Грамадства1313

Пакаянне за 2020‑ы не дапамагло — канцэртаў «Драздам» не даюць. Гурт спыняе выступы, Карпанаў ідзе ў беларускамоўны стэндап

Праз праблемы з выступамі франтмэн «Драздоў» Віталь Карпанаў спрабуе сябе ў іншым кірунку творчасці — стэндапе. Пра тое, што зараз адбываецца з гуртам, ён расказаў выданню Tochka.by.

«Драздоўскае пытанне»: сысці ці застацца

Яшчэ вясной гурт узбударажыў прыхільнікаў па ўсёй краіне анонсам «пра сыход з вялікай сцэны». 

Віталь Карпанаў на любыя інфанагоды наконт «Драздоў» рэагуе са здаровай самаіроніяй. Напрыклад, нават не сумняваецца: на канцэрт у Мінску, калі ён калі-небудзь здарыцца, людзі прыйдуць. Але заяўляць пра планы сабраць «Мінск-Арэну» ці які-небудзь стадыён ён усё ж не спяшаецца.

«У гэтай справе галоўнае — не абасрацца», — смяецца ён.

І тлумачыць: для пачатку хопіць аншлагу, напрыклад, у Палацы Рэспублікі (разлічаны прыкладна на 2700 гледачоў). Але ёсць праблема: гурт «Дразды» не можа выступаць у Мінску.

«Як такой забароны быццам бы няма, але, як выдатна ведаюць нашы прыхільнікі, за апошнія некалькі гадоў мы былі амаль у кожным беларускім горадзе, але не ў сталіцы. І гэта не выпадкова», — кажа Карпанаў.

Шмат у чым менавіта негалосная забарона выступаць у Мінску падштурхнула Віталя да творчых пошукаў.

Што да гурта, пазіцыя ў Карпанава празрыстая: да канца 2025‑га «Дразды» даюць тыя канцэрты, якія абяцалі, а потым — усё.

За што «Дразды» пакрыўдзіліся на «Залаты шлягер»

Франтмэн «Драздоў» кажа, што наогул стараецца не таіць крыўду.

«Я зразумеў за гэтыя гады, што крыўда сама па сабе — зусім не стваральнае пачуццё, яно раз'ядае знутры. Па-сапраўднаму крыўдна мне было апошні раз нават не за Мінск, а за Магілёў.

Нас запрасілі на «Залаты шлягер». Усё прыгожа: сольны канцэрт, поўная зала, прэс-канферэнцыя… А потым да нас у грымёрку заходзяць арганізатары і кажуць: «Хлопцы, прабачце, у вас прэс-канферэнцыі не будзе». Можна было нават нічога не тлумачыць», — разводзіць рукамі Карпанаў.

Але ён усё ж вырашыў пацікавіцца: а што здарылася? Таму што паралельна гурт «Дразды» па загадкавай прычыне «забылі» паклікаць на агульную фатаграфію ўдзельнікаў фестывалю.

«Арганізатары растлумачылі: «Нам сказалі не падымаць шум вакол вас». Добра, праехалі. Мы адыгралі канцэрт, усе шчаслівыя, задаволеныя. Але, як гаворыцца, асадачак застаўся», — прызнаецца Віталь.

Пры гэтым не без гонару называе «Дразды» нацыянальным праектам.

«Самая вялікая ўзнагарода, якую мы атрымліваем, — гэта любоў гледачоў. Нам медалі і граматы не патрэбны. Сёння я смела кажу: беларускі народ — з гуртам «Дразды»», — дзеліцца Карпанаў патаемнымі думкамі.

Паводле яго слоў, без усялякага адміністрацыйнага рэсурсу гурт у любым беларускім горадзе збірае поўныя залы. У некаторыя райцэнтры прыязджае па некалькі разоў на год — і ўсё роўна аншлаг:

«У нас у Баранавічах тры канцэрты ў 2025-м, тая ж самая гісторыя з Бярозай, Нясвіжам… І людзі ідуць! Некаторыя падыходзяць і такія: «Добры дзень, у мяне юбілейны, 20-ы, канцэрт ваш ужо». Уяўляеце?»

Але і гэта ў тым ліку падштурхоўвае Віталя не спыняцца на дасягнутым. І эксперыментаваць.

«Трэба шукаць нейкія іншыя формы творчасці, каб зрабіць якасны крок наперад. Ні ў якім разе нельга таптацца на месцы», — кажа Карпанаў.

Менавіта таму «Дразды» і сыходзяць з вялікай сцэны, запэўнівае ён.

«Шкада, вядома, нашых партнёраў — сельскія дамы культуры. Мы сёння для іх як палачка-выручалачка, дапамагаем выконваць план. Але яшчэ больш перажываю за хлопцаў з гурта. З іншага боку, для кожнага з іх гэта крутая магчымасць паспрабаваць нешта новае», — рэзюмуе фронтмэн «Драздоў».

Карпанаў і стэндап

Сам Віталь, дарэчы, ужо прыдумаў, чым будзе займацца як мінімум у найбліжэйшыя паўгода — стэндапам. Нейкія жарты ён ужо «правярае» падчас выступаў з «Драздамі».

«Хачу на «адкрытыя мікрафоны» — шоу, дзе пачаткоўцы і вопытныя комікі правяраюць матэрыял. Нядаўна быў на такім мерапрыемстве і нечакана адчуў хваляванне. Выходжу — а ў мяне каленкі дрыжаць», — дзеліцца адчуваннямі Віталь.

Далей — больш. Раптам высветлілася, што зала ўвогуле не рэагуе на жарты коміка-пачаткоўца.

«Пачынаю маналог, людзі не смяюцца… «Ну, клас», думаю. «Наогул супер». Але хутка зразумеў: усё ад падачы залежыць. Калі я бліжэй да канца выступу расслабіўся, адразу пачуўся смех. Магчыма, дарэчы, справа была яшчэ і ў тым, што выступаю выключна на беларускай мове», — кажа Карпанаў.

Дарэчы, у Віталя ёсць вельмі цікавае назіранне, якое тычыцца роднай мовы.

«На канцэртах у глыбінцы па публіцы адразу відаць: людзі выдатна разумеюць, калі я гавару на беларускай мове. А ў вялікіх гарадах, асабліва ў Мінску… Такое адчуванне, што многія людзі, якія адносна нядаўна з'ехалі з правінцыі, не хочуць нават чуць родную мову. Вось умоўна кажучы, тое «сяло», ад якога яны збеглі, на ўзроўні мовы як быццам «даганяе» іх. Ну, гэта такое маё суб'ектыўнае назіранне», — шчыруе Карпанаў.

І прызнаецца, што менавіта ў гэтым бачыць цяпер сваю місію: несці беларускую мову шырокай аўдыторыі.

«Можаце назваць хоць аднаго стэндап-коміка, які робіць праграму цалкам на беларускай мове? Вось і я не магу! Дарэчы, карыстаючыся выпадкам: калі хтосьці хоча далучыцца да гэтага руху — звяртайцеся», — падміргвае Карпанаў.

І дадае: ужо зусім хутка з'явіцца расклад яго сольнага стэндап-тура. У планах заехаць у многія месцы, дзе ён раней пабываў з гуртам.

Што будзе з «Драздамі»

Напрыканцы Віталь Карпанаў намякае, што прыхільнікам творчасці гурта «Дразды» не варта ўпадаць у роспач: гурт не знікне назаўсёды.

«Думаю, нейкія вельмі рэдкія выступы, тыя ж карпаратывы, застануцца.

Проста нам, творчым людзям, патрэбна паўза. Мы за гэты год выканалі і перавыканалі ў некалькі разоў план, які самі сабе ставілі. Толькі высокабюджэтных кліпаў знялі сем штук!» — загінае пальцы Віталь.

Кажа, і ён сам, і хлопцы крыху стаміліся. Хай зараз на «Дразды» і ёсць попыт з боку публікі, паўза была непазбежная.

«Мне спадабалася, як у адным з нядаўніх інтэрв'ю сказаў Іван Дорн. Не трэба абясцэньваць тое, што ты ўжо зрабіў. Калі ты стварыў нешта сапраўды добрае, гэта застанецца надоўга. І нават калі мы знікнем на год, спадзяюся, людзі нас не забудуць. І прыйдуць на наступны канцэрт, калі ён здарыцца», — глядзіць у будучыню з аптымізмам франтмэн гурта «Дразды».

У канцы вясны Карпанаў ужо рабіў гучную заяву — «Дразды» спыняць выступленні. Рашэнне саліст гурта патлумачыў тым, што ім не даюць магчымасці ладзіць канцэрты ў абласных цэнтрах, у тым ліку ў беларускай сталіцы.

Паводле слоў Карпанава, яго заява не засталася незаўважанай з боку чыноўнікаў.

«У той жа дзень нам патэлефанавалі важныя людзі і сказалі: «Хлопцы, як вам нельга граць? Чаму? Хто сказаў, што вам нельга граць? Хто вам не дае гастрольку?» І нам у той жа дзень пасля выхаду інтэрв’ю далі дабро на тое, што мы цяпер будзем граць і ў абласных цэнтрах», — заявіў Карпанаў.

Аднак наконт выступленняў у Мінску гурт атрымаў адмову.

У жніўні лідар «Драздоў» вельмі дзіўна пакаяўся за 2020 год.

Каментары13

  • Ёсік
    07.12.2025
    "тое «сяло», ад якога яны збеглі, на ўзроўні мовы як быццам «даганяе» іх". Так і ёсьць, Віталь, зьелі два мінскія батоны, і ўжо не разумеюць слова вэнджаная. Капыль, Капыль? Нешта знаёмае. Боўдзіла, з Капыля твае бацькі грошы за арэнду кватэркі-студыі ў МС табе дасылаюць, а па пятніцах туды на цягніках/электрычках, "сьмярдзючых" маршрутках езьдзіце.
  • Пытаннечка
    07.12.2025
    Ці варта было губляць гонар?
  • Сярожа
    07.12.2025
    "Можаце назваць хоць аднаго стэндап-коміка, які робіць праграму цалкам на беларускай мове?"
    Міхась Ільін

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне13

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

Усе навіны →
Усе навіны

Бетанаваць грошы — нацыянальная ідэя беларусаў? Параўналі тэмпы будаўніцтва ў Беларусі, Польшчы, Літве і Латвіі34

У Літве прапанавалі кампенсаваць захраслыя ў Беларусі грузавікі беларускай маёмасцю40

Электробусы пачнуць хадзіць у наступным годзе прыгараднымі маршрутамі1

У Расіі паказваюць шоу пра п'яных зорак — глядзяць і беларусы8

Міністр унутраных спраў Беніна заявіў, што арміі ўдалося прадухіліць спробу вайсковага перавароту

Трамп заявіў, што Расія пагадзілася на ягоны мірны план, а Зяленскі нават не чытаў яго41

Тайланд нанёс авіяўдары па камбаджыйскіх ваенных цэлях на спрэчнай мяжы дзвюх краін2

Выйшла шчырая кніга пра эміграцыю вачыма 25‑гадовай супрацоўніцы ЭПАМа11

Навукоўцы атрымалі першае сведчанне хімічнай рэакцыі, якая магла запусціць працэс стварэння жыцця на зямлі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне13

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць