Культура33

Памёр аўтар сымулякраў

На 77‑м годзе жыцьця пасьля працяглай хваробы адышоў філёзаф Жан Бадрыяр. Для грамадзтва існуе толькі тое, пра што гавораць, — ён гэта давёў.

На 77‑м годзе жыцьця пасьля працяглай хваробы адышоў філёзаф Жан Бадрыяр.

У першай частцы «Матрыцы» хакер Нэа адкрывае кніжку Бадрыяра «Сымулякры ды сымуляцыя», што сама выяўляецца падробкай — сховішчам для кампутарнага дыску. Здаецца, у гэтым эпізодзе месьціцца болей жаданьня рэжысэраў выказаць падзяку францускаму філёзафу, чым жаданьня зграбна прыадкрыць карты. У выніку ўплыў Жана Бадрыяра на сусьветны інтэлектуальны клімат выявіўся настолькі вялікім, што зьяўленьне блакбастэра, які збольшага абавязаны сваім існаваньнем ягоным кнігам, — усяго толькі яшчэ адзін парадокс сучаснасьці, адзін сярод многіх іншых, прэпараваных у ягоных працах.

Іншым парадоксам можна лічыць тое, што ён не ўважаў сябе за філёзафа, адносячы сваю дзейнасьць хутчэй да вобласьці літаратуры, журналістыкі, публіцыстыкі.

Да паэзіі, можам дадаць. Раздражнаючы крытыкаў сваёй невыразнасьцю, легкадумным выкарыстаньне тэрмінаў фундамэнтальных навук, Бадрыяр шукаў мову, якая зацягвала б чытача ў працэс філязафаваньня, выводзіла б з раўнавагі, падштурхоўвала б да высноваў ня так рацыянальнага, як эмацыйнага ды інтуіцыйнага кшталту: «Пустэльня — гэта натуральнае пашырэньне нутраной цішы цела. Калі мова, тэхніка, збудаваньні чалавека ёсьць распаўсюдам ягоных канструкцыйных здольнасьцяў, дык толькі пустэльня ёсьць распаўсюдам ягонай здольнасьці да адсутнасьці, ідэальны вобраз ягонай зьніклай формы».

Нарадзіўшыся ў 1929 г., да падзеяў 1968‑га ён падышоў ужо сталым чалавекам і навукоўцам — вывучаў і выкладаў нямецкую мову, абараніў доктарскую дысэртацыю, якая потым ператварылася ў кнігу «Сыстэма рэчаў», пазьней займаўся сацыялёгіяй, выкладаў у Парыскім унівэрсытэце. Ва ўсялякім разе для барыкадаў ён быў занадта іранічны аддалены, хоць ягоныя ідэі пра татальную сымуляцыю рэальнасьці, пра мэдыйныя спэктаклі, у якія ператварылася сучасная палітыка, знайшлі б водгук сярод студэнтаў, што пісалі на сьценах «Ежце багатых». Зрэшты, наступная ягоная праца «Грамадзтва спажываньня», што выйшла ў 1970 г., мела яскравы адбітак тых падзеяў.

Шырокую міжнародную вядомасьць сярод людзей, далёкіх ад інтэлектуальных штудый, Бадрыяр набыў пасьля апэрацыі «Бура ў пустэльні» дзякуючы свайму парадаксальнаму камэнтару «Вайны ў Затоцы не было».

Уражаны грандыёзнай мэдыякампаніяй, відэакамэрамі, усталяванымі на баявых ракетах, бясконцай плыньню навінаў CNN, Бадрыяр прыйшоў да высновы, што значэньне ў сучаснай вайне маюць не праўдзівыя перамогі, але іхнае асьвятленьне ў мэдыях, бо для грамадзтва існуе толькі тое, пра што гавораць. Тэза падалася надуманай і выклікала масу крытыкі, стаўшы яшчэ адным доказам пагарды францускай філязофскай школы да «аб’ектыўнай рэальнасьці». Аб’ектыўнасьць сапраўды выклікала сумнеў — перадусім у самога Бадрыяра, для якога заўсёды два плюс два было чатыры плюс той, хто лічыць. Ня менш клопату ўчынілі ягоныя камэнтары ды 11 верасьня ды вайне з тэрарызмам.

77 гадоў — дастатковы сёньня тэрмін, каб Бадрыяр пасьпеў стаць жывым клясыкам. Зь ягонай сьмерцю Францыя панесла незаменную страту — філязофія для французаў нацыянальны набытак, яе вывучаюць у сярэдніх школах. Як бы там ні было, слова «сымулякр» ведаюць усе. Чытачом жа застаецца — залежна ад перавагаў — асалода ці раздражненьне ад ягоных кніг. А таксама сумная нагода паразважаць над словамі Бадрыяра, які пісаў пра тое, што «сьмерць, бадай, адзінае, што ня мае спажывецкай каштоўнасьці».

Каментары3

Цяпер чытаюць

У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»7

У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»

Усе навіны →
Усе навіны

На мяжы Грэцыі і Албаніі знайшлі самае вялікае ў свеце павуцінне

Саудаўская Аравія знізіла цэны на нафту для Індыі і Кітая, каб замяніць пастаўкі з Расіі12

Гран-пры фестывалю «Лістапад» аддалі расійскаму фільму, а прыз Лукашэнкі — кітайскаму1

Блогераў, якія прагулялі мільён дабрачынных грошай, адпусцілі дахаты23

Пад Мінскам хочуць стварыць музей крыжоў пад адкрытым небам. Знайшлося месца і для вусатай бабы6

Дажыліся: пагалоўе свіней у Пскоўскай вобласці ў 6 разоў большае, чым у Віцебскай15

Былую настаўніцу з Магілёва, якая перайшла ў SMM, асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»2

Зяленскі: У Пакроўску 314 расійскіх вайскоўцаў. Украінскія СМІ: Гэта шмат, Пакроўск сыплецца1

Лукашэнка даў указанні адносна дзеянняў на мяжы з Літвой. Якія — пакуль няясна7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»7

У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць