у Літву, карысней не паўднёва-заходні, а паўднёва-ўсходні вецер. Можна паглядзець на мапу: ўвогуле Беларусь ад Літвы на паўднёвым усходзе і мяжа паміж намі прыкладна па дыяганалі.
    Паўднёва-заходні вецер дапамагае калі толькі даляцець з раёну Гародні да Вільні. У "праблемных" 20-х чыслах кастрычніка пераважным ветрам на вышыні быў якраз паўднёва-ўсходні, не вельмі тыповы.

    Па актуальнай статыстыцы з улікам 2021-2025 гг. заходні вецер усё ж часцей за паўднёвы. Яны самі пішуць пра "дамінуючы заходні перанос".
    Таму спрыяльных для кантрабандыстаў вятроў блізка да паловы толькі зімой, а ўвогуле іх менш за палову, прыкладна каля 40%.

    А яшчэ і статыстыка вятроў на вышыні 1 км і вышэй будзе іншай за статыстыку каля паверхні. Літоўскі гідрамет сам пра тое тлумачыць. Пры гэтым прыземная статыстыка добра збіраецца на метэастанцыях, а на вышыні - толькі метэазондамі (сапраўднымі). І мадэлюецца мадэлямі. Таму рэальных даных па спрыяльным дням для зондаў менш.

    Рэактыўныя струмені ў вышыні зараз вельмі бадзёрыя, пачатак лістапада не анамальны, таму тыдзень, а то і больш можна не чакаць паўтору такіх жа стабільных умоў для масавага закіду метэазондаў.

Цяпер чытаюць

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем3

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем

Усе навіны →
Усе навіны

Аперацыя па змяншэнні грудзей стала самай папулярнай сярод мужчын ЗША1

Памёр папулярны блогер па нерухомасці, які меў больш за 100 тысяч падпісчыкаў3

На фронце загінуў журналіст Ленты.ру, які даслужыўся да лейтэнанта і камандаваў узводам4

У Кацярыны Ваданосавай новая бяда — цяжкая хвароба маці1

У Еўропе ўзмацняюцца супярэчнасці паміж Мерцам і Макронам3

У Турцыі разбіўся самалёт з начальнікам Генштаба Лівіі на борце

У Сапоцкіне пачалі рамонт мясцовага касцёла пасля пажару

На Чарнобыльскай АЭС папярэдзілі, што абарончы саркафаг можа не вытрымаць новага расійскага ўдару2

На востраве Тэнэрыфе пабілі сусветны рэкорд па даўжыні каляднага дэсерту1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем3

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць