ЗША не будуць блакаваць пастаўкі расійскай нафты і газу ў Венгрыю, заявіў Орбан пасля сустрэчы з Трампам
Венгерскі прэм'ер-міністр заявіў пасля сустрэчы з Дональдам Трампам у Белым доме, што прэзідэнт ЗША пагадзіўся не ўводзіць санкцыі супраць паставак расійскай нафты і газу ў Венгрыю. Сам Трамп пра гэта пакуль не казаў, піша Бі-бі-сі.

У пятніцу Трамп правёў перамовы з Орбанам, сваім галоўным палітычным саюзнікам у Еўропе. Перад абедам з прэм'ер-міністрам Венгрыі ён паведаміў, што яго адміністрацыя вывучае пытанне аб куплі Будапештам расійскай нафты і патэнцыйных другасных санкцыях за гэта.
«Мы глядзім на гэтае пытанне, бо яму [Орбану] вельмі складана атрымліваць нафту і газ з іншых месцаў. Як вы ведаеце, у іх няма гэтай перавагі ў выглядзе наяўнасці мора», — сказаў Трамп, адказваючы на пытанне журналіста.
Орбан дадаў, што ён мае намер растлумачыць Трампу магчымыя наступствы адмовы ад расійскай нафты для Венгрыі — гэтыя наступствы, як ён сцвярджае, будуць «разбуральнымі».
На прэс-канферэнцыі для венгерскіх СМІ пасля перамоў Орбан заявіў, што яму ўдалося пераканаць Трампа не перашкаджаць пастаўкам расійскіх энерганосьбітаў у Венгрыю.
«Мы атрымалі поўныя выключэнні з санкцый для нафтаправодаў «Дружба» і «Турэцкі паток»», — цытуе Орбана выданне Telex. «Мы пагадзіліся, прэзідэнт вырашыў і сказаў, што санкцыі не будуць прымяняцца да гэтых двух нафтаправодаў», — таксама адзначыў венгерскі прэм'ер.
Падчас адкрытай часткі перамоў з Орбанам Трамп не пацвярджаў, што яго адміністрацыя пагадзілася не прымяняць другасныя санкцыі супраць паставак расійскіх энерганосьбітаў.
У 2020 годзе нафтаправод «Дружба» забяспечваў 64% патрэбы Венгрыі ў нафце; па ім сыравіна пастаўляецца з Расіі праз Беларусь і Украіну. Да 2024 года гэта лічба дасягнула 80%, што складае 5 млн тон у год.
Венгрыя атрымлівае расійскі газ па газаправодзе «Турэцкі паток», які ідзе ў Турцыю праз Чорнае мора.
Орбану задалі пытанне, ці не можа Венгрыя замяніць расійскую нафту на сыравіну з альтэрнатыўнага нафтаправода (ён праходзіць ад Адрыятычнага мора праз Харватыю).
Орбан адказаў, што магутнасць гэтага нафтаправода недастатковая, каб замяніць расійскія пастаўкі, і ён мае патрэбу ў мадэрнізацыі, магчымасць якой Венгрыя зараз абмяркоўвае з Харватыяй.
Між тым, кампанія MoL, якая валодае адзіным венгерскім НПЗ, у пятніцу (за некалькі гадзін да сустрэчы Орбана і Трампа) мімаходзь заўважыла ў сваёй справаздачы, што цалкам можа замяніць расійскую нафту пастаўкамі па харвацкаму трубаправодзе.
«Калі пастаўкі сырой нафты па нафтаправодзе «Дружба» значна скароцяцца, MoL можа павялічыць выкарыстанне адрыятычнага нафтаправода і [такім чынам] атрымліваць каля 80% патрэбаў сваіх НПЗ у глыбіні кантынента, хоць гэта і будзе суправаджацца больш высокімі тэхнічнымі і лагістычнымі выдаткамі», — цытуе справаздачу кампаніі агенцтва Bloomberg.
Каментары