«Шатл-бас спачатку спыніўся, а потым пачаў павольна каціцца назад». Беларус, які стаў відавочцам аварыі ў Тайландзе, расказаў падрабязнасці
На сувязь з рэдакцыяй выдання «Анлайнер» выйшаў мужчына па імені Дзмітрый, які расказаў, што знаходзіўся ў аўтобусе разам са сваёй сяброўкай Настассяй — той самай беларускай, якая атрымала цяжкія траўмы ў аварыі.

Мужчына расказаў: у аўтобусе было шэсць чалавек з Беларусі. Пацярпелыя атрымалі ў асноўным удары і парэзы.
«Аварыя адбылася 6 лістапада раніцай, каля 08:00. Мы паехалі на экскурсію праз нейкае рускае турагенцтва. Гэтая экскурсія была двухдзённай і ўключала ў сябе начлег у гатэлі.
Раніцай мы меліся паплаваць па рацэ на плыце. Пасля гэтай забавы да нас пад'ехаў такі маленькі аўтобусік кшталту шатл-басу — на ім людзей развозяць па вялікай тэрыторыі гатэля. Гэты шатл-бас нейкі старажытны і дызельны. За стырном маладая тайка (работніца гатэля), на выгляд ёй 20‑21 год. З кіроўцай у аўтобусе было, напэўна, усяго чалавек з 14 — ён быў запоўнены.
На нашым шляху аказалася высокая гара. Калі мы сталі падымацца на яе, было чуваць, што матор ужо на апошнім дыханні… У мяне ў галаве на імгненне ўзнікла думка: а што, калі мы зараз пакацімся назад?
І вось літаральна на апошніх паўтара метрах аўтобус заглух. Кіроўца, мабыць, не зарыентавалася і не націснула на тормаз (можа, тармазы наогул не спрацавалі). Шатл-бас спачатку спыніўся, а потым пачаў павольна каціцца назад.
Трое рускіх турыстаў — такія буйныя мужчыны — пачалі выскокваць на хаду на траву. Але справа быў бетонны адбойнік… Я ўбачыў, як адзін з мужчын пакаціўся вельмі непрыемным чынам, таму вырашыў, што сам я скакаць не буду.
А аўтобус тым часам пачаў паскарацца. Бліжэй да канца спуску дарога паварочвала. Кіроўца ў гэты момант вырашыла падруліць, але, падобна, крутанула руль мацней, чым трэба. Аўтобус заваліўся на правы бок (я сядзеў з правага боку, проста каля выхаду, побач са сваёй жонкай), у гэты момант я стукнуўся спінай аб зямлю. Потым шатл стаў на дах і перакуліўся ўжо праз левы бок, у выніку стаўшы на колы.
Самы моцны ўдар прыйшоўся на левы бок — людзі, якія там сядзелі, пацярпелі мацней за астатніх. Насця, наша сяброўка, знаходзілася з левага боку… Была яшчэ адна дзяўчынка па імені Насця — ёй дасталася мацней за ўсіх, але цяпер яна ўжо на нагах. Моцна пацярпела і дзяўчына-кіроўца: пасля таго, што здарылася, яна страціла прытомнасць, ляжала і не рухалася. Яе таксама адразу павезлі ў рэанімацыю.
Хуткая, дарэчы, прыехала вельмі хутка, цягам трох хвілін. Мы з Насцяй паехалі ў найбліжэйшую бальніцу. Яна знаходзілася, мякка скажам, у нейкай глухмені, МРТ там не было. Тады Насцю перанакіравалі ў найбліжэйшы «райцэнтр». Я паехаў з ёй, бо трохі ведаю англійскую.
Бальніца аказалася дзяржаўнай, там Насцю прынялі, зрабілі КТ, МРТ і гэтак далей. Выявілася, што ў яе зламаныя некалькі рэбраў і з аднаго, і з другога боку. Таксама разрыў селязёнкі, нейкія пашкоджанні печані, а яшчэ зламаны дзясяты пазванок ў грудным аддзеле.
Насці тэрмінова патрэбная была аперацыя па выдаленні селязёнкі. Паколькі я быў адзіным, хто ведае Насцю, з мяне ўзялі згоду на правядзенне аперацыі. Пасля аперацыі яе паклалі ў інтэнсіўную тэрапію, і там яна дагэтуль. Мы наведваем яе кожны дзень. Ёй робіцца лепш. Лекары кажуць, што стан стабільны, больш аперацыя не патрэбная. Але пачынаецца доўгае аднаўленне.
І вось тут паўстала вялікая праблема: страхоўка пакрывае толькі надзвычайныя сітуацыі, а рэабілітацыю — не. Цяпер праз гэта мы проста не ведаем, што рабіць.
Найбліжэйшае пасольства месціцца ў В'етнаме, мы збіраемся звязвацца з ім у панядзелак. У Бангкоку ёсць беларускае консульства, але яно таксама будзе адкрытае толькі з панядзелка».
У МЗС Беларусі пацвердзілі, што адна з грамадзянак Беларусі пасля ДТЗ у Тайландзе ўсё яшчэ ў бальніцы ў цяжкім стане.
«Афіцыйнай інфармацыі ад тайскіх уладаў, гэтак жа сама як і зваротаў ад грамадзян Рэспублікі Беларусь наконт гэтага здарэння да цяперашняга часу не паступала. Паводле наяўных звестак, большасць пацярпелых грамадзян Беларусі атрымалі лёгкія траўмы і былі выпісаныя з медыцынскай установы пасля надання неабходнай дапамогі. Адзін грамадзянін на лячэнні ў бальніцы правінцыі Канчанабуры, яго стан ацэньваецца як цяжкі», — цытуе БелТА прадстаўнікоў МЗС.
Паведамляецца, што пасольствам падтрымліваецца кантакт з медыцынскай установай і мясцовымі праваахоўнымі органамі. Дыпламаты працягваюць маніторынг сітуацыі і гатовыя пры неабходнасці надаць грамадзянам Беларусі неабходную консульска-прававую дапамогу.
Цяпер чытаюць
Сумленне, каханне, колы пекла і галівудскі фінал. У сям’і будаўніка і бібліятэкаркі з Пружанскага раёна Ігара і Юліі Лаптановічаў арыштавалі спачатку яго, пасля — яе, а пасля і бабулю
Каментары