Меркаванні1010

Беларуская глыбіня. Віскулі

Піша Павел Севярынец

    Ісус спытаўся яго:
    як тваё імя?
    Той сказаў: «Легіён»,
    бо шмат дэманаў
    увайшло ў яго.
    Лукі 8:30

Друзлы ўсходні чалавек з чорнымі вачыма купляе ў нас на складзе ў Купліне жалеззе.

— Герой, — ціхенька піхае мяне локцем галоўны інжынер Максімавіч, — ваяваў у Прыбалтыцы, Югаславіі, Чачні…

— Што, праўда? — пытаюся.

— Ну.

— Як у французскім «Замежным легіёне»?

— Легіёне? Ну так, як у легіёне.

— І людзей забівалі?

— А як і ўсе.

— І цяпер пайшлі б?

— Канечне.

— А чаму?

— Я прысягу даваў.

— Каму, Савецкаму Саюзу? Дык Савецкага Саюза ўжо няма.

Друзлы ўсходні чалавек ускідвае на мяне чорныя-чорныя вочы і бахае ва ўпор:

— А што, лепш каб туды Амерыка ўлезла?!

Разваліўся, рассыпаўся СССР, а яго асколкамі, вінцікамі і цэлымі механізмамі, быццам запчасткамі нейкага гіганцкага кібарга-трансформера, Беларусь дагэтуль проста кішыць.

Савецкі Саюз знік роўна 20 гадоў таму. Тады назва маленькай вёсачкі Віскулі ў Пружанскім раёне, у глыбі Белавежскай Пушчы, з нясцерпным віскам успарола ўвесь свет. Тое, што не ўдалося ніводнаму магутнаму ворагу савецкай імперыі, раптам адбылося ў Беларусі.

Калі чуеш «Віскулі», увушшу — рэзкае вясковае рэха: дзень, калі б’юць кабана.
Ён крычыць, раве знадрыўна, аж душу выварочвае — і свінні па ўсёй вёсцы пачынаюць масавы суладны віск. Пералівісты, шматгорлы, дзікі, у гулкім марозным паветры асабліва жудасны. Віскулі на ўсё наваколле. Як у Евангеллі, калі Ісус выгнаў легіён бесаў з вар’ята ў гурт свіней, і тыя ашалелі, «і кінуўся гурт з урвішча ў мора, і патануў».

Днямі праз Пушчу пусцілі новую дарогу — Брэст—Гродна. Прыгажосць. Краявіды. Падземныя пераходы ў месцах міграцый жывёлаў. Турыстычныя знакі. Ціха, урачыста. І ніхто не вішчыць.

Пушча, заўсёднае, з часоў Вітаўта, логвішча загнаных беларусаў — змоўшчыкаў, канфедэратаў, паўстанцаў, партызанаў, сховішча Урублеўскага, Харэўскага, Рагулі, Урбановіча; радзіма Нямцэвіча, Карпінскага, Крашэўскага, Панятоўскага… Месца грандыёзнага забою зуброў і ласёў для Вялікай вайны перад Грунвальдам; паляўнічы рай Жыгімонта Аўгуста, Мікіты Хрушчова, Леаніда Брэжнева; зямля, зрытая на невымерную глыбіню сакрэтнымі бункерамі і ракетнымі шахтамі.

Толькі ў глыбокіх беларускіх лясах ды балотах магчыма было ўтапіць такую аграмаду зла.

Памятаю: мне чатырнаццаць, за акном бела-бела, светла-светла ад снегу, свежа-свежа, і навіна: СССР больш няма. Беларусь.

Маленькі, утульненькі паляўнічы дамок. Крыштальныя кілішкі. Светлы, свежы бел-чырвона-белы сцяжок. Упалявалі-такі звера!

    Векавечны напеў, далячыняў смуга
    У чаканні зары, што заблішча
    сляпушча…
    Як свая мне твая векая туга,
    Белавежская пушча,

    Белавежская пушча!

А такое ж хараство, асабліва ў снежні!

Ох, як сёння хочацца ім, чыё імя легіён, каб ані Белавежскай пушчы, ані таго снежаньскага дня не было ніколі! Саюзная дзяржава… Мытны саюз… Еўразійская эканамічная прастора… Еўразійскі саюз… І агукаецца: Віскулі, Віскулі, Віскулі!

Зноў імперыя? Ласкава запрашаем у Белавежскую пушчу.

З часоў Вавілонскай вежы чалавецтва будуе каласальныя імперыі, а Госпад іх разбурае. Светла, ціха і лёгка. СССР, найвялікшая ў гісторыі бязбожная імперыя, была разбураная ў Беларусі гэтак жа, як і калісьці Егіпецкая, Асірыйская ці Рымская: надыходзіць час, і з подыхам духу спаруды людской пыхі рассыпаюцца ў прах.

Чалавечая веліч вечна пнецца адгарадзіцца ад свабоды, любові і праўды бетоннымі сценамі, бункерамі, грудамі зброі і горамі трупаў. Але на зямлі ёсць месца, дзе ў туманнай смузе, цудам, быццам прывіды, знікаюць цені і сцены, змрок і страх, лютасць і самае зло — і, як тады, у Гадарынскай краіне на беразе Галілейскага мора, людзі раптам спыняюцца перад пранізлівым адчуваннем: тут Бог.

Глядзі яшчэ:

Беларуская глыбіня. Віскулі

Беларуская глыбіня. Шэсцьсот тамоў Крашэўскага

Беларуская глыбіня. Карані ў крыві

Беларуская глыбіня. Пад сэрцам Еўропы

Беларуская глыбіня. Удых.

Беларуская глыбіня. Сем сыноў Ёва

Беларуская глыбіня. Частка І

Беларуская глыбіня. Каменда

Беларуская глыбіня. Ластаўкі ў стрэсе

Беларуская глыбіня. Пераўтварэнне Госпада

Каментары10

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»12

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Усе навіны →
Усе навіны

«Разабралі будаўнічыя агароджы за ноч»: мінчане 20 гадоў змагаюцца за міні-парк супраць АЗС2

Першае выданне «Хобіта» прадалі за рэкордныя грошы

75-гадовы дзядуля ў Мядзельскім раёне адправіўся на ровары ў 30-кіламетровы паход і прапаў5

Стартап беларусаў, які працуе на Галівуд, трапіў на экраны Таймс-сквер1

Міколу Статкевічу сёння споўнілася 69 гадоў1

Мілінкевіч: Калі паглядзець на вопыт іншых краін, найбольшы поспех быў там, дзе ўдалося спрагназаваць і рэалізаваць дыялог27

Крышціяну Раналду зрабіў прапанову Джарджыне Радрыгес3

Трамп накіраваў Нацыянальную гвардыю ў Вашынгтон і запатрабаваў ад бяздомных пакінуць горад3

Пачырванелае сонца і электрычныя калёсы — чым яшчэ пужала людзей прырода на Беларусі чатырыста гадоў таму?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»12

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць