Гомелец да ЧС па хакеі стварыў сталовы прыбор — гібрыд клюшкі, відэльца, нажа
Жыхар Гомеля журналіст Станіслаў Галкоўскі прапанаваў укараніць у вытворчасць да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, які плануецца правесці ў Беларусі, новы сталовы прыбор — гібрыд клюшкі, нажа і відэльца.
"Мы з сябрамі ў сацыяльнай сетцы абмяркоўвалі жартам — які незвычайны і практычны сувенір можна прыдумаць да чэмпіянату свет па хакеі. Хацелася чагосьці яркага, маленькай фішкі, так і нарадзілася ў мяне ідэя чыкен-по", — паведаміў Станіслаў Галкоўскі.
Чыкен-по (сhicken paw) — у перакладзе з англійскай "курыная лапа". Галоўная ідэя стварэння чыкен-по, паводле слоў Галкоўскага, заключаецца ў наданні асаблівага каларыту сусветнаму турніру і стварэнні турыстычнага прадукту, які можа стаць адной з "фішак" Беларусі". На ручцы новага прыбора ён прапануе размясціць сімволіку чэмпіянату.
Вынаходнік упэўнены, што праект можа быць акупным: вырабіць прыбор нескладана, гэта можа зрабіць любая фірма па вытворчасці пластыкавага посуду. "Да чыкен-по можа падавацца яшчэ і лыжка ў форме клюшкі, у пары гэта выглядала б як цэлая сістэма незвычайных сталовых прыбораў, створаных да чэмпіянату свету", — дадаў Галкоўскі.
Гэты прыбор вынаходнік прапанаваў для конкурсу "100 ідэй для Беларусі", які праводзіць БРСМ.
Каментары