«Пакуль Auchan адкрыты, скіньце грошай». Беларуска двойчы расчаравалася ў эмігрантах, якім дапамагала, але працягвае верыць людзям
Званкі пасярод ночы, непраўдападобныя гісторыі і бясконцыя падставы, каб пазычыць грошай. Марына сутыкнулася з гэтым двойчы — абодва разы яна натыкалася на пасты суайчыннікаў-эмігрантаў пра цяжкую жыццёвую сітуацыю і згаджалася дапамагчы. Але «цяжкая сітуацыя» ў іх усё не заканчвалася, а просьбы аб дапамозе рабіліся сістэматычнымі і ўсё больш настойлівымі. Беларуска расказала выданню Most, чаму ўсё ж такі не расчаравалася ў людзях і мае намер і надалей дапамагаць тым, хто мае патрэбу.

«Не на ўсякае глупства, а на ежу і пражыванне»
Марына (тут і далей усе імёны змененыя) ужо тры гады знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы і ўвесь гэты час актыўна дапамагае беларусам, якія апынуліся ў бядзе. Сярод тых, каго яна падтрымлівае, былыя палітвязні або пенсіянеры, якім давялося пакінуць радзіму.
Летась беларуска прачытала пост былога палітвязня Івана і напісала яму словы падтрымкі. Праз некалькі дзён мужчына даслаў ёй асабістае паведамленне з просьбай аб фінансавай дапамозе.
«Ён напісаў, што цяпер у яго няма працы, але ён яе шукае. І грошы патрэбныя не на ўсякае глупства, а на ежу і пражыванне. Сказаў, што бярэ ў доўг, а як толькі атрымае заробак, то ўсё верне. Я, вядома, яму дапамагла», — успамінае Марына.
З часам такія паведамленні сталі рэгулярнымі — мужчына звяртаўся да яе амаль кожны тыдзень. Марына кажа, што грошы ён вяртаў, хоць часам з затрымкай.
«Прасіў то на прадукты, то на пабытовыя выдаткі, то папоўніць праязны. Сумы былі рознымі — ад 50 да 200 злотых».
Прасіў грошы на спатканне і на сустрэчу Новага года
Аднойчы Іван напісаў, што збіраецца на сустрэчу з дзяўчынай і папрасіў грошай на «дарогу, каву і цыгарэты».
«Ён сказаў, што да яго прыязджае знаёмая з іншай краіны, але «ён бомж». Я, вядома, здзівілася: на спатканне мужчынам я грошы яшчэ не адпраўляла», — смяецца Марына.
Часам Іван прасіў грошы, не вярнуўшы папярэдні доўг. Напрыклад, павінен быў 150 злотых, але прасіў «доўг акругліць да 200, пералічыўшы яму яшчэ 50».
«Я тады напісала яму: «Будзе сумленна спачатку вяртаць доўг, а потым зноў пазычаць». Ён пагаджаўся, але часам бываў вельмі настойлівы. Напрыклад, 31 снежня [2024 года] увечары даслаў чарговыя паведамленні з просьбай перавесці грошы на прадукты да святочнага стала. Я ў той вечар не заходзіла ў сацыяльныя сеткі і ўбачыла ўсё толькі на наступны дзень. Там было шмат паведамленняў. Адно з апошніх: «Ну дык што, дапаможаце? Пакуль яшчэ Auchan адкрыты, скіньце грошай, каб я паспеў закупіцца».
Такая камунікацыя доўжыліся каля года. У нейкі момант Марына даведалася, што ў мужчыны была залежнасць. Яна перастала адказваць — і той больш яе не турбаваў.
Знайшоў тэлефон праз BLIK
Улетку 2025 года Марына адгукнулася на просьбу аб дапамозе іншага беларуса. У сацсетках яна ўбачыла пост пра Міхаіла, які «застаўся без жылля, працы і грошай», і перавяла сродкі праз сістэму мабільных плацяжоў BLIK. Яна дазваляе атрымальніку бачыць нумар тэлефона адпраўніка.
Праз два дні нечакана Міхаіл патэлефанаваў Марыне, падзякаваў за дапамогу і папрасіў перавесці яшчэ 25 злотых.
«Я ўжо не памятаю, на што менавіта. Сума была невялікая, і я перавяла», — кажа Марына.
Але званкі працягнуліся. Кожны раз мужчына расказваў новую гісторыю, чаму яму тэрмінова патрэбныя грошы.
«Аднойчы сказаў, што знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў у Германіі, куды паехаў прасіць міжнародную абарону. Казаў, што там яму выдалі толькі прэзерватывы, а грошы патрэбныя хаця б на туалетную паперу. Потым расказваў, што ў сябра праблемы са здароўем, ён у бальніцы і яго трэба адведаць…»
Размовы звычайна былі кароткімі: як толькі Міхаіл чуў, што дапамагчы цяпер Марына не можа, ён адразу кідаў слухаўку. Некалькі разоў беларуска блакавала яго нумар — але ён тэлефанаваў з іншых.
«Аднойчы ён сказаў, што гэта апошні раз, што ўжо вырашыў пытанні з працай і больш не будзе прасіць дапамогі. Я паверыла і перавяла. А праз пару дзён ён зноў патэлефанаваў. Я спыталася: «Вам не сорамна? Вы ж абяцалі больш не звяртацца». Ён коратка адказаў: «Сорамна».
Асабліва нервавала жанчыну, што Міхаіл мог патэлефанаваць пасярод ночы і звяртаўся на «ты», быццам яны прыяцелі.
Пазней Марына ўбачыла пад тым самым пастом аб дапамозе, на які калісьці адгукнулася, каментары іншых беларусаў — аказалася, што мужчына тэлефанаваў многім, хто калісьці дапамог яму. У кагосьці прасіў у доўг нават па 1‑2 тысячы злотых (каля 500 даляраў). Але ў яе звычайна няшмат — па 25‑40 злотых.
«Я працягну дапамагаць, але асцярожней»
Марына гаворыць, што гэтыя гісторыі навучылі яе асцярожнасці, але не прымусілі расчаравацца ў людзях. Яна ўпэўненая: па-ранейшаму ёсць шмат беларусаў, якім дапамога сапраўды неабходная. І працягвае аказваць яе.
«Я буду дапамагаць, але акуратней — праз правераныя платформы і ананімна. Крыўдна, што з-за такіх гісторый некаторыя могуць расчаравацца і зусім перастаць дапамагаць».
Цяпер чытаюць
Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»
Каментары
і нагадвае пра шкадаванне да сябе ў дні, калі нехта памірае/выпускаюць палітвязняў. маўляў, я такі ж самы. не дзіўна, што яго і ў беларускія медыя не бяруць. але чувак проста зручна ўладкаваўся. дарэчы, у свой час ён скардзіўся, што "надта павольна ідзе збор". ганебішча і толькі.
да чаго гэта я. людзі, будзьце ўважлівыя! не ўсе, каго пагналі, гэта добрыя людзі. і не ўсе, хто завецца журналістам, варты даверу. глядзіце на чалавечыя ўчынкі і ўвесь бэкраўнд... а то граць на віктымным вобразе часам вельмі выгодна. а эмпатаў таксама шмат, якія проста давяраюць на слова.