Грамадства11

«За мой кошт каталі незразумела каго». Беларуска заўважыла, што з яе польскай карты спісваюцца грошы за чужыя паездкі ў таксі па Тбілісі

Мінус 12 злотых за паездку ў таксі па Тбілісі. Убачыўшы такое апавяшчэнне ў мабільнай праграме польскага банка, Марына (імя зменена) падумала, што адбылася памылка. Сама яна жыве ў Беластоку і ў Грузіі вельмі даўно не была. Але неўзабаве аказалася, што яна аплаціла яшчэ адну паездку. Не на жарт спалохаўшыся, беларуска стала змагацца з невядомымі пасажырамі. Яна расказала выданню Most, як ёй удалося вырашыць праблему.

Фота: wander-lush.org

Спалохалася, што ашуканцы звядуць 8 тысяч злотых

Калісьці Марына сапраўды жыла ў Грузіі. Яна выехала туды з Беларусі ў 2023 годзе і правяла ў гэтай краіне тры месяцы. А пасля атрымала польскую візу і перабралася ў Польшчу.

У Грузіі ў яе быў рахунак сэрвісу таксі Bolt, прывязаны да грузінскага нумара тэлефона. Пасля яна памяняла нумар тэлефона на польскі.

Першае апавяшчэнне ад польскага банка PKO Марына праігнаравала. Але праз пару гадзін невядомы зноў скарыстаўся паслугамі таксі ў Тбілісі. Гэтым разам з рахунку Марыны спісалі каля 8 злотых.

«Сума невялікая, але сітуацыя мяне насцярожыла. Як людзі ў Грузіі атрымалі доступ да майго польскага акаўнта? — здзіўляецца беларуска. — Акрамя таго, на маім рахунку ляжала крыху больш за 8 тысяч злотых. Я спалохалася, што калі ў ашуканцаў ёсць доступ да маіх акаўнтаў, яны звядуць усю суму».

Кагосьці каталі Давіці і Арташа

У той жа дзень Марына зняла ўсе грошы з рахунку і звязалася са службай падтрымкі Bolt. Апісала праблему і пацікавілася, як сэрвіс мог спісаць грошы за паездкі, якія яна не здзяйсняла.

«Служба падтрымкі адказвала вельмі павольна — па адным паведамленні ў тры-чатыры гадзіны. Яны папрасілі выслаць ім выпіску з інтэрнэт-банкінгу, якая пацвердзіла б спісанне сродкаў. У якасці яшчэ аднаго доказу я прыклала ім лісты (паведамленні ад сэрвісу Bolt. — Заўв. Most), якія атрымлівала на электронную пошту. Там было відаць, што за мой кошт кіроўцы Давіці і Арташа каталі незразумела каго па Тбілісі».

Хтосьці заказаў у Грузіі таксі — і панізіў рэйтынг рэальнаму ўладальніку акаўнта

Пакуль Марына чакала адказ ад службы падтрымкі, яна расказала пра тое, што здарылася, сваім знаёмым. Аказалася, праблема не такая ўжо і рэдкая.

«У майго сябра карта літоўскага банка. Аднойчы з яе спісалі грошы, таму што хтосьці, зноў-такі ў Грузіі, заказаў Bolt — больш за тое, пасля паездкі ва ўладальніка акаўнта панізіўся рэйтынг. Сябар параіў адвязаць нумар ад сэрвісу і тым самым вырашыць праблему», — расказвае Марына.

Але ёй такі варыянт здаўся неэфектыўным. Марына не разумела, якая сувязь паміж польскім нумарам і спісаннем сродкаў з яе польскай карты.

«Напэўна, праблема альбо з самім сэрвісам Bolt, альбо з уцечкай даных маёй карты», — разважае яна.

Тады беларуска пачала шукаць у інтэрнэце інфармацыю пра падобныя выпадкі і пра тое, як уладальнікі картаў спраўляліся з праблемай.

