«Рана» — «Позна» — «Чакайце» — «Запісу няма». Беларусы шалеюць ад дэфіцыту артадонтаў
«Цяпер праблемы з прыкусам значна часцейшыя, чым раней: мяккая ежа, доўгае карыстанне соскай, кароткія вуздэчкі. Гэта комплексная праблема пакалення». Пры гэтым чэргі да гэтага тыпу стаматолагаў на гады, а выбару няма ні ў дарослых, ні ў дзяцей.

Артадантыя ў Беларусі сёння — гэта не пра эстэтыку ўсмешкі. Гэта пра цярпенне, нервы і здольнасць доўга чакаць. Асабліва калі гаворка ідзе пра дзяцей, для якіх «пачакаць некалькі гадоў» можа азначаць страціць час, калі праблему яшчэ можна было вырашыць прасцей.
Трапіць да артадонта як выйграць у латэрэю
Марына (імя змененае) з Гродна доўга адкладвала брэкеты, скучанасць зубоў не моцна перашкаджала ёй жыць. Але на звычайным прыёме стаматолаг сказаў рэч, якая зачапіла: ад няправільнага прыкусу пасля 40 могуць пачацца праблемы з суставамі (у тым ліку з скронева-ніжнясківічным суставам — гэта сустаў, які злучае ніжнюю сківіцу са скроневымі косткамі чэрапа, які адказвае за жаванне, глытанне і гаворку). У выніку Марына вырашыла: добра, раблю.
З гэтага моманту пачаліся хаджэнні па пакутах.
У дзяржаўных установах яе накіроўвалі ў платныя клінікі, у прыватных — запіс «на потым», а «потым» азначае паўгода і даўжэй. І нават калі ўсё ж трапляеш да артадонта — гэта яшчэ не перамога: спачатку дыягностыка, здымкі, санацыя, кансультацыі сумежных спецыялістаў (артапед, хірург). Пры гэтым няма выбару, да якога спецыяліста трапіць, тут бы хоць як трапіць. У выніку паміж рашэннем ставіць брэкеты і самой устаноўкай можа прайсці больш за год — проста таму, што ўсе этапы трэба вылавіць у графіках.
Гэтая гісторыя — не толькі пра Гродна. Па водгуках і абмеркаваннях у сацсетках відаць адна і тая ж логіка ва ўсёй Беларусі: артадонт — вузкі спецыяліст, запісаў мала, чарга вялікая, а лячэнне доўгае.
«Ліст чакання на сакавік 2026… У рэальнасці — на лета»
Паглядзелі водгукі на стаматалагічныя клінікі. Заўважна, што калі людзі пішуць негатыўныя каментары, то часцей за ўсё яны звязаныя з працай менавіта артадонтаў. Самы балючы момант — не кошт, а даступнасць: тэлефоны занятыя, адміністратары не адказваюць, запіс на месяцы наперад.
У водгуку на 103.by пра гродзенскую «АксісДэнт» чалавек піша, што яму прапанавалі «паставіць у ліст чакання на сакавік 2026 года… у рэальнасці гэта можа быць і чэрвень-жнівень». І нават паскораны агляд у складанай сітуацыі не атрымалася выбіць.
Аб праблемах са спецыялістамі адкрыта кажуць і самі ўстановы. У адказе гродзенскага «Артадэнт» на 103.by адміністрацыя наўпрост тлумачыць: «У нас бракуе спецыялістаў, каб задаволіць патрэбы насельніцтва горада Гродна і Гродзенскай вобласці» — і праз гэта запіс расцягваецца.
На старонцы гродзенскага «Дэнтарыум» на 103.by цытуецца даволі цынічны адказ лекара на просьбу пра дапамогу: «Людзі ўсё жыццё з крывымі нагамі ходзяць, і нічога».
Мінск і іншыя гарады: запіс на 2 месяцы наперад і ўсё праз ліст чакання
У Мінску сітуацыя выглядае лепш, але і тут даводзіцца пачакаць. На 103.by у водгуку пра мінскі «Цэнтр сямейнай стаматалогіі» (пра дзіцячае артадантычнае лячэнне) чалавек піша: «увесь запіс распісаны на два месяцы наперад». І нават тым, хто ўжо лечыцца, складана трапіць на карэкцыю.
Да распіяраных сталічных артадонтаў чарга наогул 9‑12 месяцаў.
Падобныя скаргі ёсць у Брэсце, Магілёве, Гомелі. Дзесьці гэта выяўляецца ў лімітах талонаў, дзесьці — у запісе «раз на месяц». Калі ў Мінску яшчэ ёсць выбар, то ў абласных цэнтрах ён часта зводзіцца да формулы «чакаць ці ехаць у сталіцу».
Для рэгіёнаў у адкрытых водгуках за апошні год часта сустракаецца падобны матыў не толькі пра артадонтаў, але і пра сумежных стаматалагічных спецыялістаў: чаканне, пераносы, «запіс згарэў».
Напрыклад, у Віцебску на 103.by чалавек піша, што чакаў прыёму артапеда пяць тыдняў, а за два дні патэлефанавалі і перанеслі — так некалькі разоў. Для пацыента з брэкетамі гэта важна, бо артадонты часта патрабуюць заключэнні ад артапеда і іншых спецыялістаў — і ланцужок развальваецца на кожным звяне.

Не дзіцячая праблема
Калі дарослы чалавек вырашае паставіць брэкеты, ён звычайна думае пра грошы і цярпенне. Калі ж гаворка ідзе пра дзяцей, на першы план выходзіць іншае — час. Па факце бацькам трэба не проста знайсці артадонта, а зразумець, хто возьме дзіця па ўзросце і па выпадку — і яшчэ ўкласціся ў чаргу.
У студзені 2026 года ў Threads з’явіўся допіс, які сабраў дзясяткі каментароў. Аўтарка з Гродна піша:
«Я паўтара года званю ў розныя месцы (адны і тыя ж), бо не запісваюць нават на кансультацыю. У Мінску сітуацыя лепшая, але ездзіць туды не было ў планах. Чаму так мала артадонтаў у Гродне?»
У адказ людзі пачалі дзяліцца ўласным досведам. І гэты досвед аказаўся надзіва падобным — незалежна ад узросту пацыента.
Так, адна з маці піша:
«Мы з дачкой запісваліся на Горкага ў дзіцячую да артадонта — той яшчэ квэст. Прыкладна год. Кожны месяц запісваліся, і правілы мяняліся кожны месяц».
Спачатку — «званіце толькі 25-га», потым — «званіце першага чысла», пасля — «запішам на наступны месяц». Калі ж нарэшце атрымалася трапіць:
«Праз тры дні тэлефануюць: артадонт звольніўся. Потым — наш артадонт пайшоў у дэкрэт, другі звольніўся».
У выніку — прыём, які доўжыўся тры хвіліны:
«За 30 хвілін можна было прыняць як мінімум 4—5 чалавек. Але не».
Становіцца відавочным: спецыялістаў мала, яны працуюць на паўстаўкі, а графікі рассыпаюцца ад кожнага звальнення.
Яшчэ адна характэрная фраза, якую бацькі часта чуюць:
«Мы дзяцей да змены ўсіх зубоў не бяром».
Разам з тым артадонты самі кажуць, што многія праблемы трэба лавіць у 5‑7 гадоў. У каментарах гэта выглядае як замкнёнае кола: «Рана» — «Позна» — «Чакайце» — «Запісу няма».
Чаму артадонтаў дэфіцыт
У тым жа трэдсе з’яўляецца каментар, які тлумачыць сітуацыю знутры:
«Каб стаць артадонтам, цяпер трэба давучвацца тры гады. Пры гэтым потым трэба абавязкова адпрацаваць у паліклініцы. Многія проста не ідуць у гэтую спецыялізацыю».
І пры гэтым — попыт велізарны. Бацькі гатовыя плаціць, ездзіць, чакаць.
Яшчэ адзін каментар дадае медыцынскі кантэкст:
«Цяпер праблемы з прыкусам значна часцейшыя, чым раней: мяккая ежа, доўгае карыстанне соскай, кароткія вуздэчкі. Гэта комплексная праблема пакалення».
Дарослыя пацыенты апісваюць іншы, але не менш знясільваючы шлях.
У каментарах пастаянна паўтараецца адзін выхад — ехаць у Мінск.
«Я перастала дурыць сабе галаву і запісалася ў Мінск».
«Я сама ў Мінск ездзіла тры гады».
«Не чакалі чаргу ў Гродне — паехалі ў «Смартмедыкал» у Мінск».
Але гэта не заўсёды выхад: не ва ўсіх ёсць час, грошы і магчымасць рэгулярна ездзіць у іншы горад — асабліва калі гаворка пра дзіця.
Колькі гэта каштуе
Нават калі з запісам пашчасціла, наступнае пытанне — кошт.
Па даных клінік і 103.by у 2025—2026 гадах:
- кансультацыя артадонта — каля 60—70 рублёў;
- дзіцячая капа — каля 500—530 рублёў;
- пласціны — ад 180—450 рублёў;
- брэкеты для дарослых — ад 1400 да 3400 рублёў (без уліку карэкцый і іншых працэдур).
І ўсё гэта на фоне таго, што лячэнне расцягваецца на гады і патрабуе пастаянных візітаў.
Чаму чарга не знікае
Чарга да артадонта не знікае не таму, што людзі раптам масава вырашылі паправіць усмешку. Рэч у самой спецыфіцы гэтай прафесіі. Артадонт — адзін з самых «доўгіх» спецыялістаў у стаматалогіі: адзін пацыент застаецца з ім не на адзін прыём, а на гады. Брэкеты, капы, пласціны патрабуюць рэгулярных карэкцый, кантролю, назірання. Таму нават калі новых людзей у чарзе не становіцца больш, графік доктара ўжо запоўнены тымі, хто пачаў лячэнне раней і павінен прыходзіць зноў і зноў.
Да гэтага дадаецца яшчэ адзін фактар: лячэнне ў артадонта амаль ніколі не пачынаецца адразу. Гэта заўсёды ланцужок з некалькіх этапаў — санацыя поласці рота, здымкі, кансультацыі ў артапеда, часам у хірурга ці ЛОРа. Пакуль пацыент не пройдзе ўсіх гэтых спецыялістаў, артадонт не можа стартаваць. А трапіць хутка да кожнага з іх — асобная задача, асабліва ў рэгіёнах, дзе кадраў дэфіцыт.
І нарэшце, яшчэ адзін важны момант — людзей, якія выбралі артадонтыю як спецыялізацыю, у Беларусі сапраўды мала. Пасля 2020 года Беларусь перажыла хвалю выезду медыкаў за мяжу. Паралельна ўнутры краіны адбываліся звальненні і ціск на медыкаў па прыкмеце так званай нядобранадзейнасці. Гэтыя працэсы не маглі не адбіцца на сістэме: кадравая база скарацілася, а новыя спецыялісты не паспяваюць кампенсаваць страты.
У выніку дэфіцыт артадонтаў — гэта не лакальная праблема асобных клінік. Пра перагруз, недахоп спецыялістаў і немагчымасць узяць новых людзей у лячэнне адкрыта пішуць самі медыцынскія ўстановы ў адказах пацыентам. Дасведчаныя лекары сыходзяць, новыя не прыходзяць, а чарга ў выніку не рухаецца — яна проста расцягваецца ў часе.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Спроси об этом у Луя. Ему специалисты были не нужны. Теперь вот шарики запускает туда, куда они все уехали. Там наверно листовки, вернитесь обратно, я все прощу.
мне кажется, это часто надуманная проблема красоты. У моей племянницы в германии небольшая щель (наследственная от отца), многие годы носила брекеты. Алла Пугачева со щелью годами пела, никто тогда брекеты не ставилпо такой проблеме.