У сталіцы Украіны, многія раёны якой праз расійскія абстрэлы пазбаўлены электрычнасці і цяпла, пачало працу новае месца для дапамогі — пункт нязломнасці, адкрыты беларусамі.

Пункт нязломнасці — гэта абсталяванае месца, дзе кожны можа абагрэцца, падзарадзіць гаджэты, атрымаць іншую падтрымку ад валанцёраў.





Пра адкрыццё пункта паведаміла Алена Жаркевіч, прадстаўніца валанцёрскага цэнтра «Сустрэча». Яна падзякавала ўсім беларусам, якія дапамаглі рэалізаваць гэтую ініцыятыву, матэрыяльна ці асабістым удзелам. Валанцёрка адзначыла высокую ступень салідарнасці дыяспары, падкрэсліўшы, што нават падтрымка думкамі і словам мае вялікае значэнне ў цяперашніх умовах.
«Беларусы, вы крутыя. Сапраўды. Я вельмі добра разумею, што не ўсе могуць прыехаць фізічна. Але я бачу і адчуваю, колькі людзей нас падтрымала — словам, справай, фінансамі і нават проста думкамі. І гэта мае вялікае значэнне.
Сёння, усталёўваючы гэты намёт, я, як і многія іншыя валанцёры, пачула шмат цёплых слоў у бок беларусаў. Слоў падтрымкі і ўдзячнасці — за тых, хто ваюе, за тых, хто загінуў, за тых, хто сёння сядзіць і хто ўжо адсядзеў за барацьбу з рэжымам, за незалежнасць Беларусі.
Эмоцый так шмат, што апісаць гэта вельмі цяжка. Таму проста — дзякуй. І калі ў вас ёсць магчымасць і жаданне далучыцца — далучайцеся. Гэта сапраўды вялікая і важная справа.
Беларусы Вашынгтона, Канады, Польшчы, Літвы, Нямеччыны…
Я не магу пералічыць усіх, бо нас шмат. Простыя людзі, са сваімі справамі, праблемамі і цяжкасцямі — вы проста ўзялі і далучыліся. Вы неверагодныя. Дзякуй вам.
Асобнае дзякуй тым, хто зараз у Беларусі. За вашыя цёплыя словы падтрымкі. Ваш удзел — самы дарагі», — напісала яна.
Каментары