Больш за ўсё гісторый было звязана з літоўскімі банкамі — іх кліенты скардзіліся, што сэрвісы таксі спісваюць грошы за паездкі, якіх яны не здзяйснялі. Служба падтрымкі нічым ім толкам не дапамагала, а ў паліцыі раілі заблакаваць карту.

«Нейкі грузін зноў захацеў пракаціцца па Тбілісі»

Марына спачатку не хацела блакаваць карту — усё яшчэ спадзявалася, што спісанні больш не паўторацца.

«У інтэрнэт-банкінгу PKO я паставіла ліміты на правядзенне анлайн-аперацый, а ў праграме Bolt уключыла двухэтапную верыфікацыю. Здавалася, я сябе засцерагла. Але праз два дні нейкі грузін зноў захацеў пракаціцца па Тбілісі. Праўда, у яго гэта не выйшла — спрацавалі ўстаноўленыя ліміты. Невядомы спрабаваў выклікаць таксі некалькі разоў», — кажа Марына.

Хоць гэтым разам абышлося без страт, дзяўчына спалохалася. Яна пайшла ў банк, каб разабрацца.

«Карту маглі дзесьці адсканаваць»

У PKO не змаглі высветліць, як невядомыя атрымалі доступ да яе карты. Але выказалі здагадку, што карту «маглі дзесьці адсканаваць».

У Марыны іншае меркаванне.

«Я амаль ніколі не карыстаюся фізічнай картай — плачу Apple Pay. Таму ў версію са «сканаваннем» карты веру з цяжкасцю. Грашу на тое, што падключалася да гарадскіх неабароненых сетак Wi-Fi і расплачвалася картай на маркетплэйсах. Верагодна, уцечка даных магла адбыцца праз гэта», — мяркуе дзяўчына.

У банку ёй сказалі тэрмінова блакаваць карту і выпусціць новую да таго ж рахунку. Праз пяць дзён Марыне прыйшла новая картка — пакуль падазроных спісанняў не адбывалася.

«Калі старая картка ўжо была заблакаваная, Bolt папрасіў ацаніць, на якім узроўні мне была аказаная падтрымка. Паставіла адзінку», — не хавае эмоцый Марына.

Каментары1

  • Кабетка
    11.12.2025
    Я некалькі гадоў таму была ў Грузіі, з маёй карткі некалькі разоў хацеў нехта грошы зняць, не атрымалася, мне смс прыслалі. Але банк праз некаторы час картку заблакаваў сам. Пашанцавала , што былі наяўныя грошы і я праз некалькі дзён адтуль з'ехала, а то і ня ведаю, што б рабіла. Потым прыйшлося новую картку рабіць

Цяпер чытаюць

Хто тая беларуска, якую экстрадавалі ў ЗША для суда за кантрабанду дэталяў для самалётаў4

Хто тая беларуска, якую экстрадавалі ў ЗША для суда за кантрабанду дэталяў для самалётаў

Усе навіны →
Усе навіны

Менеджара з холдынга «Амкадор» асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

У Польшчы затрыманы вядомы расійскі навуковец з Эрмітажа па запыце Украіны19

«Кроў ішла ракой»: дзяўчынцы на рэйсе Хургада — Мінск стала блага падчас палёту6

Як фаніпальскія «шпакоўні» перамаглі хэйт: мікрастудыі па 18 кв. м размялі за тыдзень7

Самалёт Нікола Пашыняна не змог сесці ў Маскве праз атаку дронаў1

Джоні Дэп экранізуе «Майстра і Маргарыту» Булгакава — рыхтуецца першы англамоўны фільм11

Абвешчаны пераможцы фотаконкурсу Comedy Wildlife Awards 20251

«Я тая самая ў футры». Маладая швачка працавала ў футры, пакуль дзяржТБ расказвала, што на фабрыцы ў Жлобіне не холадна18

ЗША прадставілі еўрапейскім краінам прапановы наконт вяртання Расіі ў сусветную эканоміку11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто тая беларуска, якую экстрадавалі ў ЗША для суда за кантрабанду дэталяў для самалётаў4

Хто тая беларуска, якую экстрадавалі ў ЗША для суда за кантрабанду дэталяў для самалётаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць