Міця Тарпішчаў: «На БТ пайду пасля змены галоўнага ньюсмэйкера»
Свецкі рэпарцёр 34mag.net — пра Міхалка, «МіцяТВ» ды перхаць на пінжаках беларускіх «зорак».
«Свецкі» рэпарцёр анлайн-часопіса 34mag.net Міця Тарпішчаў распачаў новае шоу — "МіцяТВ". У першым выпуску ён завітаў у грымёрку да Міхалка.
У ранейшых сваіх праектах неперадавальны правакатар Міця задаваў нязручныя пытанні беларускім «зоркам» ды скандаліў ў кадры. Новы праект выйшаў больш сур’ёзны.
НН: Чаму вырашыў змяніць фармат шоу?
МТ: Нават самы лепшы жарт можна паўтарыць два, ну, тры разы. Потым ужо не смешна.
Зоркі, не задзейнічаныя ў праграмах, практычна скончыліся. Падыходзіць да тых самых персанажаў па пяць разоў нецікава. Ды і Міця рабіўся ўсё больш вядомым, і эфект нечаканасці не спрацоўваў.Таму вырашылі зламаць старую парадыгму.
Падумалі, што нам самім было б цікава рабіць. Вырашылі папрацаваць з жанрам «рэпартаж». Пакінуць аўру і энергетыку старога Міці, дадаць да яе інфарматыўнасці, інсайду.
Сюжэт з канцэрта Ляпісаў лічыцца пераходным этапам. Там яшчэ шмат «старога» Тарпішчава. Але ці ведаеце вы, што Міхалок зараз у прынцыпе не дае інтэрв’ю? Аднак нам удалося з ім пагутарыць.
«Тарпішчаў Crew» - рэпартаж з канцэрта Міхалка ў Маскве.
НН: Як ты пачуваў сябе побач з Міхалком?
МТ: Побач з ім адчуваў сябе абаронена.
Міхалок — унікальны чалавек. Яму не трэба задаваць пытанні. Усё патрэбнае ён кажа сам. Важна яму не перашкаджаць.
НН: Ты кажаш, беларускія зоркі скончыліся. А «скарыць Маскву» не думаў? Там іх хоць гаць гаці…
МТ: Хіба калі паклічуць на канал «Настальгія».
Скараць Маскву — гэта нешта з 90-х. У сучасных рэаліях трэба скараць Паўднёвую Амерыку,развіваць сельскую гаспадарку ў Афрыцы, змагацца супраць расізму ў паўночных штатах Амерыкі. Межаў не існуе, гэта падманка для лянівых.
НН: Якія яны, беларускія зоркі, зблізку?Нічога незвычайнага.МТ: Ды нармальныя хлопцы і дзяўчаты! Ад кагосьці пахне добрай парфумай, у кагосьці перхаць на пінжаку.
НН: Як ты ацэньваеш папярэднія шоу? Якое з іх тваё любімае?
МТ: Нам было весела, гэта факт. Заадно ўдалося павесяліць яшчэ пэўную колькасць людзей. Нядрэнна пагарэзнічалі на «Славянскім базары».
Даходзілі чуткі, што пасля гэтага дырэктар фестывалю разагнаў прэс-службу, якая нас акрэдытавала.
Важна, што перад намі не было ніякіх забавязанняў і кантрактаў. Нам не трэба «гнаць хвалю», здымаць па выпуску ў тыдзень. У нас ёсць неапісальнае шчасце працаваць у сваё задавальненне. Чым мы і плануем займацца.
Шоу «Развітанне славянкі»
НН: Як удаецца прарвацца да зоркі? Ці проста было трапіць на Дзень народзінаў да Ніны Багданавай?
МТ: У гэтым няма ніякіх праблем. Складаней — не падысці да зоркі. Мы адмовіліся ад вялізнай колькасці запрашэнняў на «паці», бо калі нас людзі самі кудысьці клічуць, у гэтым адчуваецца падвох.
«Дэбют ва ўсе шчыліны» — першае шоу Міці Тарпішчава
НН: У шоу ты выпіваеш у кадры, абдымаешся з дзяўчатамі. Як да гэтага ставіцца твая дзяўчына?
МТ: Мая дзяўчына не гаворыць і не разумее па-расейску. Гэта здымае шмат праблем [жартуе - НН].
НН: Неяк ты пісаў у сацсетцы, што была прапанова працаваць на адным з дзяржканалаў. За якія грошы пайшоў бы на БТ?
МТ: Прапановы былі не толькі ад БТ, але і ад іншых каналаў. Размова ні разу не даходзіла да грошай. Міця адмаўляўся ад гэтага хвалюючага моманту ў перамовах.
Міця з задавальненнем будзе працаваць на БТ. Але толькі пасля таго, як на гэтым канале зменіцца, скажам так, галоўны ньюсмэйкер.
НН: Міця, а калі ты ўжо сам станеш зоркай? Заспяваеш, там, ці пачнеш весці «Зоркі на лёдзе»?
МТ: Калі я стану зоркай, я завяду прэс-службу, якая будзе рассылаць прэс-рэлізы в фармаце 3D. Бо прэс-рэлізы — гэта сучасная міфалогія. Іх павінна быць як мага больш!
НН: Што параіш беларускім дзяўчаткам, якія мараць прабіцца на сцэну? Што трэба зрабіць, каб «на заўтра прачнуцца знакамітым»?
МТ: Вучыць англійскую мову, займацца спортам, піць маркоўны фрэш і не сядзець «Вконтакте» па вечарах. Не чакалі ад мяне такога, так?
У Беларусі ўсё лёгка, у тым ліку прачнуцца знакамітым. Самае складанае пачынаецца пасля таго, як прачнуўся.Вельмі хутка хочацца зноў заснуць.
Цяпер чытаюць
«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі
«Незалежнасць не падае з неба і не даецца назаўсёды. Яе трэба абараняць». Ціханоўская выступіла з заявай да 35-годдзя прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце

Каментары